ЛЁНДАН. Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс мяркуе, што канстытуцыя Іраку “верагодна, будзе адобраная”. Такую заяву Райс зрабіла сёньня ў Лёндане, куды прыбыла зь візытам. Падлік галасоў, пададзеных на рэфэрэндуме пра праект ірацкай канстытуцыі, працягваецца. Нацыянальная выбарчая камісія паведаміла, што ў правінцыі Найнава на поўначы краіны бальшыня грамадзянаў падтрымала канстытуцыю, а вось у правінцыі Салах-эд-дзін – выказалася супраць. Канстытуцыя ня будзе адобранай, калі хоць бы ў трох з 18 ірацкіх правінцыяў болей як дзьве траціны выбаршчыкаў прагаласуюць супраць. Папярэднія афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму стануць вядомыя ў найбліжэйшыя дні. У галасаваньні ўдзельнічалі каля 65 працэнтаў іракцаў.
Тым часам, амэрыканскае камандаваньне паведаміла, што пяць амэрыканскіх жаўнераў былі забітыя пры выбуху бомбы ў горадзе Рамадзі ў часе ўчорашняга рэфэрэндуму.