Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцак, дзе адбудуцца “Дажынкі”, выкліканыя ўнутраныя войскі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Слуцку ўсталёўваюць сцэнічныя пляцоўкі і гандлёвыя павільёны. Паводле тутэйшых жыхароў, гэта прыкметы, што плянаваны фэст-кірмаш “Дажынкі-2005” цяпер ня будзе адменены. Нагадаем, першапачаткова яго павінны былі адкрыць яшчэ 30 верасьня.

“Дажынкі” ў Слуцку 7-8 кастрычніка будуць самыя позьнія з усіх папярэдніх. Напрыклад, летась Ваўкавыск салютаваў параду камбайнэраў 17 верасьня. А Слуцак сёлета апынуўся ў закладніках бітвы за апошнія каласы дзеля дэкляраванага прэзыдэнтам валу збожжа ў 7 мільёнаў тонаў. Калі перанос “Дажынак” адбыўся ў першы раз, то давялося адмяніць сем аўтобусных рэйсаў на Менск . Пра гэта нашаму радыё паведаміла начальніца слуцкага аўтавакзалу Марыя Шаравар.

(Шаравар: ) “Ой, гэта ж страты сабе нанесьлі. Прадалі, напрыклад, 45 месцаў, а 5 чалавек білеты не здалі, 5 чалавек засталіся. Ці іх везьці? Вярталі грошы”.

Паводле слуцкіх спэцыялістаў, страцілі таварны выгляд выпечаныя спэцыяльна да сьвята караваі, булкі, запяканкі. А вось незнаёмыя на смак героям жніва вэнджаныя курыныя яйкі не заляжаліся. Ці пасьпеюць падрыхтаваць да сьвята новую партыю? Тэхноляг кулінарнага цуду Алена Крывальцэвіч:

(Крывальцэвіч: ) “Да “Дажынак” мы, на жаль, не пасьпеем".

(Карэспандэнт: ) “Што гэта за навінка?"

(Крывальцэвіч: ) “Смак вэнджанага і спэцыяў”

Гараваць па экзатычнаму яйку, аднак, не даводзіцца. Жыхар Слуцка Анатоль Балакір гаворыць пра змарнаваныя грошы і час на падрыхтоўцы гораду да “Дажынак”.

(Балакір: ) “Гэтыя “Дажынкі” – пір падчас чумы. Людзі працуюць на суботніках. Акрамя гэта ў нас вылічвалі грошы. Пытаньне адно: не падабаецца? За вароты! Усе праклінаюць гэтыя дажынкі. Няма ні выхадных, ні асабістага жыцьця. Проста нейкае прыгоннае права”.

Пра грашовыя паборы на “Дажынкі” у Слуцку гаворыць і настаўніца Алена.

(Настаўніца: ) “Так як мы бюджэтнікі, у нас ужо тройчы вылічвалі. На працоўных месцах, наагул, кожную суботу і нядзелю. Усе ў напружаньні, праверкі. Тое, што яны робяць – гэта недаўгавечнае, на месяц--два. Дарэчы, у нас газэта ёсьць “Кур''ер”, там апытаньне было: наколькі патрэбныя гэтыя “Дажынкі”? Я глядзела на сайце выказваньне дзяўчыны, што “наша начальства лаўкі прыгожыя паставіла ў горадзе і зараз мяркуе як гэтыя лаўкі перанесьці сабе на лецішчы”. Вось так жартуюць, што ўсё паразьбіраюць”.

Дзяжурны Слуцкага раённага аддзелу ўнутраных спраў паведаміў, што ў апошнія дні пачасьціліся выезды апэратыўнікаў на крадзяжы будматэрыялаў і абсталяваньня. Адначасна ён заявіў пра ўзмацненьне сілаў правапарадку.

(Дзяжурны РАУС: ) “Дадатковыя сілы па ахове грамадзкага парадку ёсьць. Але якая іх колькасьць – мне не вядома”.

Паводле ранейшай інфармацыі кіраўніцтва Слуцкага РАУС, у горад выкліканы і нясуць службу 30 вайскоўцаў з часткі ўнутраных войскаў у пасёлку Ваколіца ля Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG