Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў таму загінуў Пётр Машэраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Cёньня спаўняецца 25 гадоў як у аўтамабільнай аварыі непадалёк ад Менску загінуў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Што гэта было – трагічная выпадковасьць ці палітычнае забойства, закамуфляванае пад дарожнае здарэньне?

Пётр Машэраў загінуў 4 кастрычніка 1980 году ў аварыі на шашы Менск- Масква непадалёк ад Смалявіч. Афіцыйная вэрсія гібелі тагачаснага кіраўніка Беларусі палягае ў тым, што гэта была “трагічная выпадковасьць”, між тым ужо неўзабаве пасьля трагедыі па Беларусі і ўсім Савецкім Саюзе папаўзьлі чуткі: Машэрава пазбавілася кіраўнікі ў Крамлі, дзе з-за невылечнай хваробы Леаніда Брэжнева абвастрылася барацьба за месца Генэральнага сакратара ЦК КПСС. Што цяпер пра гэта думаюць у Беларусі. Гэтыя галасы я запісаў 3 кастрычніка ў Менску.

(Жанчына: ) “Мяркую, гэта ўсё ж была катастрофа. Бо хочацца верыць, што ў нас не настолькі нягодныя людзі і не настолькі моцныя гэтыя сілы, каб яны маглі гэта зрабіць”.

(Мужчына: ) “Маё меркаваньне, што гэта падстроілі. Я не адсюль - з Расеі. Калі гэта здарылася, мяне тут не было, але ад мясцовых я чуў, што гэта было падстроена”.

(Мужчына: ) “Скажу гэтак, што камусьці ён быў упоперак дарогі. Сваёй шчырасьцю, сваім стаўленьнем да народу. Але каб нешта было падстроена... Я якраз па той шашы праходзіў, я там у санаторыі лячыўся і пасьля той аварыі быў на тым месцы. Таму, гэта не. Але што ён быў для кагосьці непажаданым, ў гэтым я перакананы”.

(Жанчына: ) “Ня ведаю, што і думаць. Я тады была зусім маладая, палітыкай зусім не цікавілася. Але я таксама чула ад старэйшых людзей тую вэрсію, што, маўляў, нехта нешта зрабіў. Што гэта ўсё ня проста. І гэтак быць”.

Усяго ў некалькі кілямэтрах ад шашы Менск-Масква знаходзіцца вёска Ялоўка, дзе жыве Мікалай Пуставіт – кіроўца той грузавой машыны , ад сутыкненьня зь якой загінуў Пётр Машэраў. Мікалая Пуставіта суд прызнаў вінаватым і асудзіў на 15 гадоў зьняволеньня. З турмы выйшаў праз 5 гадоў, стаў “дальнабойшчыкам” і зараз у рэйсе ў Нямеччыне. А што думаюць аднавяскоўцы Мікалая Пуставіта пра вэрсію, паводле якой ён нібыта стаў выканаўцам замовы супраць Машэрава ды атрымаў за гэта грошы?

(Жанчына: ) «Ніхто яго не забіваў, гэта проста няшчасны выпадак. Зразумейце, мы ў вёсцы не такія людзі, каб кідацца на тыя грошы. І Машэраў нам нічога дрэннага не зрабіў. Наадварот, мы яго заўсёды вельмі шанавалі».

Між тым падставы бачыць у здарэньні пад Смалявічамі ня проста аварыю давала нават гісторыя аўтакатастроф з удзелам першых асобаў Беларусі. Да Пятра Машэрава ў аварыі загінуў старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Фёдар Сурганаў, яшчэ раней – намесьнік старшыні ўраду Рыгор Кісялёў. Такога не было ў ніводнай з тагачасных савецкіх рэспублік. Цяжка ўявіць, што КДБ і дзяржаўная аўтаінспэкцыя БССР не зрабілі высноваў з тых трагедый... Аднак паслухаем журналіста і дасьледчыка жыцьця Пятра Машэрава Славаміра Антановіча.

(Антановіч: ) “Банальная сытуацыя. Такое магло здарыцца з Машэравым у 1976 годзе, калі загінулі Фёдар Сурганаў і двойчы герой Савецкага Саюзу Леанід Бяда. Проста аўтамабіль Машэрава праскочыў перакрыжаваньне, а тыя не пасьпелі і сутыкнуліся з аўтобусам. Тыповае здарэньне”.

Пасьля гібелі Пятра Машэрава мінула 25 гадоў, а месца, дзе ён разьбіўся, не пазначанае ані помнікам, ані памятным знакам. А мясцовыя жыхары на пытаньне, чаму гэтак, адказваюць.

(Жанчына: ) “Чаму няма помніка? Вы ж самі ведаеце. Можа, не заслужыў?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG