Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адкрылася выстава “БеларусьЭКСПА-2005”.


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня у Вільні адкрылася выстава “БеларусьЭКСПА-2005”. З нагоды выставы у Вільню прыехаў прэм''ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, які яшчэ ўчора увечары сустракаўся з літоўскім прэм''ерам. З гэтай нагоды сьпікер Літоўскага парляманту Артурас Паўласкас сёньня заявіў, што Літва ня зьмяняе свайго стаўленьня да парушэньня прынцыпаў дэмакратыі у Беларусі.

“БеларусьЭКСПА-2005” -- чацьвертая нацыянальная выстава Беларусі у Літве, якая прадстаўляе беларускую прамысловасьць і навуку. Папярэднія такія выставы былі у Літве у 1999, 2001 і 2003 годзе.

Сёлетняя экспазыцыя займае 2000 кв. м. (1500 кв. м. у памяшканьнях, і 500 кв. м. на адкрытай плошчы) віленскага цэнтру выставаў “LITEXPO”. Удзельнічаюць у выставе болей за 100 розных беларускіх прадпрыемстваў. Заплянаваныя і некалькі сэмінараў і круглых сталоў, у іх ліку бізнэс-сэмінар пра магчымасьці рэалізацыі у Літве інавацыйных распрацовак беларускіх навукоўцаў.

На адкрыцьцё выставы “БеларусьЭКСПА-2005” прыехаў кіраўнік беларускага ураду Сяргей Сідорскі. Яго прозьвішча ня улучанае у сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены уезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Напярэдадні, у аўторак увечары, беларускі прэм''ер сустрэўся са сваім літоўскім калегам Альгірдасам Бразаўскасам на нефармальнай вячэры, дзе прысутнічалі і прадстаўнікі літоўскага МЗС.

Вось што з гэтай нагоды кажа сьпікер літоўскага парлямэнту Артурас Паўласкас:

(Паўласкас:) “Сёньня – вялікая выстава беларускіх вытворцаў, тавараў. І зразумела, што такую выставу адкрывае прэм''ер, які прадставіць беларускую гаспадарку. Наш прэм''ер сустрэў свайго калегу, вячэраў зь ім. Але нашая пазыцыя што да Беларусі -- наколькі гэта тычыцца правоў чалавека, нашага разуменьня эўрапейскіх каштоўнасьцяў, прававых, дзяржаўных каштоўнасьцяў -- застаецца нязьменнай.”

Артурас Паўласкас сёньня у часе свайго ранішняга выступу у жывым эфіры на літоўскім “”Радыё навінаў” патлумачыў з нагоды сустрэчы беларускага і літоўскага прэм''ера ,пазыцыю Літвы што да кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў:

(Паўласкас:) “ Мы сваю пазыцыю не зьмяняем. Аднак ёсьць пэўныя рабочыя пытаньні – нашае супрацоўніцтва у пытаньнях мяжы, бізнэсу, транзыту, і выканаўчая улада павінна вырашаць такія праблемы. Таму такое нашае сумоўе зьяўляецца проста неабходным. І на такіх сустрэчах мы размаўляем – размаўляем пра пытаньні эканомікі. З іншага боку, на такіх сустрэчах мы павінны і уздымаць і важныя для нас пытаньні правоў чалавека. Мы хочам, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай, каб апазыцыя магла выказваць свае думкі, каб друк быў вольны. І з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску трэба пра гэта гаварыць, не ухіляючыся ад вострых пытаньняў”

Старшыня Сойму Літвы Артурас Паўласкас раней ужо выказваў меркаваньне, што варта выкарыстаць усе магчымыя шляхі, у тым ліку і кампраміс, дзеля спрыяньня дэмакратычным працэсам у Беларусі.

Літва прытрымліваецца палітыкі “прагматычнага дыялёгу” у дачыненьнях зь Беларусьсю, пры гэтым, як і усе краіны Эўразьвязу, не прызнае легітымнасьць беларускага парлямэнту і не кантактуе з Беларусьсю на парлямэнцкім узроўні. Сёлета у ліпені прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус неспадзявана наведаў прыём з нагоды сьвяткаваньня афіцыйнага Дню незалежнасьці у амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Літве, на якім знаходзіўся каля 15 хвілінаў. Прэзыдэнтура патлумачыла, што гэта была праява “сяброўскай зычлівасьці да суседняй краіны”, а літоўскія журналісты назвалі гэта “віражом літоўскай палітыкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG