(Карэспандэнт: ) “Што здарылася?”
(Кабета: ) “Тут жанчына жыве адна. Кажуць, ад балёна загарэлася. Мы толькі падбеглі ўсе”.
Гаспадыня няшчаснага балёна сядзела бледная ў атачэньні суседак. І я лішні раз меў магчымасьць паназіраць, як беларус пераносіць бяду. Стаічна, бяз панікі, ледзь не як дадзенасьць.
(Гаспадыня: ) “Я сама была дома. Паставіла суп варыць”.
(Карэспандэнт: ) “Вы ў кашулі нарадзіліся”.
(Гаспадыня: ) “Чаму? Там жа і грошы. Ну з чым я цяпер? Дайце папіць. Значыць, так таму быць. Нічога ня зробіш. Усё ў парадку. Ні на каго крыўдаваць ня буду. Як атрымалася, так і атрымалася. Вось і ўсё”.
Камандзір пажарных з гонарам, нібы капітан на мосьціку, пазіраў на працу сваёй каманды.
(Карэспандэнт: ) “Як часта такое здараецца ў Парычах?”
(Афіцэр: ) “Ня часта. У нас пажары рэдкія. Людзі работу сваю ведаюць, таму працуюць без пытаньняў”.
(Карэспандэнт: ) “Ну, гэта выпадак шчасьлівы. Яна ж засталася жывая”.
(Афіцэр: ) “Усё роўна, вы бачыце, пашкоджаны дом. Цалкам згарэла вэранда”.
Парычы — мястэчка на рацэ. І рэдка хто з тых, што праяжджае па трасе Бабруйск—Мазыр, адмовіць сабе ў задавальненьні сьпякотным летнім днём акунуцца ў Бярэзіне. Рака адкрываецца з дарогі надта прыгожым краявідам. Вандроўніка, што збочыць да ракі, чакае чыста парыцкая цікавостка. Паромная пераправа, адна з трох дзейных у Беларусі. Побач станцыя ратаваньня на водах. Уражаны папярэднім агнявым відовішчам, з ратавальнікам Мішам я загаварыў як мага асьцярожней.
(Карэспандэнт: ) “Праца ў вас клясная. На прыродзе. Якая статыстыка? Адзін чалавек за лета ці два?”
(Міхаіл: ) “Пазалетась і летась у нас тапельцаў не было. У прынцыпе, у мяне на пляжы тапельцаў няма. Тры сэзоны я адпрацаваў. Сёлета ў мяне саматапельцы ёсьць. А ў 2001 годзе ў мяне патанула дзяўчына. Пасьля выпускнога, тры кілямэтры ўніз”.
Сербануўшы халоднага піва, Міша з гонарам прафэсіянала распавёў мне пра плывучы парыцкі агрэгат і яго значэньне для мясцовых жыхароў у новым стагодзьдзі.
(Міхаіл: ) “У Беларусі тры паромныя пераправы. Дзьве платныя, адна бясплатная. Гэтая, у нас, бясплатная. У нас паром знаходзіцца гадоў трыццаць. Яго зь Петрыкава прыгналі. А той стары патануў. Раней паромная пераправа была без рухавіка, на дроце. Меншая і больш зручная. Дрот нацягваўся, і яе ўручную цягнулі. Ну а цяпер мадыфікавалі, зрабілі рухавік. Нават фуры перавозім. Без паромнай пераправы тут немагчыма. Таму, што два раёны злучыць трэба. Там людзі, і тут людзі”.
Што праўда, паром не пуставаў. Ледзь ня кожную чвэрць гадзіны канструкцыя пад чырвона-зялёным сьцягам выпраўлялася ў сваё кароткае плаваньне зь людзьмі і параю аўтамабіляў. Гэта адзіная магчымасьць патрапіць у гэтым раёне са Сьветлагоршчыны на Жлобіншчыну. Бо бліжэйшы мост кілямэтраў за дваццаць пяць адсюль. Але самае цікавае, што пераправа дзейнічае і зімою.
(Міхаіл: ) “Калі таўшчыня лёду адпавядае правозу транспарту, то зімой машыны ходзяць. Мы правяраем лёд, і машыны ходзяць. Каб машына ў нас правалілася, у нас такога не было”.
(Карэспандэнт: ) “А плацяць нармальна тут ці не?”
(Міхаіл: ) “Асабліва зарплатай мы не ганарымся. Зарплата ў нас сярэдняя. Дзьвесьце тысяч. Як абяцалі нам 250 даляраў, дык нам яшчэ плясаць і плясаць. Народ увесь час верыць. Штосьці палепшала. Чыста ў нас”.
Што праўда, то праўда. У Парычах ня проста чыста. У гэтым былым райцэнтры “Дажынкі” можна праводзіць хоць кожны дзень. А сквэрык з маленькім помнікам Леніну, разным плотам і драўлянаю паўкруглаю эстрадай выглядае як жывая дэкарацыя зь фільму пра сталінскі час. Непадалёк ад сквэра помнік у памяць Міхаіла і Марыі Пушчыных, колішніх уладароў мястэчка і мэцэнатаў. Гаворыць краязнаўца Галіна Клінчэня:
(Галіна: ) “Гэта Міхайла Пушчына, які непасрэдна ня браў удзелу ў паўстаньні дзекабрыстаў, але падтрымліваў іх, спачуваў. Яго адправілі спачатку на Каўказ, потым вайна з Іранам, а потым ужо прыехаў да нас. Яны ўдыхнулі ў гэтае мястэчка культурную плынь. Пачалі адукацыю, былі мэцэнатамі. Пабудавалі на свае сродкі ня толькі царкву. Улажылі сродкі ў будаўніцтва жаночага духоўнага вучылішча, але і ў бальніцу, у аптэку, у якой лекі выдаваліся бясплатна ніжэйшым слаям грамадзтва”.
Побач з магілай стаяла пабудаваная Пушчыным царква. Але ў пачатку 1970-х яе зьнесьлі.
(Галіна: ) “У Парычах быў пабудаваны адзін дом з матэрыялу, зь якога была пабудавана царква. Нейкі нешчасьлівы той дом. Не спрыяе яму ўдача”.
(Карэспандэнт: ) “А што там, людзі п’юць?”
(Галіна: ) “Адзін зьнік сын, другі нешта таксама… Нешта кажуць такое…”
Будынак колішняга жаночага духоўнага вучылішча сьвятой Марыі Магдаліны, адкрытага ў 1860 годзе, захаваўся да нашых дзён. Аля ня толькі ён. Таксама захаваўся дух Расейскай імпэрыі. Настаўніца “вялікага і магучага” Зінаіда Пятроўна з гонарам паведаміла мне, што школа тут “ісконна руская”.
(Зінаіда: ) “Ісконна руская. Гэта добра. У нас тут традыцыйна пасёлак мяшчанскі. Раней многа габрэяў жыло. Міграцыя насельніцтва вялікая. Са ўсіх бакоў прыяжджаюць. Традыцыйна руская школа. Усе да гэтага прызвычаіліся. Наша расейская мова, напэўна, адрозьніваецца ад іcконна рускага языка. На чыста правільнай расейскай мове гавораць, канечне, адзінкі. Акцэнт адчуваецца ва ўсіх”.
Ужо які раз сустракаюся з такою цікаваю зьяваю: у правінцыі часьцей за ўсё чалавека, які жыве пад Пагоняю і для якога беларуская мова — родная і адзіная, знойдзеш не сярод моладзі. Звычайна гэта чалавек пэнсійнага веку, з вышэйшай адукацыяй, які шмат пабачыў і перадумаў. У Парычах гэта колішні аграном-эканаміст Іосіф Маркавіч.
(Іосіф: ) “Хаця я ніколі ня быў у складзе БНФ, але падтрымліваю толькі БНФ. Гэта адна з арганізацыяў уплывовых, якая прытрымліваецца толькі адной лініі. Мне так было шкада, што раскалолася яна на два лягеры”.
(Карэспандэнт: ) “Вы аптыміст ці пэсыміст?”
(Іосіф: ) “Я аптыміст. Я лічу, што 2006 год будзе пераломным у нас. Таму, што нават кіраўнікі ў калгасах, СПК, кажуць: “Мы ня ведаем, што будзе ў 2006 годзе. Дзе ні бываеш, усе, асабліва невялікія начальнікі, усе чакаюць, што штосьці будзе. Так працягвацца ўжо ня можа”.
Прамысловасьць Парычаў — гэта камбінат будматэрыялаў, кансэрвавы завод і мэліярацыя. Але самыя зайздросныя месцы ў пляне заробку не яны, а шпіталь і школа. Як шмат дзе ў сацыяльна арыентаванай краіне. Таму і гадаванцы “ісконна рускай” школы бягуць адсюль у гарады. Як мая наступная суразмоўніца, студэнтка Гомельскага ўнівэрсытэту Вольга.
(Карэспандэнт: ) “Сярод вашых аднагодкаў ці шмат зьехала з Парычаў?”
(Студэнтка: ) “Канечне, шмат. Збольшага ўсе разьяжджаюцца. Тут няма тых месцаў, дзе можна ўладкавацца, для таго, каб стварыць усе ўмовы для сапраўднага добрага жыцьця”.
(Карэспандэнт: ) “А што такое сапраўднае добрае жыцьцё?”
(Студэнтка: ) “Сапраўднае добрае жыцьцё — гэта жыцьцё, калі хапае сродкаў на тое, каб жыць добра. Каб…”
(Карэспандэнт: ) “Машына, кватэра, летні адпачынак… Гэта?”
(Студэнтка: ) “Гэта таксама. Але ж яшчэ, калі вось дзеці, той жа самы басэйн. Той жа самы лядовы палац. Гэта, я лічу, патрэбна для дзяцей”.
(Карэспандэнт: ) “Лядовы палац асабліва неабходная для дзіцяці рэч”.
(Студэнтка: ) “Так. Я лічу, што так. Тут трэба пабудаваць які-небудзь завод, можа быць”.
Пытаньні пра палітыку маладая дзяўчына, прыгажуня і лукамолка, успрыняла з такім абурэньнем, нібы я пасягнуў на яе асабістае жыцьцё.
(Студэнтка: ) “Я вам ня буду расказваць пра Лукашэнку і мае думкі пра яго. Хай гэта застанецца ў мяне ў душы. Я думаю, што кожны зробіць для сябе пэўныя высновы і будзе будаваць свой лёс, мяркуючыся гэтым”.