Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усталяваньне помніка Янку Купалу ў Маскве зноў адтэрмінаванае


Галіна Абакунчык, Менск Калі паставяць помнік Купалу — невядома. З прапановай адтэрмінаваць усталяваньне помніка ў амбасаду Беларусі зьвярнуўся ўрад расейскай сталіцы. Адной з прычынаў называецца тэхнічная непадрыхтаванасьць да цырымоніі адкрыцьця. Але некаторыя адмыслоўцы мяркуюць, што адтэрміноўка зьвязаная з палітычнымі абставінамі.

Помнік Янку Купалу ў Маскве плянавалі ўсталяваць яшчэ да 120-годзьдзя паэта ў 2002 годзе. З розных прычынаў дата адкрыцьця пераносілася некалькі разоў. Апошнім тэрмінам афіцыйныя крыніцы называлі кастрычнік 2005 году. Аднак цяпер гаворка вядзецца пра красавік 2006-га, з гэткай прапановай зьвярнуўся маскоўскі ўрад, паведаміла “Свабодзе” дарадца ў справах культуры амбасады Беларусі ў Маскве Галіна Аверкіна.

(Аверкіна: ) “Пакуль ніякай матывіроўкі няма. Крыху толькі зь беларускага боку замаруджваньне адбылося. Цяпер упарадкаваньне месца робіцца, а на гэта патрэбны час. Пэўна, думаюць, што пакуль усё зробяць, дык надвор’е будзе кепскае. Можа, на красавік будзе перанесенае адкрыцьцё. Але пакуль тэрміны невядомыя”.

З тым, што тэрміны адліўкі помніка нібыта былі сарваныя ў Менску, ня згодныя ў Міністэрстве культуры Беларусі. Спэцыяліст управы мастацтва Вадзім Лукашык паведаміў “Свабодзе”, што чатырохмэтровая скульптура была дастаўленая ў расейскую сталіцу ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі — напачатку верасьня. Гаворыць Вадзім Лукашык:

(Лукашык: ) “Помнік даставілі своечасова. Там маскоўскія нейкія справы. Але праўды з маскоўскага боку вам ніхто ня скажа — гэта адназначна”.

Паводле некаторых афіцыйных крыніцаў, плянуецца, што ўсталяваньне помніка Янку Купалу будзе прымеркаванае да 10-годзьдзя дамовы аб расейска-беларускім аб’яднаньні, якая была падпісаная ў красавіку. Палітычныя варункі, у тым ліку прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, як адну з прычынаў адтэрміноўкі ўрачыстасьці, называе таксама вядомы навуковец, маскоўскі беларус Аляксей Каўка:

(Каўка: ) “Канечне, беларускі бок, і я так дапускаю, галоўная фігура сувэрэннай дзяржавы асабіста зацікаўлены прысутнічаць. Бо ўсё ж такі гэта Купала. Можа, абстаўляюць яшчэ якімі-небудзь палітычнымі справамі — давайце да канстутыцыйнага акту прымяркуем, да ўзьяднаньня. Так што, напэўна, тут нейкія палітычныя чыньнікі задзейнічаны. Прычым, самыя, самыя высокія”.

Нагадаем, што бюст народнага паэта Беларусі ўсталяваны ў Нью-Ёрку. Помнік беларускаму песьняру рыхтуецца таксама да адкрыцьця ў Польшчы.
XS
SM
MD
LG