Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне будзе вырабляцца туалетная папера з партрэтам Лукашэнкі


Ігар Карней, Менск Сёньня ўкраінскія СМІ паведамляюць, што хуткім часам ва Ўкраіне пачне прадавацца туалетная папера з выявамі вядомых палітыкаў, сярод якіх першыя асобы ЗША, Расеі, Вялікабрытаніі, палітычныя дзеячы і алігархі. Гэтаксама плянуецца “уганараваць” беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку. Замовы на паперу ўжо паступілі з Расеі й Брытаніі. Пра інтарэс Беларусі да спэцыфічнай прадукцыі нічога не вядома.

Як пішуць украінскія мэдыі, першую партыю туалетнай паперы ўпрыгожаць партрэты прэзыдэнтаў Расеі і ЗША Ўладзімера Пуціна і Джорджа Буша, брытанскага прэм’ера Тоні Блэра, а таксама беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі.

Адно з украінскіх выдавецтваў нібыта ўжо разьмясьціла замову на вытворчасьць спэцыфічнай “палітычнай паперы” ў Кітаі, спадзеючыся, што попыт на прадукцыю будзе вялізны. Праўда, у самой Украіне ў падобныя пляны ня вельмі вераць. Вось што кажа супрацоўніца кампаніі “Экадом” з Львову, якая назвалася Аленай.

(Алена: ) “Шчыра кажучы, ня бачыла, каб штосьці падобнае зьявілася. Можа, гэта толькі пляны, альбо можа ўвогуле хтосьці так пажартаваў”.

(Карэспандэнт: ) “Ня думаеце, што такое можа быць насамрэч?”.

(Алена: ) “Ня думаю, што гэта сур''ёзна, шчыра кажучы. Прынамсі, у продажы яшчэ нічога не было. Бо, калі б гэта было праўда, у нас у Львове такой прадукцыяй усе пачалі б актыўна карыстацца. І, перадусім, паводле свайго наўпроставага прызначэньня”.

Туалетная папера з выявамі палітычных дзеячаў той ці іншай краіны ўжо зьяўлялася ў ЗША, Нямеччыне, а зусім нядаўна і ў суседняй Польшчы. У Беларусі пра падобныя экспэрымэнты небясьпечна ня толькі гаварыць, але нават думаць: што казаць, калі КГБ і МУС зацікавіліся нават папулярызацыяй Аляксандра Лукашэнкі праз сатырычныя мультфільмы ў інтэрнэце.

Расейскі мультыплікатар, аўтар паходжаньняў “Масяні” Алег Куваеў у гэтым зьвязку перакананы: усялякія вольнасьці, якія так ці інакш тычацца Лукашэнкі, будуць жорстка карацца ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

(Куваеў: ) “Лукашэнка ня супраць мультфільмаў ваюе. Ён супраць людзей змагаецца, супраць таго, што падобныя вольнасьці маюць месца. І яшчэ гэта паказьнік таго, што ён баіцца ня толькі “кампраматаў”, якія можна памацаць (тую ж туалетную паперу), але і інтэрнэту. Бо гэта амаль адзіная свабодная зона, якая яшчэ засталася. Пра існаваньне гэтых мультфільмаў ніхто асабліва і ня ведаў. Шмат хто нават западозрыў пэўны піяр. І толькі дзякуючы спэцслужбам усе захацелі ўбачыць – што ж там такога крамольнага? Праўда, шкада, што самі хлопцы з-за гэтага трапілі ў незайздроснае становішча”.

Здаровы сьмех з уладаў характэрны для ўсіх дэмакратычных краінаў. Нават у Расеі свабодна прадаюцца сатырычнага выгляду матрошкі з выявамі былых і цяперашніх палітыкаў, уключна і з прэзыдэнтам Пуціным. На латках, дарэчы, можна сустрэць і ляльку Лукашэнкі. У Расеі вольна, а ў Беларусі падпольна ходзяць гульнявыя карты, дзе замест вальтоў ды каралёў вышэйшыя беларускія чыноўнікі, і Лукашэнка сярод іх – джокер.

Афіцыйна ў Беларусі ўхваляецца толькі станоўчы вобраз кіраўніка краіны. Берасьцейскі дывановы камбінат выконвае адпаведныя замовы з тварам Лукашэнкі на дыванах; БРСМ тыражуе насьценныя каляндары, дзе на 12 старонках кіраўнік краіны дэманструе сваю фотагенічнасьць зь дзецьмі, хлебаробамі, працоўнымі калектывамі. Паслугамі беларусаў карыстаюцца і замежныя кіраўнікі. Так, у Віцебску на дывановым камбінаце замаўлялі Пуціна ў кімано, а віцебскі прыборабудаўнічы завод рабіў гадзіньнікі з выявай Туркмэнбашы. Пра апошні факт тут узгадваюць неахвотна.

(Супрацоўніца: ) “Ці трэба вяртацца да тэмы, якая ўжо ў мінулым? Заказ быў, ён выкананы і адгружаны. Цяпер у нас больш за дзесяць іншых юбілейных замоваў, я ўжо не кажу пра індывідуальныя. Навошта зноў вяртацца да той тэмы? Мы можа зрабіць любы гадзіньнік, і калі вы гэтаксама зацікаўленыя ў гэтым, прыяжджайце, зробім. Але вы чамусьці думаеце, што мы працуем толькі на Туркмэнбашы ці на кагосьці іншага? А наша Беларусь?”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG