Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталёнія – дзяржава ў дзяржаве?


Натальля Судлянкова, Прага На гэтым тыдні гішпанскі парлямэнт пачынае працэс разгляду сэнсацыйнага для краіны дакумэнту – прынятага ў мінулую пятніцу новага закону аўтаномнай вобласьці Каталёнія аб рэформе свайго статусу.

Закон прадугледжвае значнае пашырэньне межаў самакіраваньня і паўнамоцтваў мясцовых органаў улады. Кароль Гішпаніі Хуан Карлас у мінулую суботу выступіў са спэцыяльнай заявай, адзначыўшы, што ў аснове статуту краіны ляжыць прынцып непарушнага адзінства гішпанскай нацыі і таму любыя зьмены мусяць абапірацца на падтрымку ўсяго гішпанскага народу. У Каталёніі жыве выпускніца Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Жукоўская, якая пабралася шлюбам з каталёнцам.

Рашэньне каталёнскага парлямэнту было ў пэўнай ступені прадказальным. Каталёнцы традыцыйна падкрэсьлівалі сваё адрозьненьне ад іншых народнасьцяў, якія жывуць на тэрыторыі Гішпаніі. І таму, гаворыць Натальля Жукоўская, новы закон віталі ў вобласьці зь вялікай радасьцю.

“Адбылася вельмі важная, вельмі істотная падзея для Каталёніі – каталёнскі парлямэнт за выключэньнем 15 дэпутатаў з кансэрватыўнай партыі дамовіліся й прызналі каталёнскі статут. Адзін з найважнейшых пунктаў статуту гэта тое, што каталёнцы – гэта нацыя, а Каталёнія – дзяржава ў дзяржаве”.

Апазыцыйная цяперашняй гішпанскай уладзе кансэрватыўная партыя выступае супраць закону. Яе прадстаўнікі папярэджваюць аб небясьпецы гэтага закону для адзінства краіны і пагражаюць разьвіцьцём сэпаратысцкіх тэндэнцыяў і нагадваюць пра разьвіцьцё сытуацыі ў краіне Баскаў, дзе групоўка ЭТА дамагаецца незалежнасьці нават шляхам тэрактаў. На думку Натальлі Жукоўскай, страх перад сэпаратызмам каталёнцаў перабольшаны. “Больш пра сэпаратысцкія тэндэнцыя гавораць тыя ж прадстаўнікі кансэрватыўнай партыі, якія прайгралі выбары. Радыкальныя каталёнцы гавораць, што гэтыя кансэрватары – пасьлядоўнікі генэрала Франка, які казаў, што Гішпанія мусіць быць адзіная й непадзельная. Вядома, што Франка быў праціўнікам камунізму, але ён казаў, што няхай Гішпанія лепш будзе чырвоная, але адзіная й непадзельная”.

Асноўнымі пытаньнямі, на рашэньні якіх настойваюць заканадаўцы Каталёніі – гэта большая аўтаномія ў пытаньнях кіраваньня вобласьцю, права на ўласную паліцыю і разьмеркаваньне падаткаў. Натальля Жукоўская адзначае:

“Народ Каталёніі хоча ведаць, на якія мэты ідуць падаткі. Спачатку падаткі паступаюць у Мадрыд, а потым Мадрыд разьмяркоўвае, на якія мэты пойдуць грошы”.

На думку мужа Натальлі каталёнца Марсала, рашэньне каталёнскага парлямэнту дае Гішпаніі магчымасьць зрабіць крок наперад у сваім разьвіцьці, як краіны з пункту гледжаньня яе канстытуцыйнага ладу жыцьця. “Адначасова гэта магчымасьць для Гішпаніі мадэрнізаваць сваю разуменьне сытуацыі, фактычна ў мінулым застаецца ўяўленьне аб Гішпаніі, як аб жорстка цэнтралізаванай краіне. На самой справе Гішпанія – гэта аб’яднаньне некалькіх народаў, сярод якіх асноўныя – Каталёнія, Андалузія, краіна баскаў і Кастылія”. Прыняты парлямэнтам Каталёніі закон стаў ужо другім такога кшталту ў Гішпаніі – аналягічны закон у ліпені прыняў парлямэнт вобласьці Валенсія.

Марсал адзначае, што нельга выключыць і таго, што можа адбыцца зьмена дзяржаўнага ладу Гішпаніі “Гэтая краіна мусіць існаваць у форме фэдэрацыі”.

Марсал зь вялікай павагай ставіцца да культурнай спадчыны розных народаў, і таму, пабраўшыся шлюбам зь беларускай, пачаў вывучаць беларускую мову. На разьвітаньне ён гаворыць: “Жадаю шчасьця і посьпехаў. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG