Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка для адпачынку абраў курорт у Сочы


Любоў Лунёва, Менск Аляксандар Лукашэнка адпачывае ў Сочы ў санаторыі “Беларусь”. Раней кіраўнік дзяржавы выбіраў іншыя месцы для свайго адпачынку — курорты Славеніі, Аўстрыі і Казахстану. Аляксандар Лукашэнка мае магчымасьць прайсьці курс санаторнага лячэньня, асноўную частку якога складаюць гразі Мацэсты.

Будынак санаторыя “Беларусь” пабудавалі ў 1927 годзе. Да вайны там быў Дом адпачынку беларускага НКВД, у часе вайны — шпіталь. Потым дом адпачынку маглі наведваць выключна супрацоўнікі КДБ, а з 1980-х гадоў — там разьмясьціўся санаторый “Беларусь”. Ён знаходзіцца ў адным з самых маляўнічых месцаў Сочы — побач з паркам “Рыўера”. На балянсе санаторыю таксама 15 гектараў парку. Сёлета ён заняў першае месца на конкурсе паркаў Сочы, якімі славіцца гэты чарнаморскі горад.

Санаторый разьлічаны на 405 месцаў. Пасьля капітальнага рамонту там зьявіліся люкс і VIP-нумары. Беларусам самая танная пуцёўка на тры тыдні будзе каштаваць 500 даляраў, у кошт уваходзяць харчаваньне і лячэньне. Два разы на тыдзень людзей возяць на серавадародныя гразі ў Мацэсту, яны добра ўплываюць на нэрвовую сыстэму.

Цяпер там адпачывае Аляксандар Лукашэнка са сваёй аховай. Паводле неафіцыйных крыніцаў, кіраўнік дзяржавы атрымлівае санаторнае лячэньне. Санаторый “Беларусь” мае агароджаны пляж. Паводле інфармацыі расейскага тэлеканалу НТВ, недалёка ад берагу ў гэтым раёне пачаў дзяжурства баявы карабель аховы: адмыслова вартаваць спакой высокага госьця. Невядома, ці прымае марскія працэдуры Аляксандар Лукашэнка, але тэмпэратура паветра ў Сочы 18 градусаў, а вады — 22.

Санаторый “Беларусь” знаходзіцца на балянсе кіраўніцтва справаў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Супрацоўніца аддзелу санаторна-курортнага лячэньня паведаміла, што ў зімні пэрыяд туды можна трапіць пасьля таго, як разгледзяць заяўку, якую трэба падаць за два месяцы. Летам трапіць у санаторый чалавеку без высокай пасады няпроста. Справа ў тым, што ёсьць адпаведны сьпіс супрацоўнікаў адміністрацыі і Саўміну, якія замацаваныя за лечкамісіяй. Яны могуць адпачываць у першую чаргу. У Цэнтракурорце мне паведамілі, што заяўку падаць можна, але шанцаў трапіць на адпачынак няшмат.

(Супрацоўніца: ) “У гэтым годзе, калі шчыра, вельмі мала шанцаў патрапіць нават у Туапсэ, які звычайна карыстаецца меншым попытам. Мы ведамасная ўстанова і перш за ўсё абслугоўваем замацаваных за лечкамісіяй”.

Мяркуецца, што тыднёвы адпачынак Аляксандра Лукашэнкі ў санаторыі “Беларусь” у Сочы завершыцца 14 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG