Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзей зноў прапісваюць у выселеныя пасьля Чарнобылю вёскі


Казімер Яноўскі, Брагінскі раён У Гомельскай вобласьці нанова пачалася прапіска жыхароў, якія раней былі выселеныя з заражаных радыяцыяй вёсак. Аляксандар Лукашэнка на “Дажынках” у Слуцку нават заявіў, што ў адсяленьні вёсак пасьля Чарнобылю вінаватая апазыцыя — як вынік, нібыта многія жыхары былі выселены з найбольш урадлівых земляў.

Жыхароў вёсак Кавалі і Сабалі, што знаходзяцца непадалёку ад райцэнтру Брагін, адсялілі на чыстыя тэрыторыі адразу пасьля чарнобыльскай катастрофы. Аднак неўзабаве некаторыя зь іх вярнуліся сюды назад. Апрача таго, напрыклад, у Сабалях, пасяліліся некаторыя ўцекачы з канфліктных раёнаў былога Савецкага Саюзу. Цяпер іхнае пражываньне тут узаконена. Распавядае кіраўнік справаў Бранінскага райвыканкаму Валер Чэкан:

(Чэкан: ) “Вось гэтыя вёскі Кавалі і Сабалі аднесены цяпер да гораду. У Сабалях няма ні калгасу, ні сельскага савету. Таму нешматлікіх жыхароў з гэтых вёсак аднесьлі да райцэнтру. Людзі зьвяртаюцца з заявамі ў райвыканкам, і мы іх прапісваем у звычайным парадку паводле рашэньня райвыканкаму”.

Заканадаўчай паставай для прапіскі жыхароў у раней выселеных вёсках сталі пастановы ўраду наконт пераводу паселішчаў з зонаў, моцна заражаных радыяцыяй, у меней заражаныя. Выканаўчыя органы вырашаюць, да якога сельскага савету ці райцэнтру аднесьці гэтыя пачысьцелыя вёскі.

Легалізацыя наноў заселеных паселішчаў пачалася ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Памятаю, як Аляксандар Лукашэнка ў вёсцы Савічы таго ж Брагінскага раёну казаў самасёлам: хочаце жыць — жывіце, а мы будзем вам дапамагаць. Тады вяскоўцы папрасілі ў кіраўніка дзяржавы трактар і камбайн для апрацоўкі прысядзібных участках і абмалоту збожжа. Успамінае спадар Аляксей зь вёскі Савічы:

(Аляксей: ) “Трактар Аляксандар Лукашэнка паабяцаў даць, калі быў тут, у вёсцы Савічы. Трактар паабяцаў і камбайн. Ён сваё абяцаньне выканаў — даў трактар і камбайн”.

Неўзабаве гэту тэхніку перадалі ў Хракавічы мясцоваму сельгаспрадпрыемству:

(Аляксей: ) “Перадалі ў калгас у Хракавічы трактар і камбайн. Якім чынам, ня ведаю. Перадалі бязвыплатна”.

Вяртаньне жыхароў у раней выселеныя вёскі запатрабавала клапаціцца ня толькі пра прысядзібныя ўчасткі, але і пра побыт людзей. Выканаўчыя структуры сутыкнуліся зь вялікай праблемай. Калі прапісаць людзей, то трэба ім забясьпечваць і сацыяльныя ўмовы. Аднаўляць крамы, мэдпункты, працоўныя месцы для аднаго-двух дзясяткаў чалавек эканамічна нямэтазгодна. Але ў заканадаўстве такая норма не запісана. З гэтай прычыны толькі на Гомельшчыне 188 населеных пунктаў лічацца праблемнымі. Прапісаць людзей там можна, а жыць па-людзку — нельга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG