Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан здароўя Міхаіла Марыніча пагоршыўся


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міхаіла Марыніча ў калёніі наведала адвакат Валянціна Шаханцова, якая пацьвердзіла, што стан здароўя вязьня пагоршыўся. Але зьняволены апазыцыйны палітык, паводле словаў адваката, не згубіў аптымізму і веры ў хуткае вызваленьне.

11 кастрычніка адвакат Валянціна Шаханцова наведала ў менскай калёніі Міхаіла Марыніча. Напярэдадні зьявіліся зьвесткі, што стан здароўя вязьня пагоршыўся. Валянціна Шаханцова гэтыя зьвесткі пацьвердзіла.

(Шаханцова: ) “Так, стан ягонага здароўя на сёньняшні дзень можна лічыць нездавальняючым. Ягоная хвароба такая, што час ад часу ўзьнікаюць складанасьці: бывае лепш, а потым горш. І сапраўды, нядаўна ягоны стан пагоршыўся”.

Увесну ў аршанскай калёніі Міхаіл Марыніч перанёс інсульт, наступствы якога ўскладніліся тым, што хворы некалькі дзён не атрымліваў неабходнай мэдычнай дапамогі. У выніку палова тулава была часткова паралізавана. Да гэтага часу не вярнулася былая адчувальнасьць рукі і нагі хворага. Акрамя гэтага, Міхаіл Марыніч пакутуе на сэрца, у яго пагоршыўся зрок.

Адвакат нагадала, што ўсяго Міхаіл Марыніч мае пяць хваробаў са сьпісу захворваньняў, кожнае зь якіх ёсьць падставай для датэрміновага вызваленьня. Тыдзень таму начальніку менскай калёніі было пададзенае хадайніцтва аб датэрміновым вызваленьні Міхаіла Марыніча з прычыны стану здароўя. Дагэтуль адказу на хадайніцтва няма, паведаміла адвакат Шаханцова. Пры гэтым яна адзначыла, што яе падабаронны захоўвае аптымізм, веру ў хуткае вызваленьне і цікавасьць да жыцьця.

(Шаханцова: ) “Трымаецца. Хаця з апошніх сілаў, але трымаецца. Выяўляе цікавасьць да ўсяго, да сытуацыі ў краіне, да апошніх падзеяў. Ён чытае “Народную Волю”, якую атрымлівае па падпісцы. Мне сказаў, каб я прачытала артыкул у нумары за пятніцу. Такім чынам, ён усім цікавіцца”.

У менскай калёніі адмаўляюцца камэнтаваць зьвесткі пра пагаршэньне стану здароўя Міхаіла Марыніча.
XS
SM
MD
LG