Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку паведамілі пра рэарганізацыю ЭўрАзЭС


Алесь Дашчынскі, Менск Рашэньне аб рэарганізацыі Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭўрАзЭС) прынята ў Санкт-Пецярбургу без удзелу кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які зьяўляецца старшынём міждзяржаўнай рады Эўразійскай эканамічнай супольнасьці.

Пасьля прынятага рашэньня прэзыдэнт Расеі паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што А.Лукашэнка не пярэчыць зьліцьцю абедзьвюх структур. Уладзімер Пуцін назваў гэта “найлепшым падарункам” да свайго дня народзінаў.

Адрозна ад іншых лідэраў краінаў — сябраў ЭўрАзЭС, кіраўнік Беларусі даў сваю згоду па тэлефоне. Прычым, расейскі прэзыдэнт паставіў А.Лукашэнку, што называецца, перад фактам. Ён паінфармаваў кіраўніка Беларусі аб прынятым рашэньні — уступленьні ЦАС ў ЭўрАзЭС. Як паведамляюць дзяржаўныя мэдыі, А.Лукашэнка даў “прынцыповую згоду”.

Тым часам на парадку дня саміту, які праходзіць у Пецярбургу, паўстаўлена праблематыка актывізацыі гандлёва-эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва і шэраг іншых пытаньняў разьвіцьця інтэграцыйных працэсаў на эўразійскай прасторы. Чаму ж А.Лукашэнка не паехаў на саміт у Пецярбург? Кіраўнік камісіі ў міжнародных справах Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец лічыць, што кіраўнік Беларусі быў заняты больш важнымі справамі.

(Чаргінец: ) “Яму ёсьць чым займацца. У яго цяпер была вялікая, прадстаўнічая дэлегацыя Індыі, Малдовы. Ён жа заўсёды аддае перавагу інтарэсам краіны, так бы мовіць, у сябе ў першую чаргу. Не абавязкова ж па такім пытаньні ехаць”.

Паводле М.Чаргінца, прынятае ў Пецярбургу рашэньне пашырае магчымасьці эканамічнага супрацоўніцтва краінаў, у тым ліку Беларусі. Аднак вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што нічога значнага ў эканамічным пляне не адбудзецца.

(Злотнікаў: ) “Беларусь ідзе сваёй дарогай. У нас эканоміка вельмі адрозьніваецца ад эканомік усіх краін былога Савецкага Саюзу. У такім стане і ў такім выглядзе яна ня рынкавая. Яна ня можа аб’яднацца нават у зоне свабоднага гандлю, бо самая нізкая ступень інтэграцыі — гэта зона свабоднага гандлю. І яна не адбылася паміж Расеяй і Беларусьсю. А больш цесная інтэграцыя — гэта цяпер немагчыма”.

Вядомы расейскі палітоляг Сяргей Маркаў ня бачыць у адсутнасьці А.Лукашэнкі на саміце ў Пецярбургу праявы палітыкі ізаляцыі.

(Маркаў: ) “Тое, што Лукашэнкі на гэтай сустрэчы няма, гэта, так бы мовіць, ня так важна. Дэ-факта гаворка ідзе пра ліквідацыю ЦАС, сябрам якой не зьяўляецца Беларусь, і далучэньне да ЭўрАзЭС Узбэкістану. Гэта не зьяўляецца нейкай спробай ізаляцыі Лукашэнкі, тым больш, што многія лідэры ЭўрАзЭС знаходзяцца ў падобнай сытуацыі адносна Захаду, як і А.Лукашэнка. У такой жа сытуацыі, дакладна, лідэр Узбэкістану, які далучаецца. Толькі што адносна Ўзбэкістану Эўразьвяз увёў санкцыі. Так што, можна сказаць, там кампанія людзей, духоўна блізкіх Лукашэнку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG