Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Сяргей Скрабец чытаць незалежную прэсу ў ізалятары?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня вядомаму апазыцыйнаму палітыку, кіраўніку дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня маці і жонка перадалі пасылку. У ёй акрамя харчоў і цёплай бялізны знаходзілася і квітанцыя, якая сьведчыць пра падпіску на "БДГ. Деловую газету".

Маці былога дэпутата – Ніна Рыгораўна расказала, што ў "Валадарцы", дзе па-ранейшаму знаходзіцца яе старэйшы сын, існуе правіла: каб вязень атрымліваў нейкае выданьне, трэба ня толькі выпісаць яго на пошце, але і перадаць у ізалятар арыгінал альбо ксэракопію квітанцыі. Калі гэтага не зрабіць, дык і газэта альбо часопіс ня дойдуць да адрасата. У гэтым бацькі Сяргея Скрабца пераканаліся, калі выпісалі яму "Народную Волю". Пэўны час вязень яе не атрымліваў таму, што бацькам ніхто не паведаміў пра турэмныя правілы.

Пра тое, што яшчэ акрамя квітанцыі перадалі родныя экс-парлямэнтару, гаворыць ягоная жонка – Аляксандра:

(А.Скрабец: ) "Яму падабаецца рыба, таму мы заўжды для яго рыбу смажым. Таксама сушаную садавіну аднесьлі. Пірог зь яблыкамі сьпяклі. Ён ужо ведае, што восеньню мы заўжды яблычныя пірагі пячэм. Таго трохі, таго... Глядзім, аж чатырнаццаць з паловай кіляграмаў набралася. Стала холадна, таму мы яшчэ камплект цёплай бялізны перадалі. Я схадзіла ў ЦУМ набыла, думаю, у кватэрах холадна, а там яму яшчэ халадней, у гэтых бэтонных халодных сьценах".

Родныя вязьня ня бачылі яго ўжо амаль два месяцы, хаця афіцыйна можна мець сустрэчы раз на месяц. Чаму так адбываецца, тлумачыць жонка Сяргея Скрабца:

(А.Скрабец: ) "Сьледчы нам адмовіў у сустрэчы: вось мы перададзім справу ў суд, а там прасіце ў судзьдзі. І вось ужо месяц прайшоў, паўтара... І ў якім судзе, у якога судзьдзі? Проста ён не захацеў – і ўсё".

Сёньня Сяргея Скрабца, якога афіцыйна абвінавачваюць у трох парушэньнях заканадаўства – выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару ў асабліва буйных памерах, наведаў у камэры ягоны адвакат Алег Дубавец. Паводле ягонага ўражаньня, настрой у экс-дэпутата бадзёры, адчувае сябе ён нармалёва. Пакуль імя судзьдзі, які будзе весьці справу спадара Скрабца, невядомае.

Малодшы брат былога дэпутата – Аляксандар, які праходзіць саўдзельнікам у справе свайго брата, ужо завяршыў азнаямленьне з судовай справай. Ён па-ранейшаму знаходзіцца на волі і чакае пачатку судовага працэсу.

***

Сяргей Скрабец быў арыштаваны ў сярэдзіне траўня. Спачатку яго ўтрымлівалі ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, дзе ён на знак пратэсту (былы дэпутат лічыць сваю справу палітычнай) галадаваў амаль 40 дзён. Пасьля ён быў пераведзены ў сьледчы ізалятар у Менску.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур''ера, які вёз зь Вільні 200 тысячаў даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG