Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвілла: “Нашыя аргумэнты былі добра ўспрынятыя ў Брусэлі” (фота)


Сяргей Навумчык, Брусэль. Завяршыўся візыт дэлегацыі Рады БНР у Брусэль. Прадстаўнікі Рады БНР мелі сустрэчы ў Эўрапарлямэнце – у аддзелах Эўрапейскай Камісіі, якія непасрэдна займаюцца дачыненьнямі зь Беларусьсю. Адбылася размова ў офісе Высокага прадстаўніка ў справах агульнай замежнай палітыкі і палітыкі ў галіне бясьпекі.

Тэмай гутарак былі гарантыі незалежнасьці Беларусі. Выказвалася меркаваньне, што Крэмль не пакінуў намеру далучыць Беларусь да Расеі, а значыць, Расея не павінна ўспрымацца як “дапаможніца” ў дэмакратызацыі Беларусі. Абмяркоўвалася магчымая дапамога краінаў Эўразьвязу беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

У прыватнасьці, прадстаўнікі Рады БНР закранулі праблему радыёвяшчаньня на Беларусь, адзначыўшы, што рашэньне распачаць перадачы радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на Беларусь па-расейску ня ўлічваюць асаблівасьці моўнай сытуацыі ў краіне. Аргумэнт, што ў Беларусі ўсталяванае “дзьвюхмоў’е” як вынік “рэфэрэндуму” 1995 году, на думку Рады БНР, не павінен успрымацца, паколькі той рэфэрэндум быў прызначаны з парушэньнямі Канстытуцыі праз зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту, праходзіў са шматлікімі парушэньнямі і ня можа лічыцца легітымным.

Вось як ацаніла вынікі сустрэчаў з палітыкамі Эўразьвязу Івонка Сурвілла:

(Сурвілла: ) “Вельмі задаволеная гэтым візытам у Брусэль. Бачыліся з уплывовымі людзьмі, якія, безумоўна, маюць магчымасьць нешта зьмяніць, асабліва ў тых галінах, дзе мы маем найбольшыя праблемы – вяшчаньне па-расейску, у галіне дапамогі дэмакратызацыі Беларусі. Нашыя аргумэнты былі вельмі добра ўспрынятыя. Маем ўражаньне, што будуць і вынікі з гэтага”.

У Антвэрпэне прайшла сустрэча з актывістамі беларускай дыяспары ў Бэльгіі, у тым ліку Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня і Беларускай Уніі. На сустрэчы былі прадстаўнікі розных палітычных плыняў – Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БНФ, Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” ды іншых, якія ў выніку палітычнага перасьледу былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

(Сурвілла: ) “Гэта была вялікая прыемнасьць. Цудоўныя людзі, змагаюцца, колькі могуць, паводле сваіх сілаў, за сваю беларускасьць, за незалежнасьць Беларусі. Надзвычайныя людзі, сапраўды”.

Дэлегацыя Рады БНР наведала ў Лёвэне магілу кампазытара Міколы Равенскага – аўтара духоўнага гімну “Магутны Божа” на верш Натальлі Арсеньевай. Пробашч мясцовай беларускай грэка-каталіцкай парафіі Ян Майсейчык адслужыў паніхіду за спачын душы выбітнага беларускага кампазытара.







На здымках: падчас сустрэчы з беларусамі Бэльгіі; ля магілы кампазытара Міколы Равенскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG