Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны-вайскоўцы мацнейшыя ў крызіснай сытуацыі


Натальля Судлянкова, Прага Цягам вываду ізраільскіх паселішчаў з Палаcы Газы сярод вайскоўцаў было шмат жанчынаў. Перад тым, як пачалася апэрацыя, у Ізраілі было шмат спрэчак – ці здольныя жанчыны вытрымаць такое псыхічнае і фізычнае напружаньне, якое непазьбежна будзе суправаджаць вывад паселішчаў.

Аднак, высьветлілася, што жанчыны-вайскоўцы паводзілі сябе ў крызіснай сытуацыі лепш, чым мужчыны. Да гэтай тэмы зьвярнулася амэрыканская газэта Washington Times.

Ізраільскае войска замовіла спэцыяльныя дасьледаваньні, якія меліся даць адказ на пытаньне, ці здольныя жанчыны на роўных з мужчынамі змагацца з крызіснымі сытуацыямі. Вынікі дасьледаваньня сталі нечаканасьцю для вайсковага кіраўніцтва. Высьветлілася, што жанчыны лепш здолелі выканаць тыя задачы, якія былі пастаўленыя перад падразьдзяленьнямі ізраільскага войска.

Па тэлебачаньні звычайна дэманстравалі кадры, на якіх жанчыны-вайскоўцы з крыкам выводзяць пасяленцаў зь іхных дамоў. На самой справе, як паказала дасьледаваньне, жанчыны былі значна больш эфэктыўнымі ўва ўмовах канфрантацыі з пасяленцамі. Камандаваньне войска было занепакоенае тым, што жанчыны маюць значна менш досьведу дзеяньняў у крызысных умовах, чым у мужчынаў-вайскоўцаў.

Тым больш, што жанчыны-вайскоўцы, пераважна, былі вельмі маладымі – 18-19-гадовымі дзяўчынамі. Іх задача была суправаджаць 8 тысячаў пасяленцаў і 5 тысячаў людзей, якія самавольна праніклі на тэрыторыю паселішчаў. Гэтых людзей саджалі ў аўтобусы і вывозілі з тэрыторыі Паласы Газы.

Значная частка зь іх былі маладыя жанчыны, выпускніцы рэлігійных школ. Менавіта яны больш за ўсіх супраціўляліся вываду паселішчаў. Яны ведалі, што супраць іх ня будзе выкарыстаная зброя і таму дазвалялі сабе тое, чаго б не дазволілі ў іншых сытуацыях. Да таго ж, гэтыя выпускніцы рэлігійных школаў ня йдуць у войска, і таму, адзначаюць экспэрты, яны адчуваюць значна менш павагі да людзей у форме.

Таму жанчыны-вайскоўцы, якія суправаджалі гэты кантынгент пасяленцаў, часьцяком былі ў значна больш складанай сытуацыі, чым іх калегі-мужчыны. Дзеля таго, каб лепш выканаць свае задачы, яны самастойна, без загадаў камандаваньня, фармавалі групоўкі, кожная зь якіх несла адказнасьць за пэўны кавалак працы. І там, дзе мужчыны-вайскоўцы пасьпявалі эвакуяваць 4-5 пасяленцаў, жаночыя групоўкі вывозілі з Паласы Газа ад 6 да 10 чалавек. Гэты фэномэн эфэктыўнасьці жанчынаў-вайскоўцаў вывучалі псыхолягі і афіцэры з апэратыўнага штабу. Мяркуецца, што вынікі дасьледаваньня пазьней стануць асновай для распрацоўкі рэкамэндацыяў, як праводзіць у будучым значна больш маштабны вывад паселішчаў з Заходняга берагу ракі Ярдан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG