Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь забараніла ўвоз мяса птушкі з дзьвюх дзясяткаў краін


Ігар Карней, Менск У Беларусі дзейнічае забарона Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня на ўвоз прадукцыі птушкагадоўлі болей чым з двух дзясяткаў краін. Апошнімі ў “чорны сьпіс” трапілі Румынія і Турэччына, дзе ўпершыню ў Эўропе выяўленыя выпадкі захворваньня на птушыны грып. У міністэрстве лічаць, што беларускія турысты, якія адпачываюць у Турэччыне і Румыніі, не рызыкуюць здароўем, паколькі знаходзяцца далёка ад эпіцэнтру птушынай эпідэміі.

Казаць пра ступень небясьпекі людзям вірусу птушынага грыпу беларускія вэтэрынары не бяруцца. Тлумачаць гэта тым, што птушыны грып можа пагражаць чалавеку толькі ў выпадку мутацыі пад узьдзеяньнем вірусу чалавечага грыпу. Аднак такой ўзаемасувязі ў Эўропе пакуль не даказана. Таму і абмежавальныя захады выкліканыя перадусім перасьцярогай. Тым ня менш, у Дзяржаўным памежным камітэце кажуць, што на кантрольна-вэтэрынарных пунктах пільна дагладаюцца аўтамабілі і аўтобусы, якія ідуць з названых краінаў.

(Супрацоўнік: ) “Існуе самастойная служба, якая выконвае кантралёрскія функцыі — ажыцьцяўляе фітасанітарны і вэтэрынарны кантроль”.

Ва Ўпраўленьні дзяржаўнага вэтэрынарнага нагляду на дзяржаўнай мяжы і транспарце паведамілі, што па лініі Міжнароднага эпізаатычнага бюро афіцыйнага пацьверджаньня наконт небясьпечнасьці чалавеку вірусу птушынага грыпу няма. Аднак зь іншых крыніцаў стала вядома, што гэты вірус досыць небясьпечны. Гаворыць супрацоўніца ўпраўленьня Вольга Калаева:

(Калаева: ) “Нам перадалі, што, прынамсі, у Турэччыне гэты вірус высокапатагенны…”

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня адказны за бясьпеку Беларусі ад птушынага грыпу — намесьнік начальніка галоўнага вэтэрынарнага ўпраўленьня Міхаіл Бушыла. На просьбу Радыё Свабода спадар Бушыла тлумачыць сытуацыю з забаронай на ўвоз птушынага мяса:

(Бушыла: ) “Такіх краінаў ужо дваццаць зь лішкам — амаль уся паўдзённа-ўсходняя Азія, пачынаючы ад Японіі. Забарона накладзеная шмат на якія краіны, бо нам бяз розьніцы — з Румыніі ідзе рызыка, з Кітаю ці Японіі. Адносна гэтых краінаў мы ўвогуле не даём дазволу на грузы, падкантрольныя вэтэрынарнаму нагляду, за выключэньнем эўрапейскай часткі Расеі, да Ўралу. А калі якаясьці кантрабанда, то нашыя службы ўсё затрымліваюць. Што да пагрозы мутацыі птушынага грыпу, пра якую цяпер шмат кажуць, то, каб вірус так хутка мутаваў, у Віетнаме, дзе грып пануе ўжо год, ад краіны, пэўна, ужо нічога не засталося б. Памерлі толькі некалькі чалавек. Так што, ня так хутка гэты працэс адбываецца. І дзякуй богу”.

Сумесная дырэктыва Дзяржаўнага мытнага камітэту і Міністэрства сельскай гаспадаркі тлумачыць, якія грузы лічыць “падкантрольнымі”. Сярод іх, перадусім, жывёльныя харчы, усе вэтэрынарныя лекавыя прэпараты, а таксама частка лекаў для людзей, мясная прадукцыя. А ці патрабуюць асаблівага кантролю турысты, якія вяртаюцца ў Беларусь з той жа Турэччыны ці Румыніі? Прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіл Бушыла лічыць: хвалявацца ў гэтым выпадку ня варта.

(Бушыла: ) “Там фактычна адзін ачаг — і ў Турэччыне, і ў Румыніі. Птушка там зьнішчаная. У ачаг ніхто пабочных асобаў ня пусьціць, тым больш, турыстаў. Таму яны спакойна, у бясьпечным ад птушынага грыпу месцы могуць загараць, адпачываць, лекавацца”.

Забарону на імпарт птушкі з Турэччыны і Румыніі накладзены таксама Эўракамісіяй, а таксама асобнымі распараджэньнямі ўрадаў Нямеччыны, Швайцарыі, Баўгарыі, Грэцыі і Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG