Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 кастрычніка 1535 году з друку выйшла першая ў сьвеце Біблія на ангельскай мове.


RFE/RL Вартая ўвагі акалічнасьць: беларусы, дзякуючы Францішку Скарыну, атрымалі сваю Біблію па-беларуску ў 1517 годзе, гэта значыць, амаль на двацццаць гадоў раней за ангельцаў.

4 кастрычніка 1957 году Савецкі Саюз запусьціў у космас першы штучны спадарожнік Зямлі. Многія, напэўна, памятаюць гэтую эпахальную падзею з кадраў кінахронікі і мастацкіх фільмаў. Усё, што рабіў першы спадарожнік – гэта лётаў і «пікаў» -- пасылаў на Зямлю сыгналы. А літаральна празь месяц СССР запусьціў наступны спадарожнік, у якога пасадзілі жывога сабаку Лайку.

4 кастрычніка ў 1980 годзе ў аўтамабільнай катастрофе загінуў Пётар Машэраў, першы сакратар ЦК КПБ і герой Савецкага Саюзу. Менавіта зь ягонай асобаю зьвязваюць усё добрае і кепскае, што рабілася ў Беларусі за часамі савецкага застою.

4 кастрычніка 1750 году ў Віцебску нарадзіўся паэт Францішак Дыянізі Князьнін. Адукацыю ён атрымаў у Беларусі. Спачатку вучыўся ў Віцебскай езуіцкай калегіі, дзе скончыў клясу рыторыкі, затым у Полацку, Нясьвіжы і Слуцку. Ягоныя вершы, оды, элегіі й байкі, напісаныя на лаціне і па-польску, сталі клясыкай літаратуры ракако ў Рэчы Паспалітай. Ягоныя опэры ставіліся па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў Слонімскім тэатры Агінскага. Апроч таго, Францішак Князьнін быў адным зь першых зьбіральнакаў беларускага фальклёру, а многія героі ягоных твораў гавораць па-беларуску. Ягоны беларускі верш “Кросенкі” выконваўся сялянамі як народная песьня.

4 кастрычніка 1816 году нарадзіўся Эжэн Пацье, францускі паэт, удзельнік Парыскае камуны, які ўвайшоў у гісторыю як аўтар ведамага ўсім “Інтэрнацыяналу”.

А 4 кастрычніка 1904 году памёр іншы дзяяч францускае культуры, скульптар і графік Фрэдэрык Агюст Бэртольдзі. Ён -- аўтар вострых палітычных карыкатураў, а таксама ўсім вядомай статуі Свабоды. Свабода была створаная ў Парыжы і толькі пасьля яе копія была падораная францускім урадам Злучаным Штатам і стала неад’емным сымбалем Нью-Ёрку.
XS
SM
MD
LG