Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БДГ": Беларускія казакі хочуць працаваць у КГБ


Юлія Шарова, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 18 кастрычніка.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура заяўляе: “У мяне здароўе – я быка паваліць змагу!”. Аднак у адной магілёўскай газэце зьявілася інфармацыя, што у губэрнатара нібыта праблемы са здароўем. “Народная Воля” зьвярнулася да высокага чыноўніка, каб ён пракамэнтаваў сытуацыю.

Таксама “Народная Воля” згадвае пра рэфэрэндум, які адбыўся год таму, 17 кастрычніка. У матэрыяле з рубрыкі “Дата” газэта піша пра тое, як быў абвешчаны рэфэрэндум, які дазволіў Лукашэнку быць прэзыдэнтам неабмежаваную колькасьць тэрмінаў. Сваё меркаваньне пра законнасьць абвяшчэньня рэфэрэндуму выказвае заслужаны юрыст Беларусі Мячаслаў Грыб.

Пра рэфэрэндум піша й сёньняшняя "БДГ". Праўда, гаворка ідзе пра плебісцыт наконт прыняцьця канстытуцыйнага акту гэтак званай саюзнай дзяржавы. На мінулым тыдні сьпікер расейскай Думы Барыс Грызлоў заявіў, што падрыхтоўка гэтага дакумэнту ідзе да завяршэньня.

Беларускіх казакоў бяруць у міліцыю пазаштатнымі супрацоўнікамі – пра гэта таксама можна прачытаць у сёньняшняй "БДГ". Некалькі сотняў казакоў ахоўваюць вуліцы буйных гарадоў. Адзіная зброя, якую яны бяруць на дзяжурствы – нагайка. Байцы гэтага спэцатраду маюць права затрымліваць на вуліцы парушальнікаў грамадзкага парадку. У пэрспэктыве казакі хочуць стварыць сваё падразьдзяленьне на базе КГБ.

“Камсамолка” ў сваім сьвежым нумары распавядае пра тыя адукацыйныя магчымасьць, якія дае беларускай моладзі Ірляндыя. Навучаньне на “зялёнай высьпе” каштуе дорага, але там плацяць стыпэндыю й дазваляюць працаваць. Праўда, каб патрапіць у ірляндзкія ВНУ, трэба выдатна ведаць ангельскую й мець вельмі добры атэстат, а часам патрабуецца скончыць хаця б адзін курс беларускага ўнівэрсытэту. Іначай не паступіш, напрыклад, у дублінскі Трыніці коледж.

“Витебский курьер” піша пра тое, як у Наваполацку шукаюць скрадзеныя мабільнікі, дзякуючы новаму інтэрнэт-рэсурсу “Два гарады”. Калі ў вас, крый божа, скрадуць тэлефон, то варта адразу зайсьці на адпаведны сайт і пакінуць там апісаньне апарата: вонкавы выгляд, сэрыйны нумар і нават магчымыя тэхнічныя непаладкі. Пры гэтым трэба яшчэ напісаць заяву ў міліцыю й чакаць. Паводле лёгікі, празь некаторы час скрадзены тэлефон захочуць прадаць, а пакупнік проста зазірне на “Два гарады” і праверыць, ці няма гэтага апарату ў чорным сьпісе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG