Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Рады БНР сустракаецца ў Брусэлі з эўрапейскімі палітыкамі


Сяргей Навумчык, Брусэль На гэтым тыдні прадстаўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чале са старшынёй Рады Івонкай Сурвіллай сустракаюцца ў Брусэлі з эўракамісарамі і дэпутатамі Эўрапарлямэнту. Сярод іншага на перамовах будзе абмяркоўвацца справа беларускамоўнага радыёвяшчаньня з Эўропы, гарантыі незалежнасьці Беларусі ды іншыя пытаньні. У Брусэлі гэтымі днямі працуе наш калега Сяргей Навумчык, мы затэлефанавалі яму пeрад выхадам у эфір.

Я цяпер знаходжуся ў будынку Эўрапарлямэнту, дзе сёньня раніцай адбылася сустрэча з кіраўніком найбуйнейшай фракцыі ў Эўрапейскім Парлямэнце - Эўрапейскай Народнай Партыі Хрысьціянскіх Дэмакратаў Гансам Гердам Пётэрынгам. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла падзякавала за рэзалюцыю ў справе Беларусі, якая нядаўна была прынятая Эўрапарлямэнтам, але адзначыла падчас гутаркі, што спадзяваньні на Расею як на рухавік дэмакратыі ў Беларусі абсалютна марныя.

Такая пазыцыя была выказаная і на сустрэчы зь віцэ-сьпікерам Эўрапейскага Парлямэнту Янушам Анышкевічам. Прадстаўнікі Рады БНР паведамілі пра факты закрыцьця беларускіх школ і беларускамоўных выданьняў як праяву палітыкі прымусовай русыфікацыі.

Адчувалася, што нягледзячы на дасьведчанасьць эўрапейскіх палітыкаў у агульнапалітычнай сытуацыі ў Беларусі вось гэтая інфармацыя пра нацыянальную дыскрымінацыю беларусаў была для іх навіной. Закраналася і пытаньне беларускамоўнага вяшчаньня на Беларусь. У офісе Эўракамісіі, дзе непасрэдна разьмяркоўваюцца фінансы, гаварылася пра лёс студэнтаў, якіх выключылі з ВНУ за палітычную дзейнасьць, а таксама пра навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю, якія павінны атрымаць магчымасьць працягваць адукацыю ў эўрапейскіх краінах.

Сваімі ўражаньнямі ад першага дня спатканьня з эўрапейскімі палітыкамі дзеліцца Івонка Сурвілла:

“Уражаньне вельмі добрае. Выглядала, што ўсе слухалі з сымпатыяй і зацікаўленасьцю праблемы, аб якіх мы гаварылі і таксама нашыя ідэі, якімі мы дзяліліся зь імі, каб памагчы Беларусі асягнуць яе мэты – дэмакратыі і незалежнасьці. Так што наагул я надзвычай задаволеная гэтым першым днём і спадзяюся, што ў хуткім часе пабачым вынікі”.

У сераду дэлегацыя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі працягне свае сустрэчы з палітыкамі ў Эўрапарлямэнце і Эўрапейскай Камісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG