Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Шушкевіч: "Размова пра беларускі Майдан – рэха рамантызму..."


Гутарыў Аляксандар Уліцёнак Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі выклікаў вялікую цікавасьць грамадзкасьці, аналітыкаў, журналістаў. Абмеркаваньне вынікаў форуму толькі-толькі пачынаецца. І найперш увагу прыцягваюць тыя, хто прэтэндавалі на лідэрства, змагаліся за права стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Сярод іх - былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Станіслаў Шушкевіч.

Агульнае ўражаньне Станіслава Шушкевіча ад кангрэсу: хоць доўгатэрміновая акцыя дэмакратычнай апазыцыі праходзіла ў няпростых умовах жорсткага супрацьстаяньня ўладаў, ёй удалося загартавацца і захаваць адзінства.

(Шушкевіч: ) "Не чакаў наш рэжым, што будзе такі кангрэс. І тыя дробныя правакатары, якіх яны накідалі там крышку навокал, - нічога не змаглі зрабіць, нічога не змаглі сапсаваць. У нас жа некалькі чалавек не прыехала. Чаму? Таму што зрабілі дадатковыя заняткі, зрабілі там паседжаньне катэдры - інтэлігенцыю затрымалі. Яны спадзяваліся, што там будуць толькі такія людзі, якія баяцца за працу, за ўсё на сьвеце... А вы ж бачыце: кангрэс быў больш масавы, чым меркавалася! Гэта ня сто "адмарозкаў", як сказаў так званы "ўсенародна абраны"... А гэта нармальная эліта беларуская: палітычная, інтэлектуальная, і моладзь".

Як вядома, Станіслаў Шушкевіч зьняў сваю кандыдатуру зь ліку прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата. Ці не азначаў самаадвод вэтэрана дэмакратычнага руху, што ён зразумеў: настаў час новых палітыкаў?

(Шушкевіч: ) "Я з палітыкі не сыходжу. Я ведаў склад кангрэсу, і ведаў: калі застанецца мая кандыдатура, то па-першае, нават калі перамагу, гэта будзе горш для Беларусі, чым калі пераможа нехта іншы. І за час маёй працы - а я больш за два гады працую з гэтымі лідэрамі - я ўбачыў іх вельмі хуткі і вельмі ўдумлівы палітычны рост. Я буду працаваць з адзіным кандыдатам. Цешуся, што абраны Мілінкевіч - тут мне крышку будзе лягчэй".

Пытаюся, на чыім баку былі ягоныя сымпатыі -- даўніх калегаў па партыйнай дзейнасьці ці беспартыйнага прэтэндэнта?

(Шушкевіч: ) "Я вам скажу нават яшчэ больш шчыра: напачатку я лічыў самым-самым моцным кандыдатам Калякіна! Лябедзька моцна вырас. Ён даўно ўключыўся ў палітычную дзейнасьць. Але мне здаецца, патэнцыял у Мілінкевіча большы... Ну ўжо шчыра гаворачы -- што да нацыянальнага аспэкту, разуменьня беларускай гісторыі, да чысьціні папярэдняй палітычнай дзейнасьці, у яго гэта значна лепш, чым у многіх іншых".

Яшчэ падчас кангрэсу пачаліся размовы пра тое, што ў партыйных філіях будзе вельмі неадназначная рэакцыя на паразу сваіх лідэраў. І зараз у асобных рэгіёнах пачаліся размовы пра магчымую рэвізію прынятых рашэньняў... Як рэагуе на такія спробы Станіслаў Шушкевіч?

(Шушкевіч: ) "Яднаньне трэба берагчы, таму што ўчынак нават малаўплывовых людзей можа паставіць на мяжу расколу. Вынікі галасаваньня, як вы бачыце, "так на так" -- перамогі тут няма нічыёй. Я спадзяюся, што масавай такой ініцыятывы ня будзе. Ісьці на перагляд гэтых пагадненьняў могуць толькі злачынцы і тыя, хто не жадаюць дабра Беларусі. Калі мы прыйшлі да гэтага пагадненьня, калі мы падпісаліся. то ніякага перагляду стратэгічных рашэньняў ня можа цяпер быць да выбараў".

Адным з самых вострых пытаньняў на кангрэсе было стаўленьне да ідэі паўтарэньня досьведу "памаранчавай рэвалюцыі"... Станіслаў Шушкевіч, дарэчы, езьдзіў у Кіеў дамаўляцца пра магчымасьць арганізацыі форуму дэмсілаў менавіта там, калі Лукашэнка не дазволіў бы яго правядзеньне ў Беларусі:

(Шушкевіч: ) "Вывесьці людзей на "майдан" без мас-мэдыяў немагчыма. Урад беларускі цалкам падпарадкаваны Лукашэнку, усе беларускія структуры прыгрэтыя і прыкормленыя ягонымі ўказамі і дэкрэтамі -- яны будуць шалёна працаваць на яго... У нас вельмі многа цемрашалаў цяпер у сілавых структурах: калі ў Брытаніі ў паліцэйскія бяруць толькі з вышэйшай адукацыяй, у Злучаных Штатах таксама, то ў нас чым дурней, тым лепей... Калі вайсковец, амонавец б''е жанчыну ў твар і пасьля гэтага яму аніякага спагнаньня, можна ўявіць, што гэта за структура..."

І якімі павінны быць у такіх умовах першыя крокі аб''яднанай апазыцыі, адзінага кандыдата?

(Шушкевіч: ) "Супрацьстаяць па мэтодыцы "Ад дзьвярэй -- да дзьвярэй", калі вы ўвайшлі ў гэтыя дзьверы, а пасьля два тыдні па тэлебачаньні "тлумачаць", што вы злачынца, гэта вельмі цяжка. І я думаю, што пакуль ня будзе разарваная вось гэтая блякада (можа з дапамогай вонкавай -- можа з дапамогай расейскіх каналаў), вельмі цяжка гаварыць пра "майдан". Гэта яшчэ астаткі рамантызму пэўнага. Трэба вырашаць зараз іншае пытаньне. Трэба чысьціць выбарчы кодэкс і трэба разрываць інфармацыйную блякаду".

Пра пэрспэктывы аб’яднанай апазыцыі і адзінага кандыдата ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году разважаў лідэр партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Станіслаў Шушкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG