Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў розных краінах сьвету адбываюцца моладзевыя маршы ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Сёньня ў розных краінах сьвету адбываюцца дабрачынныя маршы ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Арганізатарам выступае рух “Студэнты за дэмакратыю ва ўсім сьвеце”. Гэтая акцыя прымеркаваная да гадавіны рэфэрэндуму па ўнясеньні зьменаў у канстытуцыю Беларусі, якія зьнялі абмежаваньні адносна колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Студэнты арганізоўваюць 12-ці кілямэтравыя маршы па парках і вуліцах – па адным кілямэтры за кожны год знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе.

Амэрыканская арганізацыя Студэнты за ўсясьветную дэмакратыю ініцыявала кампанію “Bell” (Звон) - абрэвіятура, якая расшыфроўваецца з ангельскай мовы як “дар дзеля жыцьця і свабоды Беларусі”. Мэта арганізацыі – інфармаваць студэнтаў пра дзеяньні дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і зьбіраць сродкі на падтрымку дэмакратычных маладзёвых рухаў, як Зубр і Трэці Шлях.

Менавіта дзеля дасягненьня гэтых мэтаў, а таксама, каб выказаць сваю салідарнасьць з беларускай моладзьдзю, студэнты арганізавалі сёньняшні Сусьветны марш за дэмакратыю ў Беларусі.

Як паведаміў мне прэзыдэнт арганізацыі, студэнт факультэту гісторыі і паліталёгіі Ўнівэрсытэту Індыяны Чарлі Шром, ініцыятыву падтрымалі шэсьць унівэрсытэтаў са штатаў Каліфорнія, Мічыган, Індыяна, Масачусэц і Вашынгтон і яшчэ шэсьць замежных адзьдзяленьняў арганізацыі. Удзельнікі пройдуць 12 кілямэтраў, кожны кілямэтр азначае год праўленьня рэжыма Лукашэнкі да году наступных выбараў. Многія ўдзельнікі адзетыя ў бела-чырвоныя майкі на якіх па-беларуску і па-ангельску напісана “Разам за вольную Беларусь”. Студэнты не плянуюць пад час гэтай акцыі сустрэцца з афіцыйнымі і палітычнымі прадстаўнікамі. Іх галоўная мэта – выказаць салідарнасьць і сабраць як мага больш новых прыхільнікаў. А сабраныя пад час акцыі сродкі пойдуць на падтрымку друкаванага выданьня арганізацыі Зубр і аплату адвакацкіх паслуг у судовай справе супроць стваральніка анты-Лукашэнкаўскіх Інтэрнэт-мультфільмаў і стварэньне новых мультфільмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG