Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сяргей Дубавец даў добры адказ "Deutsche Welle", а таксама нашым "інтэлектуалам" кшталту Сьвятланы Алексіевіч і Юр''я Шаўцова"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 13 і 14 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Тацяна Барэль, Асіповічы: ) “Спакон вякоў на нашай зямлі паміналі продкаў у пачатку лістапада на Дзяды.

Лічу, неабгрунтаваным, нават шкодным для захаваньня нашай спадчыны заклік рабіць гэта 16 кастрычніка. І свае памінальныя сьвечкі я запалю ў Курапатах, а не на плошчы”.

***

(Валянцін Клятко, Капыльскі раён: ) “Цяпер вядуцца размовы пра тое, за каго галасаваць на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Я, напрыклад, буду галасаваць за таго, хто ў сваёй праграме будзе гаварыць пра галоўнае, што складае аснову жыцьця: пра ваду і пра хлеб.

Як вядома, усе фэрмы ў нас – фэрмы-атручвальнікі. Яны ня маюць ачышчальных будаваньняў і біятэхналёгіяў. А гэта трэба паставіць у галаву ўсёй праграмы на сяле. І другое – трэба выпякаць хлеб, які не дае атлусьценьня, што дасьць здароўе нацыі. А атлусьценьня ня будзе даваць хлеб з мукі грубага памолу цэльнага зерня. Пра гэта шмат чаго пісаў і тэлефанаваў ва ўсе інстанцыі, але нічога нідзе не зьмянілася”.

***

(Анатоль: ) “Прапаноўваю ідэю. Хай апазыцыя абвесьціць насельніцтву аб байкоце дзяржаўных выданьняў. І тады адразу будзе бачна, наколькі моцная апазыцыя, колькі людзей за ёй пойдзе. Можа і выбараў ня трэба? І ўсё адразу стане зразумела! А калі насельніцтва сапраўды пойдзе на гэты байкот, і глава дзяржавы прыме гэта да ўвагі і дазволіць выпуск “Народнай волі”, і яна будзе выпускацца ў нармальным рэжыме, то – перамога за апазыцыяй”.

***

(Бартось Марыя Іванаўна, Квасоўка: ) “Хачу зьвярнуцца сёньня да Фралова Валерыя Зьмітравіча.

Валеры Зьмітравіч! Вы гаворыце, што я не пайду на плошчу зь віламі. Ну, гэта так. Вы вельмі добры чалавек. Мы вас паважаем і любім. Але вось скажыце мне, хадзіць ад хаты да хаты мы ўжо хадзілі і гаварылі зь людзьмі. Але калі перад выбарамі праходзіць сход ўпаўнаважаных па калгасах, то што мы можам зрабіць? Што? Яны ж там нешта гавораць, што людзі ідуць і галасуюць.

Таму, мне здаецца, што можа мы пойдзем і на плошчу. Так што тут давайце будзем выбіраць, дзе тут лепей і як арганізавацца. Таму што жыць ужо проста немагчыма!”

***

(Міхаіл Леках: ) “Я вось працую і адначасова слухаю і запісваю радыёперадачы беларускай Свабоды. Калі казаць аб’ектыўна, то перадачы спадара Дубаўца, я лічу, лепшымі з радыёперадачаў. Але калі ён спрабуе ў сваю перадачу ў нейкай ступені ўключыць нейкія палітычныя пытаньні, то адразу зьяўляюцца памылкі. Я маю на ўвазе сёньняшнюю перадачу “вяшчаньне на Беларусь на расейскай мове”. Якія былі памылкі.

Па-першае, спадар Дубавец сказаў, што сапраўды большасьць у Беларусі размаўляе не на чыста беларускай літаратурнай мове, а на трасянцы.

Паважаны спадар Дубавец, дык у Расеі таксама не размаўляюць на чыстай расейскай літаратурнай мове! У Латвіі не размаўляюць на чыста латыскай літаратурнай мове, гэта зразумела. Ня так шмат адукаваных людзей, якія могуць размаўляць на літаратурнай мове.

Другая прынцыповая памылка: што тых, хто размаўляе па-беларуску, б’юць. Прабачце мяне, я сябрую зь беларусамі, не з апошніх людзей, сам таксама ведаю некалькіх словаў па-беларуску. Часам мы гучна размаўляем на праспэкце, хаця, лічу, гэта нетактычным, і ніхто не спрабаваў нас ударыць.

Я скончыў расейскую школу №1 г. Полацка. Ну і што? Я добра разумею беларускую мову, слухаю вашыя перадачы. Канечне, я жыву ў расейскім асяродзьдзі, і я не магу размаўляць на літаратурнай беларускай мове. Але хачу паведаміць, што адзін з маіх аднаклясьнікаў піша на беларускай мове і стаў вядомым пісьменьнікам. А ён скончыў расейскую школу! Гэта Бураўкін Генадзь Мікалаевіч. Так што справа ня ў тым, дзе хто вучыўся. І тады і цяпер ніхто не перашкаджае вывучаць беларускую мову”.

***

(Бартось Марыя Іванаўна: ) “Мы не давяраем ня толькі Лукашэнку, але асабліва тут на месцы: кіраўнікам калгаса, дырэктарам школаў, якія праводзяць выбары ня так, як трэба, яны іх фальсыфікуюць. Трэба з гэтага пачынаць.

А што робіцца ў Гродна сярод гэтага начальства! Вэртыкаль сядзіць, да іх ня зойдзеш: “Чаго прыйшлі!” Яны робяць усё то, што ім трэба, выбары праводзяць ня так, як трэба. Мы гэта даўно зразумелі і ўсё гэта бачым. Зь іх трэба пачынаць! Зь вёсак і гарадоў трэба пачынаць, з тых, хто праводзіць выбары: сельсаветы, гарвыканкамы і г.д.

Усяго вам найлепшага Радыё Свабода!”

***

(Міхаіл Леках: ) “Апошні тыдзень беларуская Свабода дэманструе аднабаковую палітычную ангажаванасьць. У прыватнасьці, званкі радыёслухачоў перадаюцца толькі аднаго напрамку. Я разумею, што вы не дасьце гэта ў эфір, але ведайце маё меркаваньне.

Я толькі што выслухаў карэспандэнцыю з Польшчы вашага карэспандэнта. Вяшчалася інфармацыя польскіх дзеячоў так, як быццам гэта ісьціна апошняй інстанцыі. А трэба ведаць, што ў Польшчы афіцыйнае беспрацоўе сёньня 20 адсоткаў, а аб’ектыўна – 30! Трэба ведаць, што Польшча – лідэр карупцыі ў Эўропе, пры чым гэта па ацэнцы экспэртаў ЭЗ. І вось гэтыя людзі, злодзеі, карупцыянэры, ці тыя, хто іх ставіць пры ўладзе, вучаць Беларусь жыць. І вы перадайце, як ісьціну апошняй інстанцыі. Непрыгожа, спадарства! Хацелася, каб вы пазьбеглі двайных стандартаў. Шанцаў, канечне, мала”.

“Яшчэ хачу дакрануцца пытаньня зьнікненьня людзей. Канечне, я спачуваю сем’ям, сябрам тых зьніклых людзей, пра якіх вы паведамляеце апошнія гады ў радыёперадачах. Але вы называеце некалькі прозьвішчаў. А ў нас у Латвіі мінулым годам зьнікла каля 400 чалавек! Кожны дзень зьнікаў адзін чалавек! Дык раскажыце пра гэта, калі вы прыстойныя людзі! А тое атрымваецца ў вашым уяўленьні, што Беларусь – параджэньне пекла, а ў Польшчы, Латвіі, другіх суседніх краінах, прабачце, усё ў парадку, дэмакратыя ўладарыць! А гэта ж блеф! Тое, што адбываецца ў Беларусі нядобрага – гэта бледная цень таго, што адбываецца ў “дэмакратычнай” і “прававой” Латвіі. Пра гэта таксама было б варта сказаць! А тое, у вас атрымліваюцца двайныя стандарты!”

***

(Пятро Міхайлавіч: ) “Вялікі і шчыры, ад усяго сэрца дзякуй Сяргею Дубаўцу за яго “Вострую браму” на тэму “Ці ўратуе расейская мова беларускую дэмакратыю”, якая прагучала ў нядзелю 9-га кастрычніка, у сераду 12-га кастрычніка і нават раніцай у чацьвер 13-га!

Я з найвялікшым задавальненьнем усе сем разоў слухаў яго грунтоўны, усебаковы аналіз праблем і яго вычарпальны адказ на гэтае балючае для ўсіх сьвядомых беларусаў пытаньне, для тых, хто жадае пераменаў да лепшага для нашай шматпакутнай Беларусі і яго народу.

Адначасова гэта добры адказ-тлумачэньне "Deutsche Welle" ды іншым там на Захадзе. А таксама і тым нашым "інтэлектуалам", кшталту Сьвятланы Алексіевіч, кшталту пісьменьніка Юры Шаўцова, якіх я апошнім часам чуў на "Свабодзе".

Хай бы гэтыя спадары атрымалі тэкст “Вострай брамы” Сяргея Дубаўца ў якасьці настольнага дапаможніка. Спадзяюся, што пасьля гэтага яны і ўсе слухачы "Свабоды" зразумеюць сэнс беларускай мовы, яе вартасьць у дэмакратызацыі Беларусі.

І можа пасьля гэтага тыя, каму не баліць за Беларусь, альбо яны не разумеюць сэнсу пытаньня, надалей знойдуць сілы і сумленьне і лепей прамаўчаць, калі трэба будзе, на карысьць роднай Беларусі, чым нешта будуць казаць на яе шкоду, рэклямуючы пры гэтым адзінага палітыка, сеючы сумнеў, зьнішчаючы веру ў паспалітага люду.

Дзякуй вам, Сяргей!”

***

(Барыс Хрыстовіч, Барысаў: ) “У адказ на вашае мінулае тыднёвае пытаньне на шанцы Мілінкевча на прэзыдэнцкіх выбарах, паведамляю, што шанцаў няма, як і няма іх у сёньняшняга фюрэра застацца на троне ў чарговы раз. Чаму так? А таму што з аднаго боку час для аўтарытарна-таталітарных экспэрымэнтаў у Беларусі ўжо практычна вычарпаны, а з другога боку сэзон для нацыянальна-дэмакратычных ператварэньня яшчэ не прысьпеў і нават эвалюцыйна не прысьпее ўжо ніколі. Гэта факт.

Дык што скажам? А скажам па-ангельску: “Don’t worry!” Гэта значыць “Бяз панікі”, шаноўныя панове, гаспада, таварышы, спадарства! Мусім радавацца, але пра тое ў наступным паведамленьні”.

“Мусім радавацца і мусім славіць Госпада Ісуса, і быць удзячнымі яму за тое, што сан духоўных станоўчых рэальнасьцяў для Беларусі пачне спраўджвацца ў зямных рэаліях пасьля 20-га ліпеня 2006 году, калі надыдзе поўня часу і поўня гэтай улады, і калі на авансцэны выйдзе трэцяя сіла, насамрэч першая, наймагутнейшая, якая была, ёсьць і будзе. Гэта сіла жывога Бога, якая ў пэўны момант нэўтралізуе ўласнымі сродкамі цяперашнія ўлады цемры на Беларусі. Так хоча трыадзіны Бог Сьвятой Троіцы. Падкрэсьліваю ўвагу, што ў духоўным пляне для Беларусі ўжо наступіў момант ісьціны. Гэта значыць, што адбылася па волі Божай слаўная перамога вечнага дабра над часовым злом. А я, Барыс Хрыстовіч, усяго толькі прылада ў руках Божых, каб абвесьціць гэтую радасную вестку праз сьвецкае Радыё Свабода – па сакрэту ўсяму сьвету”.

***

(Спадар: ) “У сувязі з акцыяй салідарнасьці 16-га кастрычніка прашу нашу "Свабоду" знайсьці і агучыць цытату Лукашэнкі, дзе ён гаворыць: “Не ищите виноватых! Я одни виноват! Вы что, хотите, чтобы их гробы оппозиция по всему Минску таскала?” А ў сталінскія часы, якія так усхваляе Лукашэнка, і ня толькі ў сталінскія, прызнаньне віны – царыца ўсіх доказаў. Гэтая цытата – добраахвотнае прызнаньне, не пад прымусам, – павінна быць на слыху беларускага народу і стаць лёзунгам грамадзкага трыбунала”.

***

(Спадарыня: ) “Хачу падзякаваць амэрыканскаму амбасадару, які паведаміў, што будзе Беларусь свабодная. Хачу падзякаваць былому амбасадару Польшчы Буцько. Дзякую яму, што ён займаецца нашаю краінаю. І яшчэ хачу падзякаваць вам, шаноўная "Свабода", за тое, што вы ёсьць. Не было б вас, ня ведаю, як бы я жыла!”

***

(Міхаіл Леках: ) “Пачуў паведамленьне аб правядзеньні ў выкананьне сьмяротнага прыгавору некалькім чалавекам. Таксама паведамілі, што ў Эўропе сьмяротнае пакараньне адмянілі. Усё гэта сапраўды так. Але чаму ж вы змаўчалі пра тое, што сьмяротнае пакараньне не адмянілі ў Злучаных Штатах, і ў мінулым і гэтым годзе там пакаралі ў шмат разоў болей чым у Беларусі?

Гэта чарговая паўпраўда! Ці вам пра гэта нельга казаць, бо знаходзіцеся на ўтрыманьні Злучаных Штатаў?”

***

(Спадар: ) “Лукашэнка паехаў адпачываць у Сочы. Ці браў ён пуцёўку? За чый кошт? Яго ж там ахоўваюць! Таксама за наш кошт?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG