Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі адхіліла рукапіс кнігі пра Аляксандра Лукашэнку з-за нізкага мастацкага ўзроўню (абноўлены)


Ігар Карней, Менск Кандыдат у сябры Саюзу пісьменьнікаў Мікола Жыгоцкі падрыхтаваў да друку кнігу, прысьвечаную Аляксандру Лукашэнку. У працэсе збору матэрыялу спадар Жыгоцкі сустракаўся з аднавяскоўцамі, сваякамі і былымі сябрамі кіраўніка краіны і перакананы, што такая “чалавечная” кніга пра першую асобу дзяржавы падрыхтаваная ўпершыню. Аднак, паводле аўтара, Міністэрства інфармацыі неабгрунтавана марудзіць з узгадненьнем кнігі дзеля хутчэйшага накіраваньня яе ў друк. Упраўленьне выдавецкай дзейнасьці Міністэрства інфармацыі днямі вярнула рукапіс аўтару з фармулёўкай “нізкі мастацкі ўзровень”.

Зямляк Аляксандра Лукашэнкі, 74-гадовы Мікола Жыгоцкі кажа, што Міністэрства інфармацыі некалькі разоў прызначала “кантрольны тэрмін”, які мог стаць пачаткам паўнавартаснага існаваньня твору пад назвай “Жыцьцё для народу”. На думку Міколы Жыгоцкага, ня выключана, што адказных чыноўнікаў насьцярожвае адыход ад звыклай хронікі ў апісаньні палітычнай дзейнасьці Лукашэнкі і вяртаньне ў яго дапрэзыдэнцкую біяграфію, у якой было месца і заняткам фэрмэрствам, і працы ў “зоне”, і выхаваўчай працы сярод мэханізатараў саўгасу “Гарадзец”.

(Жыгоцкі: ) “Працоўная назва — “Жыцьцё для народу”. Рэцэнзэнты казалі, што, мажліва, занадта гучна — мажліва, не зусім адпавядае гэтаму тэксту. Але я так пакінуў. Аўтар жа таксама павінен мець сваю думку. Усё гавораць, а няхай бы самі зрабілі! Рэцэнзэнтам і тое не падабаецца, і гэта. Што ні чалавек, то іншая думка. Я ім ужо сказаў: па вашых заўвагах можна яшчэ адну кніжку напісаць. Дык а дзе ж тады аўтар? Я выпусьціў зь дзясятак кнігаў, дык гляджу, што з аўтарам ня лічацца ніколькі. Могуць абразіць, рэцэнзію абы-якую напісаць, нават не пагаварыўшы з аўтарам. А гэта ўсё ж аўтар: колькі даводзіцца працаваць, дасьледаваць, сыстэматызаваць, адказнасьць якая! Я ў гэтым пераканаўся падчас працы над сваімі кнігамі”.

(Карэспандэнт: ) “Нейкія захады вы цяпер робіце, каб кніга выйшла? Ходзіце кудысьці, лісты пішаце?”

(Жыгоцкі: ) “Зьбіраюся ў адміністрацыю прэзыдэнта, яны падтрымлівалі мяне ў тым, што кніга патрэбная. Але цяпер Міністэрства інфармацыі зь ёй працуе. Тэрміну ніякага не акрэсьлілі. І ведаю, што яна на прагляд аддадзеная ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, яны павінны прыняць рашэньне”.

Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Праўдзін сказаў, што выдавецтва можа далучыцца да справы толькі пасьля рашэньня Міністэрства інфармацыі.

(Праўдзін: ) “Гэтае пытаньне задайце Міністэрству інфармацыі. Займаліся яны гэтымі пытаньнямі”.

(Карэспандэнт: ) “Але сваё канчатковае рашэньне міністэрства ўрэшце павінна паведаміць вам?”

(Праўдзін: ) “Я ж сказаў, хто займаўся гэтым пытаньнем. У нас такой кнігі няма”.

Між тым, ва ўпраўленьні выдавецкай дзейнасьці Міністэрства інфармацыі сёньня мне паведамілі, што рукапіс днямі вернуты аўтару. Супрацоўніца, спаслаўшыся на загадчыцу ўпраўленьня Алену Паўлаву, расказала, што падставай да адмовы стаў “нізкі мастацкі ўзровень працы”, якая ледзьве не на 50% грунтуецца на газэтных артыкулах. “Біяграфічныя творы, прысьвечаныя кіраўніку краіны, безумоўна, патрэбныя, але ствараць іх павінны спэцыяльныя, адукаваныя людзі, а не дылетанты”, — рэзюмавала мая суразмоўніца і дадала, што адзіным станоўчым момантам у выпадку з Міколам Жыгоцкім можна лічыць хіба толькі ўдалую назву. Між тым, спэцыялісты ўдакладняюць: менавіта пад такім загалоўкам — “Жыцьцё для народу” — на пачатку 1960-х ужо выходзіў збор успамінаў сучасьнікаў і дасьледчыкаў творчасьці Якуба Коласа. Паводле зьбегу абставінаў, спадар Жыгоцкі сам ёсьць супрацоўнікам літаратурнага музэю Якуба Коласа.

Гэта ўжо другі выпадак, калі за неадпаведную якасьць адхіляецца мастацкі твор пра Аляксандра Лукашэнку. Год таму мастацкая камісія забракавала партрэт Галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Лукашэнкі працы цяпер ужо нябожчыка Аляксандра Пуцейкі. Тады падставай да падобнага вэрдыкту стаў “аматарскі ўзровень карціны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG