Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады супраць польскай мовы ў беларускіх касьцёлах


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўнік камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко заявіў пра тое, што касьцёлы ў Беларусі павінны скарачаць выкарыстаньне польскай мовы ў набажэнствах. Многія адмыслоўцы і вернікі мяркуюць, што гэтыя заявы зробленыя на загад вышэйшых уладаў Беларусі.

У кіраўніцтве камітэту супярэчлівае стаўленьне да пытаньня мовы набажэнстваў. Так, кіраўнік аддзелу Аляксандар Калінаў заявіў, што, паводле дзейнага заканадаўства, мову набажэнства вызначаюць царкоўныя ярархі й вернікі. Вось як ён пракамэнтаваў выказваньне спадара Буко:

(Калінаў: ) “Рэкамэндацыі тычыліся выключна справаводзтва, дзейнасьці нядзельных школаў, шыльдаў і г.д. А ў набажэнствах ніякіх распараджэньняў не павінна быць”.

Спадар Калінаў не патлумачыў, чаму ўсё ж узьнікла пытаньне мовы набажэнстваў і чаму гаворка вялася выключна пра касьцёл. Да прыкладу, праваслаўная царква шырока выкарыстоўвае стараславянскую мову. Кіраўніцтва каталіцкай царквы ад камэнтароў у гэтай справе адмаўляецца. А парафіяне катэдральнага касьцёлу Менску выказваюцца гэтак:

(Спадарыня: ) “Гэта няпраўда, што ў нас беларускай мовы мала. Амаль усе набажэнствы праводзяцца па-беларуску, і хор сьпявае, і ўсе разумеюць. Гэта вам нехта няпраўду нейкую сказаў”.

(Спадарыня: ) “Гэта справа вернікаў. Калі людзі старэйшага веку, то яны хочуць па-польску маліцца, дык адна імша праводзіцца, але астатнія па-беларуску. А калі ўжо так казаць, то няхай усе канфэсіі таксама толькі на беларускую пераходзяць. Чаму толькі гэтых каталікоў шчыпаюць і шчыпаюць?”

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў таксама заяўляе пра першынства касьцёлу ў справе адраджэньня беларускай мовы:

(Трусаў: ) “Касьцёл першы перайшоў на беларускую мову адносна іншых канфэсіяў. Была адмысловая пастанова папы рымскага нябожчыка. І цяпер ва ўсіх дыяцэзіях афіцыйная мова беларуская. Толькі гарадзенская дыяцэзія выкарыстоўвае беларускую і польскую. Таму я лічу, што няхай яны зьвернуць увагу на іншыя канфэсіі — і найперш на праваслаўную. Перад тым, як камусьці раіць беларускую мову, беларускай дзяржаве самой трэба ёй карыстацца”.

Заявы пра мову касьцёлаў могуць быць зьвязаныя зь нядаўнім канфліктам вакол польскай супольнасьці ў Беларусі. Прынамсі, патрабаваньні скараціць польскамоўныя набажэнствы зыходзяць ад вышэйшых уладаў, кажа пісьменьніца Вольга Іпатава.

(Іпатава: ) “Мяне гэта вельмі зьдзівіла, бо дагэтуль камітэт не вызначаўся асаблівай любоўю да нацыянальнага. Мы ж бачым усё ж, што касьцёл шмат пачынае робіць для беларускай мовы і працуе па-беларуску. На жаль, у праваслаўных цэрквах мы гэтага ня бачым. Таму гэта можна расцэньваць як нейкі папулісцкі крок альбо выкананьне нейкага даручэньня ці заданьня”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, цяпер у Беларусі дзейнічае 2971 рэлігійная арганізацыя дваццаці сямі канфэсіяў. Набажэнствы яны праводзяць пераважна па-расейску.

Апошнія гады многія міжнародныя арганізацыі выступалі з пратэстам супраць парушэньня права на свабоду веравызнаньня ў Беларусі. У прыватнасьці, гэта тычылася Закону аб веравызнаньні, які абмяжоўвае дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў і аб’яднаньняў. У Беларусі прайшлі некалькі судовых працэсаў аб распальваньні міжрэлігійнай варажнечы, паводле публікацыяў у дзяржаўных мэдыях і на тэлебачаньні. За правядзеньне набажэнства нядаўна быў аштрафаваны пастар царквы “Новае жыцьцё”, а таксама зьліквідаваная Эвангельская царква.
XS
SM
MD
LG