Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэзэнтацыі “Сланоў Ганібала” аўтар найлепшага пытаньня атрымае прыз


Ганна Соусь, Менск Прэзэнтацыя новай кнігі Ўладзімера Арлова адбудзецца сёньня ўвечары ў Доме літаратара. У выданьне ўвайшлі выбраныя эсэ апошніх пятнаццаці гадоў, збольшага падарожныя эсэ. Наша карэспандэнтка напярэдадні прэзэнтацыі пагутарыла зь пісьменьнікам.

“Сланы Ганібала” — гэта ужо 31-я кніга Ўладзімера Арлова з улікам перакладаў. Сам аўтар такую колькасьць выданьняў ацэньвае сьціпла, а на маю прапанову падлічыць колькасьць усіх сваіх падарожжаў па сьвеце, адказвае:

(Арлоў: ) “Колькасьць — зусім не галоўнае. Максім Багдановіч, як вядома, пры жыцьці ўбачыў толькі адну сваю кнігу “Вянок”, але застаўся ў літаратуры назаўсёды. Што да колькасьці краінаў, у якіх мне пашчасьціла пабываць, то я хачу сказаць, што да 1990 году я быў невыязным, і таму я з асаблівай асалодай падарожнічаў па сьвеце і наведаў каля дваццаці краінаў. Паўсюль імкнуўся знайсьці беларускую прысутнасьць і адусюль вяртаўся зь яшчэ мацнейшым перакананьнем, што нашыя беларускія жанчыны — найпрыгажэйшыя ў сьвеце”.

Што да фэномэну самога пісьменьніка Ўладзімера Арлова, то ягоны калега і ўдзельнік сёньняшняй вечарыны Адам Глобус вызначае яго так:

(Глобус: ) “Фэномэн вельмі просты: сумленны чалавек. Плюс прырода дала талент, і гэтыя два кампанэнты дастатковыя, каб у наш час быць вядомым, прызнаным і вельмі шаноўным пісьменьнікам”.

Як паведаміў Уладзімер Арлоў, на прэзэнтацыі будзе праведзены традыцыйны конкурс на самае арыгінальнае пытаньне да аўтара. Таксама кнігу ў падарунак атрымаюць найстарэйшыя і наймаладзейшыя ўдзельнікі вечарыны. Як згадаў Уладзімер Арлоў, на адной з ранейшых прэзэнтацыяў да яго падышла цяжарная жанчына, якая ўжо ведала, што ў яе народзіцца дзяўчынка, і яна ўжо вырашыла, як яе назаве. І вось гэтая яшчэ ненароджаная дзяўчынка атрымала ад Уладзімера Арлова кнігу “Адкуль мой род”. Пісьменьнік спадзяецца, што сёньня яна разам з маці будзе на прэзэнтацыі ягонай новай кнігі “Сланы Ганібала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG