Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня стане вядомае імя кіраўніка перадвыбарчага штабу Мілінкевіча


Уладзімер Глод, Менск Сёньня на паседжаньні Сталай рады дэмсілаў мяркуюць афіцыйна абраць кіраўніка перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча -- адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычнай апазыцыі, зацьвердзіць асноўныя накірункі працы штабу. Таксама плянуецца прызначыць кіраўніка Нацыянальнага выканаўчага камітэту -- ценявога ўраду, які будзе рыхтаваць стратэгію дзеяньняў на той выпадак, калі апазыцыя прыйдзе да ўлады. Паседжаньне "дзясяткі" пачнецца а 15-й гадзіне. А на першую палову сёньняшняга дня заплянаваная традыцыйная сустрэча лідэраў дэмакратычных сілаў.

Перадусім патрэбна ўнесьці дакладнасьць у адну важную рэч -- на тых сустрэчах, што ўжо адбыліся пасьля завяршэньня кангрэсу, прысутнічалі Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька. А вось Станіслаў Шушкевіч адсутнічаў. Некаторыя назіральнікі гэта заўважылі, і нават пайшлі розныя размовы, быццам спадар Шушкевіч на некага ці на нешта пакрыўдзіўся... Таму ўчора я зьвязаўся са старшынём Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

(Шушкевіч:) "Я быў у Польшчы, мяне прымаў маршалак Сэнату, я чытаў лекцыі ў Вышэйшай палітычнай школе. Гэта было ў Варшаве. Мяне прымалі там на высокім узроўні -- прыкладам, мэр Кракава. Пасьля гэтага я выступаў на канфэрэнцыі "Шляхі дэмакратызацыі краінаў Эўропы". І галоўнай тэмай там была Беларусь. Я вёў адпаведную панэльную дыскусію. І таму вось гэты час мяне не было тут проста фізычна”.

(Карэспандэнт:) "А ў заўтрашняй сустрэчы вы будзеце ўдзельнічаць?"

(Шушкевіч:) "Буду. Я вярнуўся ў Менск. Адпачыў. Вы мяне засталі на лецішчы. Я тут раблю тое-сёе. Вярнуся ў Менск і заўтра абавязкова з усімі сустрэнуся..."



А што тычыцца тэмаў для абмеркаваньня на сустрэчы палітычных лідэраў, дык яны будуць тыя самыя, што і на паседжаньні "дзясяткі". Неабходнасьць ранішняй сустрэчы Сяргей Калякін патлумачыў наступным чынам:

(Калякін:) "Перад паседжаньнем сталай рады мы проста хочам паразмаўляць паміж сабою. Мы маем свае ўласныя погляды на некаторыя пазыцыі. І мы іх хочам "састыкаваць", каб ужо на паседжаньні "дзясяткі" выказаць кансалідаваныя прапановы іншым удзельнікам. Фармат "дзясяткі" як быў, так і захоўваецца".

Спачатку, як вядома, кіраўніком перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата называлі Анатоля Лябедзьку, пасьля -- Сяргея Калякіна. Сёньня, падобна, прозьвішча кіраўніка гэтай надзвычай адказнай пасады будзе вядомае. Хто пакуль найбольш верагодны прэтэндэнт?

Паводле аналітыкаў, спадар Лябедзька хутчэй за ўсё ўзначаліць кіраўніцтва ценявым урадам. А штаб, адпаведна, мабыць, узначаліць Сяргей Калякін. Пытаюся, ці бярэ ён на сябе такую функцыю:

(Калякін:) "Яшчэ ня ўзяў. Але хутчэй за ўсё вазьму. Мы заўтра будзем яшчэ раз гэта абмяркоўваць. Гэта вельмі сур’ёзны і адказны крок, таму што я ўяўляю, што за гэтым стаіць. У мяне ёсьць шэраг пытаньняў, на якія я хацеў бы атрымаць адказы. Я хацеў бы, каб разам разумелі: я -- тую адказнасьць, якую бяру на сябе, а тыя, хто мне гэта прапаноўваюць, каб яны таксама разумелі, што патрэбны іх удзел. Гэта, паўтаруся, сур’ёзны крок, які, я думаю, заўтра будзе зроблены".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG