Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія актывісты рыхтуюць кампанію ў падтрымку А.Мілінкевіча


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ўвечары ў Гомелі прадстаўнікі рэгіянальных палітычных партыяў абмяркоўвалі сумесную праграму дзеяньняў па падтрымцы ў рэгіёне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча.

На сустрэчы, якую распачаў намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімер Кацора, галоўнае пытаньне гучала так: чым займацца цяпер, калі адзіны кандыдат ужо вызначаны і ніякай рэвізіі вынікаў Кангрэсу ўжо ня можа быць?

Рэгіянальныя лідэры мяркуюць, што тыднёвага зацішша пасьля Кангрэсу дастаткова. Жарсьці ў асяродку асобных партыяў уціхлі. Цяпер супольныя намаганьні павінны быць скіраваны на інфармацыйную падтрымку кандыдатуры Аляксандра Мілінкевіча. І найпершая тут задача – стварэньне сыстэмы дастаўкі і пашырэньня інфармацыі пра вылучэнца ад апазыцыі.

Распавядае старшыня рэгіянальнай суполкі партыі БНФ Віктар Раманішка:

(Раманішка: ) “Трэба пераадолець інфармацыйную блякаду, данесьці да кожнага жыхара рэгіёну, што кандыдат, якога мы прапануем на выбары – лепшы. Павінна быць сфармавана сыстэма дастаўкі інфармацыі, апазыцыйных газэтаў ды іншай літаратуры”.

Некаторыя актывісты, у прыватнасьці, кіраўнік Партыі “зялёных” Алег Грамыка, лічыць, што ў найбольш буйных гарадах патрэбны сходы грамадзянаў з удзелам Аляксандра Мілінкевіча. Так выбарцы могуць увачавідкі пазнаёміцца з прэтэндэнтам ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары.

Старшыня абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка мяркуе, што трэба як мага хутчэй ствараць сумесныя структуры, якія будуць працаваць на кожным выбарчым участку. Такой жа пазыцыі прытрымліваецца і сябра АГП Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “Неабходна нашы наяўныя структуры давесьці да парадку, каб камуністы, фронтаўцы, сябры АГП, усе іншыя грамадзяне зьліліся. Трэба, каб мы ведалі адзін аднаго. Разам варта рыхтавацца да акцыяў “ад дзьвярэй да дзьвярэй”. Так, гэта будзе рызыкоўна! Улады будуць гэта абмяжоўваць. Яны гэтага баяцца. Але гэта тое, што ў нас засталося. Што там “наверсе” ў Менску нашы структуры вырашаць, няхай і яно будзе, калі знойдуцца нейкія матэрыяльныя сродкі. Аднак разьлічваць трэба на тое, што іх ня будзе. І маральна падрыхтавацца да мажлівага перасьледу ўладаў. А што рабіць – трэба перамагаць!”

У найбліжэйшы час у рэгіёне будзе сфармаваны штаб па падтрымцы Аляксандра Мілінкевіча. У мясцовых актывістаў няма іншых плянаў, акрамя сумеснай працы на перамогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG