Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За рысай беднасьці ў Беларусі жыве 16% насельніцтва


Галіна Абакунчык, Менск 17 кастрычніка — Усясьветны дзень ліквідацыі галечы. Днём барацьбы зь беднасьцю ён быў абвешчаны ў 1992 годзе з ініцыятывы былога генэральнага сакратара ААН Хаўера Пэрэса дэ Куэльера і францускага дабрачыннага руху “АТД-Кар Монд”. Паводле афіцыйнай статыстыкі, ніжэй за ўзровень пражытковага мінімуму ў Беларусі жывуць 16% насельніцтва. Адмыслоўцы ж заяўляюць, што насамрэч за рысай беднасьці знаходзіцца ўдвая больш людзей.

Паводле распараджэньня ўраду краіны, цяперашні бюджэт пражытковага мінімуму — 146 тысяч 150 рублёў. Гэтая лічба зьмяняецца штоквартальна і ў залежнасьці ад росту коштаў падвышаецца на 5—7 тысяч рублёў. Аднак нават за афіцыйна ўсталяваным парогам беднасьці знаходзіцца значная частка насельніцтва краіны. Гаворыць спэцыялістка ўправы Міністэрства працы Людміла Сініцына:

(Сініцына: ) “Апошнія статыстычныя дадзеныя паказваюць, што 16% насельніцтва маюць даход, які ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Такіх сем’яў менш, а вось усяго насельніцтва — 16%”.

Аднак адмыслоўцы мяркуюць, што афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае сапраўднага стану што да мінімальных даходаў насельніцтва. Да прыкладу, лідэр незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч мяркуе, што насамрэч бедных у краіне ўдвая больш.

(Фядыніч: ) “А калі зважаць на тых людзей, якія 150 тысяч атрымліваюць — на 4 тысячы больш — яны што, не маламаёмныя? А ёсьць жа заробкі і 120 тысяч рублёў, шмат такіх і ў Берасьцейскім рэгіёне, і ў Віцебскім. Ня здарма ж кажуць, што ёсьць праўда, паўпраўда і статыстыка. Сьмела гэтую лічбу на два памнажайце — гэта значыць, больш за 30% насельніцтва ў нас цяпер маламаёмныя”.

Паводле разьлікаў урадавых эканамістаў, бюджэт пражытковага мінімуму забясьпечвае чалавеку мінімальныя патрэбы ў харчаваньні, побыце, аплаце камунальных, транспартных ды іншых паслугаў. Ці рэальна гэта на практыцы — пытаюся ў людзей на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) “Канечне, нерэальна. Нават боты добрыя даражэй каштуюць”.

(Спадар: ) “Немагчыма на гэтыя грошы пражыць, яны вельмі малыя. Хіба тыдзень можна пражыць, ня больш”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчуваеце вы сябе заможным?”

(Спадар: ) “Не, зусім не адчуваю. Жыву, як кажуць, ад заробку да заробку, і ўвесь час грошай не хапае”.

(Карэспандэнтка: ) “146 тысяч рублёў — цяперашні бюджэт пражытковага мінімуму. Ці рэальна пражыць на гэтыя грошы?”

(Спадар: ) “Не, нерэальна. Абсалютна, нават аднаму чалавеку. А калі зь сям’ёй, дык тым больш”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчуваеце вы сябе заможным чалавекам?”

(Спадар: ) “Не, зусім не”.

(Спадарыня: ) “Не, нерэальна. На гэтыя грошы ня тое што пражыць — праіснаваць немагчыма. І я не адчуваю сябе ня тое што заможнай, а нават дастатковай у пляне годнага жыцьця”.

Тым ня менш, паводле афіцыйнай статыстыкі, частка жыхароў краіны заяўляе пра падвышэньне свайго дабрабыту. Вось як гэта камэнтуе кандыдат эканамічных навук, супрацоўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Можна атрымаць грошай на дадатковую буханку хлеба і лічыць гэта паляпшэньнем становішча. Гэткім чынам, ідзе адпаведная апрацоўка насельніцтва дзеля будучых выбараў”.

Паводле экспэртызы, праведзенай Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, сярод 1,5 тысячы апытаных грамадзянаў 17,5% заявілі, што за апошнія тры гады іхны дабрабыт палепшыўся, 19,8% — што жыць стала горш, 61,4% — што ў іхным жыцьці нічога не зьмянілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG