Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: я буду ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году


Вольга Караткевіч, Прага Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк даў інтэрвію Беларускай служба Радыё Свабода.

(Караткевіч: ) "Зянон Станіслававіч, многія слухачы ў сваіх званках на Свабоду гавораць, што нацыянальны лідэр беларусаў – Зянон Пазьняк. Нядаўна газэта "Свободные новости" правяла сваё апытаньне чытачоў на тэму, хто зь лідэраў так званай "дзясяткі” мае для іх найвышэйшы рэйтынг, і папрасіла ўнесьці яшчэ сваю кандыдатуру лідэра. І вось бальшыня тых, што даслалі свае допісы ў газэту, назвалі Вас. Ці застаецца Вашае рашэньне браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году актуальным?"

(Пазьняк: ) "Так, яно застаецца актуальным".

(Караткевіч: ) "На якія структуры і сілы Вы плянуеце абапірацца?"

(Пазьняк: ) "На сваю партыю, у першую чаргу. На рух "Беларуская салідарнасьць" і на моладзь".

(Караткевіч: ) "Заўсёды, калі ідзе гаворка аб удзеле ў палітычным працэсе ў Беларусі, актуальным застаецца пытаньне кансалідацыі або ўступленьня зь кім-небудзь у саюз. Апрача таго, што Вы пералічылі, з кім з сучасных палітыкаў Вы маглі б уступіць у саюз дзеля перамогі?"

(Пазьняк: ) "Ні з кім, таму што тыя палітыкі, якія цяпер у Беларусі прадстаўляюцца як палітыкі, яны ня маюць дачыненьня да нацыянальнай палітыкі. Гэта людзі, якія ня ёсьць дзеячамі нацыянальнага руху. Калі б такія палітыкі, скажам, прыйшлі да ўлады, то пагроза зьнішчэньня незалежнасьці Беларусі яшчэ ўзмацнілася б. За гэты час – час маёй адсутнасьці – было зроблена найгоршае, а менавіта – пры дапамозе расейскай і нямецкай зьнешніх разьведак была створана агульнадэмакратычная апазыцыя, якая стаіць не на нацыянальных і не на адраджэнскіх пазыцыях і арыентаваная на Маскву. Яна не арыентаваная на нацыянальныя ідэі і нацыянальныя каштоўнасьці. Такая палітыка не стварае нацыянальную дзяржаву і не спрыяе захаваньню незалежнасьці, не дае магчымасьці разьвіцца нацыянальнай культуры і ўмацавацца дзяржаве.

Гэта было зроблена спэцыяльна. І гэта вельмі важны і істотны паварот у беларускай палітычнай сытуацыі. Да 1999 году галоўнаю палітычнай сілай быў Народны Фронт – гэта была галоўная апазыцыя. І ўсялякія перамены ва ўладзе прыводзілі да ўлады Фронт, бо гэта была галоўная альтэрнатыва. Была пастаўленая задача зьмяніць альтэрнатыву. Яна была пастаўлена спэцслужбамі адразу, як дзяліўся Фронт, таму ўсе гэтыя партыі былі створаныя пры дапамозе КГБ, акрамя Сацыял-дэмакратычнай Ткачова.

Потым з гэтых жа партыяў стварылі публіку, якая называецца апазыцыяй, якая езьдзіць у Маскву, якая нават прапаноўвае, каб Масква сама назвала кандыдата зь іхняй суполкі. Вось гэта і ёсьць палітычны маразм, таму што Масква ўжо даўно паставіла на Лукашэнку. Яны пра гэта абвясьцілі, што пасьля Ўкраіны для іх галоўная Беларусь, яны далі яму 140 мільёнаў даляраў крэдыту на выбарную кампанію, а ў канцы году яшчэ дадуць 146 мільёнаў. Акрамя таго, яны паабяцалі не падвышаць цэны на газ да 2007 году. Нават зьнізілі падаткі ў Расеі для беларускіх гандляроў. І што, гэтыя людзі нічога не разумеюць, што яны робяць? Чаго яны едуць у Маскву, уся гэтая публіка, якая была на Кангрэсе? Чаго яны просяць – "выбери меня?", дай нам болей? Гэта што – палітыка?"

(Караткевіч: ) "Зянон Станіслававіч, напярэдадні Кангрэсу Вы напісалі артыкул "Чаму нельга спадзявацца на так званую дэмапазыцыю і яе кандыдата ў прэзыдэнты?" Зь невялікай перавагай у 8 галасоў на Кангрэсе быў абраны Аляксандр Мілінкевіч, які таксама, дарэчы, фігуруе ў Вашым артыкуле. Перад Кангрэсам, размаўляючы з прадстаўнікамі розных партыяў, напрыклад АГП, можна было пачуць, што нельга галасаваць за Мілінкевіча – ён бэнээфавец, нацыяналіст і гэтак далей. Чаму Вы ўлучылі гэтага чалавека ў сьпіс удзельнікаў таго працэсу, пра які пішаце?"

(Пазьняк: ) "Гэта ня мае ніякага значэньня – што ён думае, які ў яго характар. Гэта палітыка. Чалавек у адной групе з гэтымі людзьмі, якія езьдзяць у Маскву, якія прапануюць свае паслугі, якія выступаюць і кажуць, што зараз Масква ня ўступіцца, то гэта падвысіць рост антырасейскіх настрояў у Беларусі. Для іх гэта страшна. І ён не выказваецца з гэтай нагоды, ён – у гэтай абойме, ён з гэтымі людзьмі, ён ня можа быць сам па сабе, ён выбраў палітычную лінію. Ацэньваць трэба вось паводле гэтых паводзінаў – да якой групы, да якой партыі, да якіх ідэй, ён належыць, якія паводзіны ён падтрымвае".

(Караткевіч: ) "Выступаючы на Кангрэсе, генэрал Валеры Фралоў сказаў, цытую, "нацыяналізм у мяне асацыюецца з фашызмам". На гэта была вельмі нэгатыўная рэакцыя вялікай часткі залі і наступных выступоўцаў. Зянон Станіслававіч, чаму гэтае слова – “нацыяналізм” – нармальнае для іншых нацыяў, палохае і такім чынам асэнсоўваецца ўдзельнікамі палітычнага працэсу ў Беларусі?"

(Пазьняк: ) "Гэта тыповыя распрацоўкі КГБ у барацьбе з нацыянальнай дэмакратыяй […] Тут не выклікае зьдзіўленьня, што рускі генэрал Фралоў нешта такое гаворыць. Выклікае зьдзіўленьне тое, што гэты генэрал знаходзіцца на дэмкангрэсе, дзе выбіраюць будучага кандыдата на прэзыдэнта. Вось гэта поўны абсурд, гэта – сюрэалізм. І што, яму пасьля гэтага не паказалі на дзьверы? Не сказалі, што вы памыліліся дзьвярыма, генэрал, ідзеце да хаты? Нічога не было, усё нармальна. Ён плюнуў...

(Караткевіч: ) "Не, рэакцыя залі была вельмі адмоўная..."

(Пазьняк: ) "Што з таго, што рэакцыя была вельмі адмоўная? А вынік які?..."

(Караткевіч: ) "Зянон Станіслававіч, ці нехта са згаданых намі сёньня ў гутарцы лідэраў палітычных партыяў выходзіў на кантакт з Вамі, каб узгадніць магчымыя дзеяньні, хоць Вы гаворыце, што нельга быць у гэтай абойме? Ці былі, прынамсі, нейкія кансультацыі ці перамовы з Вамі пра выбары 2006 году?"

(Пазьняк: ) "Ужо даўно ўсе кропкі над "і" расстаўленыя. Гэтыя людзі не зьяўляюцца нацыянальным рухам, гэта не нацыянальныя сілы. Калі гэтыя сілы прыйдуць да ўлады, то Беларусі прыйдзе канец […] Канечне, калі пачнуцца выбары, дык будуць і перабежчыкі. Але ёсьць правіла ў палітыцы, якія належыць выконваць".

(Караткевіч: ) "Зянон Станіслававіч, нашы слухачы ўсё часьцей просяць, каб палітыкі, якія выступаюць на нашых хвалях, больш падрабязна гаварылі пра сваю плятформу – з чым яны пойдуць да выбарцаў. Якія асноўныя Вашыя пункты, апрача. натуральна, мовы, сьцягу, Канстытуцыі? Напрыклад, уступленьне Беларусі па нейкім часе ў Эўразьвяз? Якія асноўныя пункты Вашай унутрыпалітычнай і зьнешнепалітычнай парграмаў?"

(Пазьняк: ) "Мне гаварыць пра мае погляды і пра маю палітычную плятформу няма ніякай неабходнасьці. Гэта стандартны мільён падтрымкі і 20 працэнтаў нянавісьці. І яно ня зьменіцца, так будзе, таму што погляды мае вядомыя, я ня першы год у палітыцы. І ў адрозьненьне ад некаторых, якія шмат дзе езьдзяць і шмат што пішуць, мяне яшчэ памятае і старэйшае пакаленьне, і малодшае. Таму даваць новыя ацэнкі таго, што мае быць, няма ніякага сэнсу. Кожны гэта ведае. Іншая справа, што ў Беларусі цяпер утварылася спэцыфічная сытуацыя, якой не было раней. І вось тут трэба прапанаваць выхад. Адна справа, калі я буду прапаноўваць выхад адсюль, і іншая справа, калі я буду прапаноўваць выйсьце там. Шмат што я не магу сказаць, бо разумею, які рэжым у Беларусі, і якія ў яго магчымасьці. Але менавіта ацэнка сытуацыі, якая ўтварылася, і прапановы таго, што можна зрабіць, будуць асноўныя ў маёй плятформе”.

(Караткевіч: ) "У пачатку і сярэдзіне 90-х гадоў вядомыя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі адкрыта падтрымвалі ідэі БНФ. Як вы ацэньваеце цяпер удзел і эфэктыўнасьць нацыянальнай інтэлігенцыі, нацыянальнай эліты ў палітычных працэсах?"

(Пазьняк: ) "Я лічу, што адбыўся рэгрэс нацыянальанй эліты. Канечне, адна справа гаварыць і ацэньваць, а іншая справа змагацца непасрэдна там. І гэтага я ад іх не адымаю. Але я назіраю стары працэс, які быў пры Савецкім Саюзе – гэта працэс прыстасавальніцтва, імкненьня абдурыць Маскву, засьведчыць сваю ляяльнасьць, унікнуць змаганьня. І зьявілася зусім новая зьява, якая прыйшла, магчыма, зь лібэральнай Эўропы – гэта тэатралізацыя ўласных палітдзеяньняў, балбатаньне перад камэрай, у мікрафон, стварэньне ўражаньня пра сябе – гэта жырыноўшчына ў больш інтэлігентным выглядзе. Гэтае папулістычнае "паветрые" пайшло цяпер паўсюль, па ўсёй Эўропе, па Расеі і па Беларусі. І вось гэты эгаізм – ён проста нішчыць палітыку. Гэта зьявы, як мне відаць здалёку, якія разьвіліся, якія новыя. А палітыка патрабуе ахвярнасьці і валанцёрства”.

(Караткевіч: ) "Васіль Быкаў, які заўсёды падтрымваў Вас у Вашай палітычнай дзейнасьці, быў пэсымістам што да карціны разьвіцьця Беларусі, прынамсі, у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Вы – аптыміст ці пэсыміст?"

(Пазьняк: ) "Быкаў ня быў пэсымістам. Ён быў глыбокім аптымістам. Але ў яго была такая псыхалягічная інвэрсія таго, чаго ён спадзяваўся, што ён любіў, што ён хацеў. Ён як бы выяўляе сумненьне ў гэтым, гэта значыць, ці будзе гэта? – спадзеючыся, што яго апанэнт скажа яму тое, чаго ён хоча, чаго ён чакае. Вось у чым сутнасьць быкаўскай псыхалёгіі. Ён ня быў пэсымістам. Сапраўдны пэсыміст ня скажа ні адзінага слова, а Быкаў пастаянна з болем гаварыў пра Бацькаўшчыну, пра цяжкае становішча, хочучы пачуць пацьверджаньне сваіх думак, свайго ўнутранага аптымізму. Я, па прыродзе, проста не паддаюся ўпадніцтву і я ўдзячны Богу, што ў мяне такі характар. Бо, калі б ён быў іншы, дык яго трэба было б перамагаць. А так у мяне характар, дзякуй Богу, аптымістычны, і толькі – дай, Божа, сілы і здароўя".

(Караткевіч: ) "І апошняе пытаньне. Па чым Вы найболей у Беларусі сумуеце? Чаго Вам болей за ўсё не хапае?"

(Пазьняк: ) "Не хапае адчуваньня ўласнага дома. Гэта было ў мяне адзін раз у жыцьці. Я, як і ўсё маё пакаленьне, жыў пад савецкай акупацыяй. Гэта было адчуваньне цяжкае, бы ты выйшаў са свайго дома, а ў цябе над галавой у небе гучыць савецкі рэактыўны бамбардыроўшчык. І таму ўсялякае адчуваньне бясьпекі зьнікае. Але калі мы ў 1991 годзе адваявалі незалежнасьць, і аднойчы, едучы зь сябрамі, я ўбачыў беларускія надпісы на дарозе, унутры зьявілася адчуваньне бясьпекі – што вось, ёсьць нашая Бацькаўшчына, ёсьць нашае Вялікае Княства – вольнае і незалежнае. Гэта прыйшло само – гэта адчуваньне неверагоднае. Гэта аснова годнасьці, аснова чалавечага існаваньня. Дык вось гэтага не хапала і на Беларусі, калі была акупацыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG