Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сябры АГП з Гомеля без пярэчаньняў падтрымалі Аляксандра Мілінкевіча?


Казімер Яноўскі, Гомель У адрозьненьне ад Менскай, Магілеўскай і Віцебскай суполак Аб`яднанай грамадзянскай партыі, Гомельская арганізацыя АГП без асаблівых агаворак вырашыла працаваць на Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах ад дэмакратычных сілаў. Чым абумоўлена такая пазыцыя гомельскіх актывістаў АГП?

Намесьнік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Кацора засьведчыў, што большасьць сяброў партыі ў рэгіёне жадалі бачыць у якасьці кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах менавіта Аляксандра Мілінкевіча. Але справа ня толькі ў гэтым.

(Кацора: ) “Так склалася, што кааліцыйныя ініцыятывы наконт сумеснай працы яшчэ з 1999 году зыходзілі найчасьцей ад Гомельскага рэгіёну. Таму нам прасьцей будзе працаваць і на гэты раз на адзінага кандыдата, якога вызначыў Кангрэс”.

Каардынатар сходаў у рэгіёне ад АГП па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў Андрэй Толчын лічыць, што дыскусія ўнутры партыі каму і на каго працаваць – справа марная. І без таго страчана шмат часу.

(Толчын: ) “Мы павінны працаваць кааліцыйна. І ня трэба казаць, што хтосьці працуе на Лябедзьку, а хтосьці на Мілінкевіча. Усё павінны працаваць на Беларусь. Гэта самае галоўнае. Мы ўсе павінны атаясамліваць сябе з прыхільнікамі пераменаў. І няхай людзі, хто рыхтаваўся працаваць на пэўную пэрсону, неяк гэта перажывуць. Трэба перабудаваць сябе так, каб працаваць на Беларусь. За працу варта брацца неадкладна. Мы згубілі вельмі шмат часу”.

Сталая сяброўка АГП Кацярына Гаравая мяркуе, што перагляд вынікаў Кангрэсу ўнутры адной партыі – гэта руйнаваньне дасягнутага адзінства.

(Гаравая:) “Я лічыла яшчэ да Кангрэсу і падчас яго і казала пра гэта шмат каму, што буду працаваць на таго, каго абяруць. Для мяне няма вялікай і прынцыповай розьніцы, хто стане адзіным кандыдатам. Але, калі стаў Мілінкевіч, я буду працаваць на Мілінкевіча. Стаў бы нехта іншы, я працавала б на іншага кандыдата. Працаваць трэба перш за ўсё на вынік. А вынік ў гэтай сытуацыі можа быць толькі адзін – гэта барацьба, змаганьне з беларускім рэжымам, каб яго ня стала. Руйнаваць адзінства дэмакратаў, на што пакладзена шмат гадоў і нашых высілкаў, -- гэта, я лічу, здрада краіне”.

Галіна Скараход, таксама сяброўка АГП, спадзяецца, што Анатоль Лябедзька, як лідэр, здолее кансалідаваць партыйныя шэрагі.

(Скараход: ) “Я думаю, што лідэр партыі Анатоль Лябедзька зможа пераадолець гэтыя праблему, які ўзьніклі ў АГП. І сам распачне кансалідацыйную працу ў партыі”, -- сказала Галіна Скараход, сяброўка Аб`яднанай грамадзянскай партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG