Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чаму ўлады маўчаць пра выбухі ў Віцебску?"


Іна Студзінская, Менск Агляд публікацыяў у недзяржаўнай прэсе

У пятнічнай “Народнай Волі” надрукаваны артыкул Валерыя Косткі “Крывое люстэрка”, у якім аўтар аналізуе кнігу Аляксандра Фядуты “Аляксандр Лукашэнка. Палiтычная бiяграфiя”. “Лiчу неабходным, як памочнiк намесьнiка старшынi Вярхоўнага Савета 13-га склiканьня Генадзя Карпенкi, адрэагаваць на разнастайныя iнсінуацыi на адрас гэтага вядомага чалавека з боку Фядуты”, піша Валеры Костка.

“Чаму ўлада маўчыць аб выбухах у Вiцебску?” Сваё меркаваньне на гэты конт выказвае акадэмiк Аляксандр Вайтовiч. Пра трэцi выбух, якi адбыўся ў Вiцебскай вобласьцi пазаўчора, “Народнай волi” эксклюзіўна распавядае мiнiстар унутраных справаў Беларусi Ўладзiмер Навумаў.

Мiнiстар фiнансаў Мiкалай Корбут заявіў: “Калi нехта прадставiць бюджэт лепш, чым Мiнiстэрства фiнансаў, - я прагаласую”. Галоўны фінансіст краіны лiчыць, што пры прыняцьцi бюджэта на будучы год дыскусiяй быць не павiнна. “Народная Воля” зьвярнулася па камэнтар да экс-старшыні Нацбанку прафэсара Станiслава Багданкевiча.

Слуцкі “Інфо-Курьер” значную частку 32-палоснага нумара прысьвячае дажынкам, якія адбудуцца ў горадзе ў выходныя дні. Усе працы па добраўпарадкаваньні так і не пасьпелі зрабіць, але цэнтар гораду сапраўды зьмяніўся. Асабліва ўражвае ўзьбярэжная ракі Случ. У суботу ў горадзе будзе адкрыта Галерэя мастацтваў. А юная случанка Вікторыя Гвозьдзь перамагла ў конкурсе “Японская культура і японская мова”, што праводзіла Амбасада Японіі ў Беларусі, і наведала Токіё.

Баранавіцкі “Інтэкс-Прэс” друкуе падборку матэрыялаў з Кангрэсу дэмсілаў пад агульным загалоўкам “Адзіны ў полі воін”. Цэлая паласа прысьвечаная “Рабам з беларускай прапіскай”- праблеме гандлю людзьмі. Распавядае баранавіцкі журналістУладзімер Янукевіч.

(Янукевіч: ) “Аказваецца, Баранавічы – лідэр па зваротах на лінію даверу, якая існуе ў Берасьці, і па крымінальных справах, якія заведзеныя па сэксуальнаму рабству і па працоўнаму рабству, калі людзей наймаюць і грошай фактычна ня плацяць. Газэта зьмяшчае камэнтары спэцыялістаў, матэрыялы з прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася ў гарадзкім аддзеле ўнутраных справаў”.

"Наша Ніва" зьмяшчае літаратурнае эсэ Аляксандра Фядуты "Ксты" і дуліна ў кішэні", у якой аўтар ставіць пытаньне рубам аб прыродзе таленту Рыгора Барадуліна. "Пакуль беларускія чытачы ня будуць ведаць псалмапеўца Барадуліна лепш, чым Барадуліна - эпіграматыста, Нобэлеўскай прэміі мы ня ўбачым", - робіць выснову спадар Фядута.

Андрэй Кіштымаў, дасьледчык гісторыі эканомікі, стаў чарговым вядомым навукоўцам, якога пазбавілі працы ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. У неасталінісцкай манаграфіі па аграрнай гісторыі Беларусі Кіштымава зьвінавацілі ў "заалягічнай нянавісьці да савецкай і сучаснай уладаў, суцэльным панегірыку прыватнай уласнасьці, Захаду", паведамляе "Наша Ніва".

Назаву адзін матар''ял, які друкуе «БДГ.Деловая газета». «Ц ывілізаваны сьвет будзе трымацца падалей ад беларускага рэжыму», сьвярджае Ірына Халіп, якая знаходзіцца ў Страсбуры, на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

“Вітебскій курьер” публікуе некалькі матар’ялаў на крымінальныя тэмы. “Валёнкі для дурня” – пра аферы экс-дырэктара гандлёва-закупачнага прадпрыемства з красамоўнай назвай “ФігВам” Аркадзя Лібэрмана. “Дабраліся і да Вайса” – пра чарговы клубок інтрыгаў вакол дзейнасьці прадпрыемства “Вікас – прадукты харчаваньня”, заснавальнікам якога зьяўляецца нямецкі канцэрн “Швартаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG