Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Калякін: "Мы будзем працаваць на дэмакратыю"


Гутарыў Аляксандар Уліцёнак У падрыхтоўцы кангрэсу дэмакратычных сілаў актыўны ўдзел прымалі сябры Партыі камуністаў Беларускай. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін быў адным з асноўных прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата. Як ён ацэньвае вынікі форуму апазыцыі? Якія палітычныя амбіцыі Сяргея Калякіна на заўтра? У якім напрамку рэвізуе ПКБ сваю ідэалягічную плятформу?

(Карэспандэнт: ) “Ці абмяркоўвалі вы на паседжаньні ЦК вынікі кангрэсу? Як ацэньваеце іх і што думаеце рабіць далей?”

(Калякін: ) “Не, не абмяркоўвалі. Бо яшчэ да кангрэсу пленум ЦК прыняў усе неабходныя рашэньні. У прыватнасьці, дамовіліся: пры любых пэрсанальных выніках галасаваньня па адзіным кандыдаце партыя прыме ўдзел у палітычнай кампаніі 2005-2006 году і будзе падтрымліваць адзінага кандыдата”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас не было думкі пасьля несуцяшальнага для сябе галасаваньня на кангрэсе падаць у адстаўку?”

(Калякін: ) “Вось такога якраз не было: я атрымаў на кангрэсе у паўтары разы больш галасоў, чым там знаходзілася дэлегатаў, якія ўваходзяць у маю партыю. Таму свой вынік ацэньваю здавальняючым. Хоць каб перамог, то быў бы задаволены яшчэ больш...”

(Карэспандэнт: ) “Спадар Калякін, у другім туры вашыя прыхільнікі практычна аднагалосна прагаласавалі за Анатоля Лябедзьку. Сёньня шматлікія рэгіянальныя суполкі Аб''яднанай грамадзянскай партыі (такія зьвесткі паступаюць) адмаўляюцца ад падтрымкі абранага адзіным кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча. А якая рэакцыя сяброў ПКБ?”

(Калякін: ) “Па-першае, я б не сьпяшаўся з вывадамі. Вядзецца плённая праца з тым, каб уключыць усе структуры, і думаю, эмацыйнае ўспрыйманьне вынікаў мінецца. А прыйдзе ўсьведамленьне таго, што мы ж будзем працаваць не на Мілінкевіча, як не працавалі б на Калякіна ці Лябедзьку... Мы будзем працаваць на дэмакратыю. І таму я сёньня ня бачу іншага выйсьця, як працаваць у адзінай камандзе абранага на кангрэсе дэмакратычным шляхам адзінага кандыдата. Усё астатняе – гэта праца на рэжым”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ваша меркаваньне як лідэра кампартыі. А суполкі з глыбінкі ўжо іншае: яны бачаць незадаволенасьць таварышаў па кааліцыі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі... Шараговыя камуністы падтрымаюць іх ці не?”

(Калякін: ) “Трэба зь імі працаваць. Я сам, мае паплечнікі будзем езьдзіць у рэгіёны, сумесна з Аляксандрам Мілінкевічам. І там, дзе такія пытаньні паўстаюць (а яны паўстаюць...), будзем іх здымаць. Трэба інфармаваць людзей – трэба зь імі дамаўляцца. Гэта не армія, дзе можна аддаць загад і ўсе пойдуць у адным напрамку”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньняшнія вашы палітычныя амбіцыі - гэта... Сфармулюйце, калі ласка, мэту-мінімум і задачу-максымум”.

(Калякін: ) “Мінімум – каб у грамадзтве перамог адзіны кандыдат у думках, каб людзі ў большасьці былі гатовыя прагаласаваць за яго. А пасьля таго, як за яго прагаласуюць, ужо максымум – каб ён стаў прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Бо ў нашай краіне людзі могуць прагаласаваць так або інакш, а Цэнтарвыбаркам можа надрукаваць зусім іншыя выніковыя лічбы”.

(Карэспандэнт: ) “Сяргей, скажыце па шчырасьці: кім, на якой пасадзе, вы бачыце сябе пры умове заўтрашняй перамогі дэмакратычнага альянсу?”

(Калякін : ) “Усё будзе залежыць ад таго, як я буду працаваць і як я буду запатрабаваны ў дэмакратычнай сытуацыі... Але мне здаецца, што такая запатрабаванасьць будзе ў дэмакратычнай Беларусі большая, чымсьці сёньня ў Беларусі лукашэнкаўскай”.

(Карэспандэнт: ) “Ці рэальны ў 2006 годзе так званы "беларускі Майдан?"

(Калякін: ) “Масавыя выступы ў падтрымку адзінага кандыдата, у абарону выбараў, безумоўна, патрэбныя. Аднак я не лічу, што Майдан вырашае ўсё. Майдан і на Ўкраіне ня ўсё вырашыў... Лічу беларускі Майдан патрэбным, але гэта ня цалкам вычарпальны інструмэнт для ўсталяваньня дэмакратыі ў Беларусі.

Мы маем шанец прымусіць улады ўсё ж правесьці выбары адносна справядлівыя. Для гэтага мусім дэманстраваць моц, прымушаць улады дзейнічаць менавіта так. Усё ў нашых руках...”

(Карэспандэнт: ) “Кангрэс сустрэў аплядысмэнтамі вашы словы: "Буду браць урокі беларускай мовы ў старшыні ТБМ Алега Трусава..." Гэта шчыра ці, прабачце, папулісцкі ход?”

(Калякін: ) “Гэта проста так супала: у перапынку перад выступам мы размаўлялі са спадаром Трусавым і дамовіліся, што ён дапаможа мне...”

(Карэспандэнт: ) “А ці не пачне ўсьлед за Сяргеем Калякіным Партыя камуністаў Беларуская па-новаму ставіцца да шматграннага нацыянальнага пытаньня, беларускай праблематыкі?”

(Калякін: ) “Партыя даўно добра ставіцца да беларускай праблематыкі, адраджэньня беларускай культуры, беларускай мовы... Аднак мы лічым, што гэтую праблему ня вырашыць рэвалюцыйным наскокам, сілай... Для гэтага павінна быць добрая дзяржаўная праграма, якая ў шырокім пляне пасадзейнічае вырашэньню тых пытаньняў – вельмі складаных і вельмі важных”.

(Карэспандэнт: ) “Час вымушае камуністаў рэвізаваць сваю ідэйную плятформу: ад чаго вы ня можаце адмовіцца і што палічылі своеасаблівым палітычным атавізмам?”

(Калякін: ) “Сёньня мы вяртаемся да крыніцаў і маем іншае прачытаньне марксізму. Шмат што з ідэалягічнай практыкі КПСС і СССР рабілася ня так, як павінна было рабіцца. І найперш неабходна зразумець: нельга зрабіць людзей шчасьлівымі сілай. Нельга іх загнаць у шчасьлівае жыцьцё... Трэба зь імі гаварыць, пераконваць: мы сапраўды прапануем вам лепшае. Мы прызнаем ваша права на выбар і гатовы працаваць у канкурэнтным палітычным асяродку. Мы за шматпартыйную сыстэму, мы за палітычную канкурэнцыю, за тое, каб народаўладзьдзе адбывалася паводле свабоднага волевыяўленьня народу, чаго раней не было...

Мы сёньня маем праграму, якая моцна адрозьніваецца ад праграмы КПСС. Мы крытычна ацэньваем многія моманты пэрыяду будаўніцтва сацыялізму ў СССР і таму не зьбіраемся паўтараць ранейшы ня лепшы досьвед. Мы будзем будаваць дэмакратычны сацыялізм у тым сэнсе, у якім разумеюць яго вельмі многія сацыял-дэмакратычныя і камуністычныя партыі ў сьвеце. Асабліва ў Эўропе”.

(Карэспандэнт: ) “І апошняе: ваш дэвіз на заўтра?”

(Калякін: ) “Праца. Праца дзеля перамогі – праца зь людзьмі вырашыць усё. Трэба адыйсьці ад ацэнкі добрага і няўдалага на кангрэсе – гэта ўжо гісторыя. А сёньня трэба працаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG