Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пандэмія грыпу ці іншай хваробы цалкам імаверная


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У сьвеце расьце занепакоенасьць магчымым выбухам эпідэміі птушынага грыпу. На мінулым тыдні чыноўнікі ААН папярэдзілі, што птушыны грып, ахвярамі якога ўжо сталі 70 чалавек пераважна ў Азіі, мог відазьмяніцца ў форму, што можа зьнішчыць дзесяткі мільёнаў людзей па ўсім сьвеце, і найперш, на Блізкім Усходзе.

Краіны Азіяцка-Ціхаакеанскага рэгіёну плянуюць напрыканцы кастрычніка абмеркаваць у Аўстраліі свой адказ на магчымы новы выклік птушынага грыпу. Учора прэзыдэнт ЗША Джордж Буш папрасіў дазволу ў Кангрэсу выкарыстоўваць пры неабходнасьці амэрыканскія ўзброеныя сілы ў барацьбе з пандэміяй грыпу, калі такая ўзьнікне.Тым часам, амэрыканскія навукоўцы паведамілі аб сваім адкрыцьці, што пандэмія грыпу, якая стала прычынай сьмерці 50 мільёнаў чалавек у 1918 годзе, пачыналася з птушынага грыпу, які пасьля перакінуўся на людзей.

На мінулым тыдні прадстаўнік ААН, доктар Дэвід Набара папярэдзіў чалавецтва быць гатовымі да магчымай пандэміі, якая можа забраць жыцьці да 150 мільёнаў чалавек.

(Набара:) “Пандэмія, імаверна, будзе выкліканая мутантам вірусу, які цяпер выклікае птушыны грып у Азіі, вынікам якога ўжо сталі мільёны забітых хатніх птушак і мільярды даляраў эканамічнай страты”.

Заявы Набара былі настолькі трывожнымі, што Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя імгненна адгукнулася на іх сваім камэнтаром. Яе экспэрты лічаць, што ніхто ня можа дакладна спрагназаваць магчымыя наступствы пандэміі, але пандэмія можа прывесьці да сьмерці ад двух да сямі з паловай мільёнаў чалавек. Сапраўды, ніхто нічога ня можа з упэўненасьцю казаць пакуль тая самая пандэмія ня грымне. Але бальшыня экспэртаў і сапраўды перакананыя, што сьвет даўно чакае пандэміі – ці грыпу, ці нейкай іншай заразы. Гаворыць доктар Альбэрт Остэргаўз з Інстытуту вірусалёгіі ў галяндзкім горадзе Ратэрдаме.

(Остэргаўз:) “Рызыка рэальная. У мінулым стагодзьдзі мы сталі сьведкамі трох усеагульных выбухаў грыпу, які забраў жыцьці дзесяткаў мільёнаў. І няма ніякай прычыны, каб гэта зноў ня здарылася. Я мяркую, што выпадкі заражэньня людзей вірусам, які выклікае птушыны грып, можа быць прэлюдыяй да наступнай пандэміі, хоць мы ня можам быць упэўненымі на 100 працэнтаў. Ня можам мы быць ўпэўненымі і ў тым, што менавіта вірус птушынага грыпу стане прычынай наступнай пандэміі.”

Пакуль у сьвеце ахвярамі птушынага грыпу сталі каля 70 чалавек. Мяркуецца, што ўсе ахвяры заразіліся праз кантакт з хворымі птушкамі, якія выяўленыя ня толькі ў Азіі, але і Эўропе, і ў Расеі. На думку экспэртаў, працэсы міграцыі птушак даюць падставу прагназаваць, што вірус будзе перанесены з Азіі на Блізкі Ўсход, дзе людзі шырока прыручаюць птушак. Але пандэмія можа пагражаць і ўсяму сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG