Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старэйшым школьнікам будзе яшчэ больш складана выехаць за мяжу на аздараўленьне


Галіна Абакунчык, Менск А.Лукашэнка падпісаў указ, якім акрэсьліў узроставую мяжу ў справе аздараўленьня беларускіх школьнікаў за мяжой. Паводле гэтага дакумэнту, падчас навучальнага году вывозіць за мяжу больш як на 15 дзён дазволена толькі вучняў 1—4 клясаў сярэдніх школаў і вучняў 1—5 клясаў спэцшколаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, падставай для гэтага стала патрэба захаваць бесьперапынны навучальны працэс. Пэдагогі мяркуюць, што сапраўдным клопатам уладаў ёсьць жаданьне абмежаваць кантакты школьнай моладзі з Захадам.

Юрыдычную сілу ўказ кіраўніка краіны набыў у кастрычніку, але фактычна ўзроставыя абмежаваньні дзейнічаюць ад пачатку году. Таму для многіх старшаклясьнікаў дарога за мяжу закрылася яшчэ раней. Прычым, бальшыня зь іх вырасла, стоячы ў чарзе на выезд, бо цягам лета аздаравіць усіх дзяцей немагчыма, кажа супрацоўніца фонду “Дзецям Чарнобылю” Людміла Марушкевіч.

(Марушкевіч: ) “Вы паглядзіце якія ў нас сьпісы. У нас ёсьць кіраўніца аздараўленчай дзіцячай праграмы, яна сядзіць, гартае гэты журнал — і прапускае, прапускае. Бо дзіця, да прыкладу, у пятай клясе — усё, яно выехаць ужо ня можа”.

Паводле спадарыні Марушкевіч, і дагэтуль настаўнікі, якія суправаджалі дзяцей за мяжу, арганізоўвалі заняткі, хоць яны і саступалі школьнаму навучаньню.

(Марушкевіч: ) “Канечне, клопат пра тое, каб усе вучыліся, зразумець можна. Але калі дзіця хворае, вучоба ўсё роўна не палезе яму ў галаву. Усе пішуць пра тое, што дзеці, якія прабылі ў чыстых зонах, харчаваліся чыстымі прадуктамі — яны прыяжджаюць іншымі. Ізноў жа — іншыя краіны, іншае разьвіцьцё, і яны становяцца зусім іншымі”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ліцэнзію на арганізацыю аздараўленьня дзяцей за мяжой сёньня маюць каля 130 грамадзкіх дабрачынных структураў. Дзякуючы іхнай дзейнасьці палепшыць сваё здароўе за мяжой змаглі тысячы беларускіх дзяцей. І абмежаваньне на выезд мае на мэце ня клопат пра якасьць навучаньня школьнікаў, а перадусім жаданьне абмежаваць іхныя кантакты з вольным сьветам, лічыць дырэктар зачыненага беларускага ліцэю Ўладзімер Колас.

(Колас: ) “Выяжджаць падчас заняткаў за мяжу — справа ня вельмі добрая, і мы яе таксама ніколі не віталі. Таму гэта правільна. Зь іншага боку, ці ёсьць тут клопат пра маладое пакаленьне — тут вялікія падазрэньні . Бо мы бачым, што для гэтай улады галоўнае надзець на вочы маладым ідэалягічныя шоры й ня даць бачыць альтэрнатывы, ня даць бачыць нармалёвага сапраўднага жыцьця, якое ёсьць у свабодным сьвеце. І гэты ўказ, безумоўна, трэба разглядаць у гэтым кантэксьце”.

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, пра факты невяртаньня дзяцей ці асобаў, якія іх суправаджаюць, арганізатары выезду мусяць паведамляць у міністэрствы адукацыі і аховы здароўя, а таксама ў дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта на працягу сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG