Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У. Арлоў: "Мілінкевіч – найбольш беларусацэнтрычны чалавек"


Алесь Дашчынскі, Менск Як паставіліся да абраньня адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча дзеячы беларускай культуры?

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка ўхваляе абраньне Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам і разважае, ці зможа ён стаць лідэрам новай Беларусі?

(Бандарэнка: ) “Калі ў яго будзе моцная каманда, то зможа. Гэта будзе залежыць ад тых людзей, якія будуць вакол яго. Ці будуць яны яму адданыя”.

Якое ўражаньне пакідае спадар Мілінкевіч, што Вы яму можаце пажадаць?

(Бандарэнка: ) “Можа, больш упэўненасьці, больш гарачнасьці нейкай, гарачыні ў сэрцы, у позірку, можа, нават. Таму што барацьба – гэта цяжкая справа і тут павінны быць палымяныя барацьбіты, якія павядуць за сабой людзей. Можа, адзінае гэта…Ну, ён інтэлігент, як кажуць, з малаком маці. Ну, а ў тым сэнсе, дык што казаць… Мы, беларусы, наагул такія. Вось ён, менавіта, прадстаўляе большую частку нашых беларусаў. Вось мы такія, аддадзім апошняе пэўна. Ён вельмі прыемнае ўражаньне пакідае”.

Старшыня рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас лічыць, што Аляксандар Мілінкевіч цяпер павінен весьці сваю кампанію так, каб пераканаць усіх сваіх астатніх канкурэнтаў, што яны не маюць ніякіх шанцаў і мусяць толькі далучацца.

(Колас: ) “Я ведаю гэтага чалавека, як адданага беларускай справе і потым ён гэта пацьвярджаў, калі працаваў намесьнікам старшыні Гарадзенскага выканкама і спрыяў працы філіі беларускага ліцэю ў Горадні. Безумоўна, яму пажадаць цьвёрдасьці, стойкасьці, але не толькі. Калі ён адзін выйдзе на плошчу, праблем гэта не вырашыць. Ягоная задача зараз, безумоўна, змабілізаваць, кансалідаваць увесь беларускі народ. Калі ён будзе працаваць добра, то ў яго будуць праблемы з уладамі. Калі ён будзе працаваць дрэнна, то ў яго будуць праблемы з намі. Ну, будзем яму дапамагаць. Ніхто яшчэ не ведае, як у яго пойдзе гэтая справа. Яму дадзеныя вялікія авансы, вялікая фора і ён павінен яе спраўдзіць. Ён павінен даказаць нам усім, што ён можа сапраўды забясьпечыць перамогу”.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прызнаецца, што на кангрэсе дэмакратычных сілаў як дэлегат галасаваў за Аляксандра Мілінкевіча.

(Арлоў: ) “У маім уяўленьні з усіх кандыдатаў, якія там былі, гэта чалавек найбольш беларусацэнтрычны, без агаворак. Імпануе яшчэ тое, што ён нашчадак паўстанцаў 1863 года. Я вельмі даўно знаёмы з Аляксандрам Мілінкевічам. Я памятаю, як я быў прыемна ўражаны тым, што гэты чалавек займаўся не нейкімі чыста чынавенскімі справамі, займаючы пасаду намесьніка мэра, а што ён, напрыклад, знайшоў час адрамантаваць стары гарадзенскі гадзіннік. Такія людзі, як Мілінкевіч, пераводзяць стрэлкі нашых гадзіньнікаў на новы беларускі час. Я спадзяюся, што так і здарыцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG