Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольная зборная Беларусі завяршае ўдзел у адборачным турніры ЧС-2006


Ігар Карней, Менск Позна ўвечары на менскім стадыёне “Дынама” адбудзецца апошні матч групавога турніру да чэмпіянату сьвету 2006 году з удзелам каманды Беларусі. Супернік беларусаў, зборная Нарвэгіі, практычна забясьпечыла сабе выхад у плэй-оф, а таму гульню збольшага можна назваць фармальнай. Між тым, ад таго, як завершацца гэтая сустрэча, у немалой ступені залежыць лёс трэнэрскага штабу нацыянальнай зборнай і адказных за ўвесь беларускі футбол асобаў.

Былы галоўны трэнэр менскага “Дынама” Юры Шуканаў у адным з інтэрвію для Радыё Свабода назваў нацыянальную зборную ў футболе “камандай вечна тэарэтычных шанцаў”. Маўляў, пасьля некалькіх ня вельмі ўдалых стартавых гульняў каляфутбольныя спэцыялісты пачынаюць падлічваць не рэальныя, а “тэарэтычныя шанцы” беларусаў на выхад у фінальную частку спаборніцтваў.

Прыблізна пра гэта ж гаварыў на нядаўняй нарадзе з кіраўнікамі спартовых фэдэрацыяў Аляксандар Лукашэнка. А за тое, што каманда сваёй гульнёй “плюнула ў твар усяму беларускаму народу”, прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту паабяцаў з кожным “разабрацца пэрсанальна”. Ці азначае гэта, што галоўны трэнэр зборнай Анатоль Байдачны на сваёй пасадзе доўга не ўтрымаецца? Вось меркаваньне тэлекамэнтатара Паўла Баранава:

(Баранаў: ) “Тое, што сказаў прэзыдэнт на той нарадзе, ня факт, што сапраўды адаб’ецца на галоўным трэнэры. Таму што сярод айчынных спэцыялістаў Байдачны, нават нягледзячы на тое натхненьне, якое прынёс колісь заўзятарам Эдуард Малафееў, усё ж найбольш пасьпяховы і па-ранейшаму даволі пэрспэктыўны настаўнік. Хіба што зь ім можа паспрачацца Юры Пунтус. Канечне, Байдачны не ідэальны, але ідэальных трэнэраў увогуле няма. А што да замежных спэцыялістаў? Славутых і амбіцыйных, якія будуць працаваць толькі за грошы, вельмі мала. Яны працуюць, натуральна, і за прэстыж, там, дзе ім працаваць, перадусім, цікава. Іншымі словамі, на элітным узроўні. Добра будзе, калі каманду возьме які-небудзь Джавані Трапатоні, але я ня думаю, што менавіта ў гэтым нашае выратаваньне”.

Між тым, спэцыялісты не выключаюць: калі Анатоль Байдачны сапраўды на трэнэрскай пасадзе застанецца, то лёс кіраўніка Беларускай фэдэрацыі футболу, дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Генадзя Нявыгласа можа быць вырашаны ўжо ў лістападзе, падчас справаздачнай канфэрэнцыі гэтага аб’яднаньня. На згаданай нарадзе Аляксандар Лукашэнка наўпрост абвінаваціў Нявыгласа ў тым, што той прасіў неадэкватных прэміяльных для гульцоў (5 тысяч даляраў кожнаму за гульню), якія такіх грошай зусім не заслугоўваюць. Старэйшы футбольны адмысловец Леанід Гарай гэтаксама перакананы, што выклік у зборную мусіць быць сам па сабе пачэсны.

(Гарай: ) “Усё павінна грунтавацца на патрыятычных пачуцьцях. Як бы цяжка ні было, трэба выкладвацца. Крыўдна, што былі ў групе каманды цалкам па нашых сілах. Тыя ж малдаване прызнавалі: беларусы клясай вышэйшыя. А так атрымліваецца, што ў першым тайме не рэалізавалі адзін, другі момант — і ўрэшце раскісьлі. І чым бліжэй да фінальнага сьвістка, тым меней жыцьця ў целе. Чаму рукі апускаюцца? Гэта праблема псыхалягічная. Фізычна не гатовыя? Наўрад ці, бо ідзе гульнявы сэзон. Таму, хутчэй, псыхалёгія — павыходзілі, соплі павесілі, пры няўдачы адразу ж раскісаюць”.

Напярэдадні ўвечары вырашыўся лёс моладзевай зборнай, якая, адрозна ад дарослай каманды, да апошняга захоўвала шанцы на працяг барацьбы ў стадыі плэй-оф. Аднак у гэтым цыклі выхаванцы Юрыя Пунтуса пасьпяхова гулялі на выезьдзе і зусім не радавалі заўзятараў у хатніх сустрэчах. Учора беларусы прайгралі аднагодкам з Нарвэгіі 2:3 і разьвіталася з марай трапіць на эўрапейскі чэмпіянат. А вось у спрэчцы нацыянальных камандаў усё вырашылася яшчэ раней: нарвэжцы занялі другое месца ў 5-й эўрапейскай адборачнай групе, а беларусы нават у выпадку перамогі задаволяцца толькі трэцяй пазыцыяй.
XS
SM
MD
LG