Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачаўся чарговы вайсковы прызыў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле вайсковых камісарыятаў, памер прызыву за апошнія гады не зьмяніўся. Між тым у ваенкаматах абяцаюць, што сёлетні прызыў будзе значна адрозьніваецца ад папярэдніх.

Першыя беларускія прызыўнікі восеньскага прызыву 2005 атрымалі па пошце позвы зьявіцца ў ваенкаматы, адкуль іх накіруюць на мэдычную камісію. Гэтак, у звычайным парадку, пачаўся новы вайсковы прызыў. Усяго, паводле дадзеных ваенкаматаў, у войска прызавуць 11 тысяч юнакоў – таксама звыклы для апошніх гадоў памер прызыву. Між тым ў ваенкаматах папярэджваюць, што прызыў ня будзе звычайным. Справа ў тым, што ў ліпені пачалі дзейнічаць папраўкі ў тым разьдзеле Крымінальнага кодэксу, які вызначае адказнасьць за ўхіленьне ад прызыву. За гэта будуць караць двума гадамі зьняволеньня, а калі грамадзянін прызыўнога ўзросту ухіляўся ад службы праз сымуляцыю хваробы ці фальшаваньне дакумэнтаў, яго могуць адправіць за краты нават на 5 гадоў. Прычым значна спросьціцца працэдура прыцягненьня ўхілістаў да крымінальнай адказнасьці. Новы закон дазваляе заводзіць крымінальную справу ўжо пасьля першай няяўкі прызыўніка ў ваенкамат паводле адасланай яму позвы.

Якія прычыны штурхаюць беларускіх юнакоў на шлях ухіліста?

Актывіст маладзёвага руху “Зубр”з Баранавічаў Мікіта Сасім пазаўчора атрымаў позву зьявіцца ў ваенкамат і ўжо пачаў праходзіць мэдычную камісію. Такім чынам Мікіта ня ёсьць яўным ухілістам, але сам ён не выключае, што новыя жорсткія правілы будуць выкарыстаныя і супроць яго.

(Сасім: ) “Таму што адназначна, нават калі мяне і забяруць служыць, то выконваць загады камандзіраў і прымаць прысягу я ня буду. Бо я ўжо прыняў адну прысягу – гэта прысяга на адданасьць беларускаму народу і руху супраціву Зубр”.

Ня толькі палітычныя, але і рэлігійныя меркаваньні могуць стаць падставай для адмовы ад вайсковай службы. У дэмакратычных краінах на гэты выпадак прымаюцца законы аб альтэрнатыўнай службе, аднак ў Беларусі такога закону дагэтуль няма.Тым, каму вера не дазваляе трымаць зброю, даводзіцца пагаджацца альбо на службу ў будаўнічых частках, альбо неяк дамаўляцца з вайсковым начальствам. Паводле зьвестак, некаторым беларускім крышнаітам удавалася дамовіцца, каб іх прыстроілі служыць чым далей ад зброі. А ў некаторых абшчынах баптыстаў ды эвангелістаў на час вайсковай службы вернікам адпускаюць гэты грэх. Тым ня менш, паводле афіцыйных зьвестак, штогод ў Беларусі да 10 юнакоў-вернікаў адмаўляюцца ад вайсковай службы ў любым выглядзе. Яшчэ некалькі гадоў таму ў Рагачове і Рэчыцы Гомельскай вобласьці два маладыя адвэнтысты былі асуджаныя за адмову пайсьці ў войска.

Але найбольшую частку ўхілістаў складаюць юнакі, якія проста ня хочуць марнаваць паўтара года свайго жыцьця на вайсковую службу. Паводле неафіцыйных зьвестак, такіх юнакоў да 2% ад кожнага прызыву. Гэта значыць, што прыблізна 200 юнакоў прызыўнога ўзросту штогод не зьяўляюцца ў ваенкаматы, а зьяжджаюць з краіны ды ўладкоўваюцца за мяжой. Сярод краінаў, куды ўцякаюць беларускія ўхілісты - Расея, ЗША, Вялікая Брытанія, Польшча. Цяпер, паводле новага закону, на кожнага з такіх ухілістаў можна будзе завесьці крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG