КІЕЎ: Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заклікаў новы ўрад стварыць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу і прыцягненьня замежных інвэстыцыяў. Выступаючы ў часе сустрэчы новага кабінэту Юшчанка выказаў думку, што міністры павінны засяродзіцца на эканоміцы і пазьбягаць палітыкі перад наступнымі парлямэнцкімі выбарамі прызначанымі на сакавік. Прэзыдэнт хоча, каб урад больш шчыльна супрацоўнічаў з парлямэнтам. Выступаючы ў тэле-інтэрвю Віктар Юшчанка заявіў, што яшчэ сёлета Ўкраіна мае вялікі шанец далучыцца да Ўсясьветнай Арганізацыі Гандлю. Юшчанка таксама абяцаў ня ўмешвацца працэс канстытуцыйных рэформаў, скарачэньне сваіх паўнамоцтваў і пашырэньне паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады. Гэтыя зьмены маюць адбыцца ў студзені 2006 году.