Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія “поп-зоркі” сьпяваюць па-расейску?


Тацяна Нармунд, Менск Пераможца тэлевізійнага конкурсу “Народны артыст-2” Руслан Аляхно лічыць сябе нацыянальным героем Беларусі, пра што шчыра і распавёў нядаўна ў інтэрвію расейскай газэце “МК-Воскресенье”. Пры гэтым зазначыў: у краіне “размаўляюць па-беларуску толькі бабулі й дзядулі ў вёсках, а ў горадзе — дык наагул ніхто”. Менавіта таму ягоны дэбютны альбом цалкам расейскамоўны. Чаму беларускія эстрадныя артысты сьпяваюць пераважна па-расейску?

На музычных радыёхвалях, якія актыўна фармуюць ня толькі мастацкія густы шарагоўцаў, але і рэйтынгі сьпевакоў, беларускамоўная песьня гучыць рэдка. Нягледзячы на тое, што паводле загаду Міністэрства інфармацыі нацыянальнай музыцы павінна аддавацца 75% FM-эфіру. На справе згаданыя працэнты складаюць расейскамоўныя песьні музыкаў беларускага паходжаньня.

Сытуацыю аналізуе музычны аглядальнік “Белорусской газеты” Тацяна Заміроўская:

(Заміроўская: ) “У нас у краіне дзьве мовы: расейская і беларуская. І ёсьць носьбіты расейскай мовы і носьбіты беларускай — так бы мовіць, дзьве праслойкі. І, можа, проста эстраднымі зоркамі часьцей за ўсё становяцца людзі, якія выхоўваліся ў расейскамоўным асяродзьдзі. Бо калі чалавек выхоўваецца ў беларускамоўным асяродзьдзі, ён папсу слухаць ня будзе і сьпяваць яе таксама ня будзе, мне так здаецца”.

Аднак тым, хто прэтэндуе на перамогу ў музычным спаборніцтве дзяржаўнай важнасьці — Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песьні, што ладзіцца падчас фэсту “Славянскі базар”, усё ж даводзіцца сьпяваць па-беларуску. Паводле правілаў, адну зь дзьвюх песень трэба выконваць на мове сваёй краіны.На пытаньне, чаму беларускія поп-выканаўцы ігнаруюць родную мову па-за межамі афіцыйных мерапрыемстваў, адказвае сёлетняя пераможца конкурсу Паліна Смолава:

(Смолава: ) “Самая галоўная праблема і прычына таго, што нашыя артысты мала працуюць зь беларускай мовай — гэта праблема нас саміх: мы ж не размаўляем на беларускай мове. Гэта сьмешна, таму што мы не ўспрымаем беларускую мову, мы не размаўляем на ёй. Я б з задавальненьнем сьпявала песьні, сучасныя, добрыя, стыльныя, цікавыя на беларускай мове. Чаму б і не? Але на жаль... Яе не ўспрымаюць, яна будзе незапатрабаваная, яна будзе непатрэбная”.

Даволі пасьпяховая сьпявачка Ўлада таксама перакананая: рухавік эстраднага прагрэсу з нацыянальным адценьнем — гэта найперш гатоўнасьць слухачоў успрымаць родную мову.

(Улада: ) “Я лічу, ледзь толькі нашыя слухачы пачнуць добра ўспрымаць і ставіцца да песень на беларускай мове, адразу ж нашыя артысты пачнуць выконваць і песьні. Таму што заўсёды хочацца сьпяваць музыку, якая будзе запатрабавана менавіта слухачамі. Таму выбар — за слухачамі”.

Безумоўна, галоўная мэта любога вытворчага ды творчага працэсу — задавальняць пажаданьні спажыўцоў. На думку беларускай зоркі Ірыны Дарафеевай, магчымая праблема тут — недакладнае веданьне сваёй аўдыторыі.

(Дарафеева: ) “Мне здаецца, што проста шмат якія артысты не заўважаюць, што большая частка нашага насельніцтва — гэта людзі, якія любяць сваю культуру, любяць свае традыцыі, якія сапраўды жадаюць чуць беларускую песьню”.

Цікава, што кажуць самі беларускія слухачы?

(Юнак: ) “Сучасная поп-эстрада, яна не адказвае беларускай прыгожай мове”.

(Юнак: ) “Беларускія песьні проста слухаў б з-за патрыятызму і любові да Беларусі, да беларускага народу, да беларускіх песень”.

(Юнак: ) “Я ніколі не зьвяртаю ўвагу на тэкст, я больш зьвяртаю ўвагу на музыку”.

(Юнак: ) “Я б зь вялікім задавальненьнем слухаў песьні на роднай беларускай мове”.

(Юнак: ) “Беларуская мова, асабліва песьні — яна крыху ўстарэлая. Усе сучасныя словы, якія ў ёй выкарыстоўваюцца, яны запазычаныя”.

Пакуль па-за сцэнічным жыцьцём беларускія выканаўцы, а таксама іхныя слухачы размаўляюць па-расейску, пытаньне: “Каму больш замінае роднае слова — тым, хто сьпявае, ці тым, хто слухае?” застаецца рытарычным. Паліна Смолава лічыць, што і першыя, і другія па-ранейшаму знаходзяцца ў коле стэрэатыпных кантэкстаў, зьвязаных зь беларускай мовай. Адзін зь іх — фінансавы — прынцыпова важны ў шоў-бізнэсе.

(Смолава: ) “Бачыце, нават палова радыё ня ставіць на беларускай мове песьні. Мы проста не гатовыя працаваць, укладаць грошы ў песьні, якія потым будуць непатрэбныя. Вядома ж, для мяне вельмі істотна атрымліваць здавальненьне ад гэтых песень, але акрамя таго, я павінна яшчэ і атрымліваць нейкае матэрыяльнае зацікаўленьне”.

Атрымліваць ня толькі творчае задавальненьне, але і матэрыяльнае ад сваёй працы — гэта натуральна. Беларускія поп-зоркі намагаюцца прабіцца ў “вышэйшую лігу” шоў-бізнэсу суседніх краінаў. Але і тут іх чакаюць шматлікія нюансы, зьвязаныя з “нацыянальным пытаньнем”. Свае меркаваньні выказвае музычны крытык Зьміцер Падбярэскі:

(Падбярэскі: ) “Яны спрабуюць арыентавацца перш за ўсё на расейскі рынак. Але з такой прадукцыяй — я б яе назваў сэканд-хэнд музычны — ім там рабіць практычна няма чаго. Ну, будуць казаць: так, гэты чалавек зь Беларусі. Але ўсё ж трэба браць пад увагу, каб гэта была нацыянальная музыка, перш за ўсё. У нас, дарэчы, ня так і шмат кампазытараў, якія валодаюць той мовай музыкі, якая дазваляе адрозьніваць іх ад таго, што робіцца”.

Зразумела, каб захаваць нацыянальную адметнасьць і адначасова быць сучасным ды цікавым, патрэбна прыкласьці нямала намаганьняў. Таму для многіх артыстаў значна прасьцей абвясьціць: прыступкі да вяршыняў расейскага шоў-бізнэсу ня здольныя ўтрымаць цяжару беларускай мовы. Ці сапраўды гэта так? Згадаем, да прыкладу беларускамоўную песьню “Я не танцую” ў выкананьні Ўлады, якая трапіла ў адну з расейскіх складанак.

(Улада: ) “Вядома, ня так усё проста. Паступіла прапанова гэтую песьню перасьпяваць на расейскай мове, але я адмовілася. І ўсё ж такі вырашылі, што песьня не пашкодзіць, а хутчэй, упрыгожыць іхны зборнік. Гэты зборнік для мяне самы дарагі, па-першае, там на вокладцы мой фатаздымак, а па-другое, пачынаецца ён зь песьні на беларускай мове”.

Атрымліваецца, тэза пра незапатрабаванасьць беларускамоўнай музычнай прадукцыі на расейскім рынку — даволі спрэчная? Поп-выканаўцы ды іхныя мэнэджары нярэдка становяцца закладнікамі спрошчаных ці скажоных уяўленьняў пра ўжываньне беларускай мовы, лічыць Тацяна Заміроўская. Зьміцер Падбярэскі на гэта кажа:

(Падбярэскі: ) “Я не хацеў бы зьвязваць, скажам, мову выкананьня сучасных эстрадных песень зь нейкімі палітычнымі чыньнікамі кшталту там апазыцыйнасьці і г.д. Я думаю, што гэта перш за ўсё выдумляюць самі выканаўцы — такая “адмазка” ў іх ёсьць, бо шчыра кажучы, у мяне такое падазрэньне, што на нешта большае, больш па-мастацку высокае, яны проста няздольныя. Вось і пачынаюць нейкія адгаворкі выдумляць”.

Аўтар “Полькі беларускай” і ўладальнік рок-кароны за тэксты да плыткі Зьмітра Вайцюшкевіча “Цацачная крама”, сябра журы тэлевізійнага музычнага форуму “На скрыжаваньнях Эўропы”, паэт Леанід Дранько-Майсюк настойліва заклікае беларускіх выканаўцаў вяртацца да роднай мовы.

(Дранько-Майсюк: ) “Фігуранты, якія занялі сёньняшнюю сцэну, не разумеюць аднаго: што беларуская мова — гэта сама па сабе музыка. Ім здаецца, што калі яны пачнуць сьпяваць па-расейску, іх адразу заўважаць. Наадварот. Мы, народжаныя тут, мы павінны сьпяваць, мы павінны размаўляць, мы павінны ўрэшце жыць па-беларуску. І тады мы зьдзейсьнімся”.

Зьміцер Падбярэскі ўпэўнены, што пазнакаў нацыянальнасьці ў шоў-бізнэсе ўсё ж такі больш:

(Падбярэскі: ) “Нацыянальнай прыкметай сучаснай эстраднай песьні толькі мову лічыць немагчыма. Сюды ўваходзіць яшчэ вельмі шмат іншых чыньнікаў. Галоўным зьяўляецца ўсё ж такі мова музычная. Потым відаць, што проста імідж чалавека, які складаецца зь ягоных сцэнічных касьцюмаў і са своеасаблівага ўменьня трымацца на сцэне ды розных-розных чыньнікаў больш дробных... Але якія ў сукупнасьці складаюць аблічча чалавека, што прадстаўляе тую ці іншую музычную, няхай сабе і папулярную культуру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG