Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч затрыманы ў Горадні (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Каля 21 гадзіны ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча вывелі з будынку абласнога дзяржкантролю, дзе знаходзіцца ўпраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў. Прадпрымальнік быў у наручніках. Непадалёку стаяў “мэрсэдэс”, на якім Аўтуховіч прыехаў з Ваўкавыску ў Горадню разам з сваім калегам Юр’ем Лявонавым, дырэктарам партнэрскай фірмы “Ніка-транс”. Праўдападобна, цяпер Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

Мікалаю Аўтуховічу сказалі адамкнуць машыну і сесьці ўнутар, пасьля гэтага чалавек у цывільным загнаў машыну ў падворак, дзе яе абшукалі. Міліцыянт зараз жа замкнуў браму і забараніў рабіць здымкі падворку. Мікалай Аўтуховіч пасьпеў сказаць, што будзе галадаць, калі яго пасадзяць за краты.

Прыблізна праз паўгадзіны выпусьцілі спадара Лявонава. Вось што ён сказаў, калі апынуўся на вуліцы:

(Лявонаў: ) “Нас разьдзялілі па розных кабінэтах. Я даў паказаньні па крымінальнай справе ў адносінах да “Нікі-транс”, і на гэтым усё”.

Пасьля гэтага спадар Лявонаў адказаў на званок з Ваўкавыску:

(Лявонаў: ) “Я на свабодзе, “калямбурчык” такі атрымаўся. Ну, а боса няма на свабодзе”.

Юры Лявонаў паведаміў, што яны з Аўтуховічам прыехалі ў Горадню а 14-й гадзіне. Спачатку іх азнаёмілі з матэрыяламі экспэртызы па справе фірмы “Ніка-транс”, пасьля гэтага яны ўвесь час знаходзіліся ў розных пакоях.

Афіцэр у форме маёра фінансавай міліцыі сказаў мне, каб ні ў якім разе я не фатаграфаваў будынку, падворку і машыны. Ён і людзі ў цывільным патрулявалі будынак. Мікалая Аўтуховіча вывезьлі на аўтамабілі толькі ў 22.20, абапал яго сядзелі два мужчыны ў цывільным.

Прадпрымальніку выставілі абвінавачаньне паводле заведзенай супраць яго крымінальнай справы аб нясплаце падаткаў. Пра гэта Аўтуховіч пасьпеў паведаміць мне па тэлефоне. А 17-й гадзіне прыехала адвакат Мікалая Аўтуховіча Надзея Станкевіч, пасьля тэлефон прадпрымальніка ўвесь час быў адключаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG