Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго лічаць найлепшым кандыдатам на прэзыдэнта прадстаўнікі інтэлігенцыі?


Галіна Абакунчык, Менск Аб’яднаныя дэмакратычныя палітычныя сілы Беларусі вылучылі Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. А каго лічаць найбольш прыдатнай фігурай на ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі паасобныя прадстаўнікі інтэлігенцыі?

Пра свае палітычныя прыхільнасьці ў інтэрвію Радыё Свабода выказаліся людзі рознага веку й заняткаў. Гэта вядомыя грамадзкія актывісты, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі. Сярод іншых – сябар моладзевага руху “Зубр” Яўген Афнагель.

(Афнагель: ) “Для мяне асабіста ня так істотна прозьвішча адзінага кандыдата, колькі тое, ці гатовы ён ісьці да канца, ці гатовы застацца на пляцы, калі народ прыйдзе яго падтрымаць і ці не збаіцца ён змагацца з рэжымам. Я думаю, што гэткі чалавек будзе абавязкова, але не хачу зараз нейкага прозьвішча называць, бо насамрэч гэта ня вельмі істотна”.

Прыкладна гэткага ж меркаваньня трымаецца праваабаронца, сябра Беларускага хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі.

(Маркушэўскі: ) “Я бы галасаваў за дэмакратычнага кандыдата, які б здолеў прапанаваць добрую праграму. Такіх прэтэндэнтаў на кандыдатаў у нас ужо ёсьць некалькі. Кангрэс дэмакратычных сілаў паказаў, што ў Беларусі ёсьць людзі, здольныя прыйсьці дэмакратычна й рацыянальна кіраваць дзяржавай. Але называць зараз нейкае імя я бы не хацеў”.

Увагу на пэрсаналіях будучых удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі не засяроджвае таксама вядомы філёзаф Валянцін Акудовіч. Вось як ён гэта тлумачыць.

(Акудовіч: ) “Я, шчыра кажучы, нават ня думаў ці будуць там тыя людзі, за якіх мне хацелася бы аддаць свой голас. Бо, на маю думку, праблема палягае ў іншым. А менавіта ў тым, што пакуль спадар Лукашэнка, як кандыдат у прэзыдэнты, будзе хацець ім стаць, усе астатнія будуць статыстамі. І таму я думаю зусім пра іншае: ці ёсьць нейкія мэханізмы, якія б дазволілі зьмяніць рэжым, ці ўвогуле у нашым становішча ёсьць патэнцыял для зьменаў і гэтак далей”.

У адрозьненьне ад папярэдніх прамоўцаў, вядомы кінарэжысэр Юры Хашчавацкі называе адразу некалькі чалавек якія, паводле ягоных меркаваньняў, вартыя удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

(Хашчавацкі: ) “Я ў кожным разе падтрымліваю кааліцыю, а таксама ідэю з адзіным кандыдатам. Але я не лічу, што адзіны кандыдат павінен быць толькі адным. Удзел такіх кандыдатаў, як Казулін, Уладзімер Колас, Аляксандр Вайтовіч, Аляксандр Ярашук будзе карысны й вельмі важны, калі яны выйдуць на гэтую дыстанцыю”.

На некалькіх асобах з шэрагу ўдзельнікаў Кангрэсу засяроджвае ўвагу таксама сябра Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Вацлаў Арэшка.

(Арэшка: ) “Я б сказаў так, што Кангрэс дэмакратычных сілаў ужо адбыўся й выбраў адзінага кандыдата. Я не лічу, што з тых трох асноўных кандыдатаў хтосьці быў відавочным лідэрам, бо усе яны добрыя і ўсе маюць свае плюсы й мінусы. Але выбар Кангрэсу я лічу абсалютна слушным, і болей дадаць я нічога не магу”.

У падтрымку выбару Кангрэсу дэмакратычных сілаў выказаўся таксама лідэр гурту “NRM” Лявон Вольскі.

(Вольскі: ) “Лічу, што варта падпарадкавацца дэмакратычнай большасьці, і калі ёсьць адзіны абраны кандыдат, то й варта галасаваць за Мілінкевіча. Гэта даволі сымпатычны чалавек. Я ня ведаю, наколькі ўсё гэта рэальна, але калі ня верыць у перамогу, ня верыць у зьмены, то нічога й не адбудзецца. У нас агульная бяда ў народзе - ніхто ня верыць, што нешта можна зьмяніць. Але як толькі шмат людзей пачнуць пра гэта думаць, то ў паветры нешта зьменіцца, і адразу зьменіцца сытуацыя”.

Навуковец Радзім Гарэцкі таксама падтрымлівае абраную Кангрэсам дэмсілаў кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча, але з пэўнымі заўвагамі.

(Гарэцкі: ) “Лічу, што Кангрэс разумна паступіў: выбралі Мілінкевіча, мне падаецца, што гэта добрая, сур’ёзная кандыдатура. Мне спадабалася, што ўсе пагадзіліся разам выступаць і дапамагаць вось гэтай адзінай кандыдатуры. Але, на жаль, калі казаць пра будучыню, то пакуль мы ня зьменім мэтоду самую выбараў, то яе вельмі цяжка будзе прайсьці. Як яшчэ Іосіф Вісарыёнавіч казаў – ня важна як прагаласуюць, а важна як падлічаць. А нашая Ярмошына, як вы ведаеце, вельмі добра й спрытна ўмее падлічыць”.

А падсумаваў усё раней сказанае вядомы мастак Мікола Купава.

(Купава: ) “Годных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта ў нас дастаткова, бо мы - багатая нацыя і ў нас гэта ёсьць. Але ня кожнаму даецца такая мажлівасьць, і гэта трэба ўлічваць. Таму давайце зараз будзем абіраць Мілінкевіча. Я думаю, што тут і ня трэба больш драбіцца, а трэба аб’ядноўвацца й працаваць. Мы павінны зараз учапіцца за адну кандыдатуру за гэтую і ісьці да перамогі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG