Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя салідарнасьці ў Варшаве (фотарэпартаж)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Учора ў некалькіх польскіх гарадах прайшлі акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых беларускіх палітыкаў сем’ямі палітвязьняў і ўсімі, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі.

Каля сотні ў асноўным маладых людзей прыйшлі на вуліцу Новы сьвят – гэта ў самым цэнтры Варшавы. Прысутныя трымалі бела-чырвона-белыя сьцягі, транспарант з надпісамі ”Мы салідарныя зь Беларусьсю”. Удзельнікі акцыі выцягнуліся ў жывы ланцуг ўздоўж “Новага сьвяту”, трымаючы сьвечкі белага і чырвонага колераў.

Вось што сказаў нашаму радыё Антось Цялежнікаў – адзін з кіраўнікоў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі – арганізацыі, якая наладзіла акцыю ў Варшаве.

(Цялежнікаў: ) “Як вы бачыце, тут сёньня большасьць моладзі, студэнтаў, якія яшчэ год таму бралі ўдзел у акцыях у падтрымку украінскай рэвалюцыі. Я спадзяюся, што нашыя акцыі, нашыя захады прынясуць вынік, падобны да ўкраінскага. Сьвечка -, гэта сымбаль надзеі, сымбаль надзеі на вольную, дэмакратычную Беларусь”.

Большасьць удзельнікаў учорашняй акцыі – гэта маладыя палякі. Я запытаўся ў варшаўскай студэнткі Караліны, чаму яна вырашыла ўзяць удзел у жывым ланцугу салідарнасьці зь Беларусьсью.

(Караліна: ) “Я ўжо амаль пяць гадоў падтрымліваю беларускую апазыцыю, і калі адбываюцца нейкія беларускія акцыі, дэманстрацыі, дык лічу патрэбным і важным узяць у іх удзел”.

Пастаяўшы пэўны час у ланцугу са сьвечкамі, удзельнікі акцыі зь беларускімі нацыянальнымі сьцягамі накіраваліся ў бок старога гораду, дзе адбываўся ўрачысты канцэрт з нагоды Дня Папы - сьвята, якое адзначаецца ў дзень нараджэньня Яна Паўла ІІ. Там, каля касьцёла сьвятой Ганны, які наведваў Папа ў часе адной са сваіх пілігрымак на радзіму, сьвечкі былі выстаўленыя ў тры паласы – белую, чырвоную і белую.

Падобныя акцыі ў той самы час адбыліся ў Беластоку, Лодзі, Гдыні і Ўроцлаве.








Фатаграфіі аўтара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG