Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэты тыдзень у Беларусі улада абвясьціла Тыдзень маці


Вячаслаў Кулік, Менск Такога сьвята няма ў календары, але ў 1996 годзе Аляксандр Лукашэнка выдаў распараджэньне адзначаць Дзень маці 14 кастрычніка. Цяпер падрыхтоўка да яго ў афіцыйных структурах займае цэлы тыдзень.

У Беларусі за Тыднем маці роўна праз 80 дзён наступіць Год маці. Так распарадзіўся прэзыдэнт Лукашэнка. Лідэр грамадзкай арганізацыі “Жаночы незалежны дэмакратычны рух” Людміла Пеціна лічыць, што гэта крокі папуліста.

(Пеціна: ) “Безумоўна, гэта палітычная акцыя. Ён заўсёды робіць такія захады і паказвае, што клапоціцца пра жанчын, думае пра іх. Ён увогуле забывае казаць, што ў жанчынаў ёсьць праблемы, у тым ліку невырашальныя. Гэта – нізкія заробкі, жаночая беднасьць, праблемы працаўладкаваньня, беспрацоўе. Гэта праблемы нават і жанчыны-маці, бо дапамога на дзяцей неадэкватная кошту жыцьця. У Беларусі, калі шануюць маці, то гэта ўсё ў патрыярхальных, савецкіх традыцыях. Гэта ў большасьці я разглядаю як піяр-кампанію перад выбарамі”.

Паводле Навукова-дасьледчага інстытуту працы, у Беларусі ніжэй за плянку пражытачнага мінімуму цяпер знаходзіцца 30 працэнтаў сем’яў, прычым з адным дзіцем – кожная пятая, з двума – кожная другая, а з трыма – большасьць. А хто мае чатыры, пяць, шэсьць дзяцей? Паводле Галіны Начоўкінай, якая працуе у Саюзе жанчын Беларусі, на дапамогу ад дзяржавы шматдзетныя маці могуць разьлічваць хіба ў наступным годзе. Сёньня, як кажа суразмоўца, нават высокія чыноўнікі дзеляць між беднымі толькі гуманітарную дапамогу.

(Начоўкіна: ) “12 кастрычніка ў Лепелі, 13-га – у Паставах прыём правядзе Надзея Андрэеўна Ермакова. Вязем канцэрт мастацкай самадзейнасьці і груз, які Беларускі саюз жанчын зьбіраў ва ўсіх добрых людзей”.

Падлічана, што ў Беларусі ў дзяржаўных структурах большасьць складаюць жанчыны – больш за 60 працэнтаў. Кадравы склад жанчын істотна павялічаны ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце рэспублікі. Палітолягі з апазыцыі гавораць пра ўмацаваньне ўладай адміністрацыйнага рэсурсу да выбараў 2006 году. Лідэры незалежнага жаночага руху заклікаюць да кансалідацыі.

(Скараход: ) Галіна Скараход, Гомельскае абласное жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва”. Цяжка сказаць, ці існуе сёньня такі агульны жаночы рух у Беларусі. Я лічу, што цяпер не павінна быць ніякіх асобных рухаў. Цяпер павінен быць адзіны рух за адзінага кандыдата”.

Як дамагчыся прыхільнасьці жаночага электарату - раіць адзінаму кандыдату Аляксандру Мілінкевічу Людміла Пеціна.

(Пеціна: ) “Мілінкевічу можна было б пажадаць выбудаваць добрыя камунікацыі з жаночымі арганізацыямі , супрацоўнічаць зь імі. Вельмі ўважліва ставіцца да гэтага пытаньня, каб размаўляць з жанчынамі, з жаночым электаратам аб тых праблемах, што іх хвалююць”.

Дарэчы, на сёньня мацярынства ў Беларусі характарызуюць і такія лічбы: 30 тысячаў непаўналетніх прызнаныя сіротамі; каля 4 тысячаў бацькоў пазбаўленыя волі за ўхіленьне ад выхаваньня дзяцей; у краіне адмененая забарона на прымусовае лячэньне жанчын ад алькагалізму; сярод беспрацоўных – 70 працэнтаў складаюць жанчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG