Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрмін службы ў беларускім войску можа быць у чарговы раз скарочаны


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра пляны ў чарговы раз скараціць тэрмін службы ў беларускім войску заявіў у парлямэнце міністар абароны Леанід Мальцаў. Аднак, што да ўвядзеньня альтэрнатыўнай службы, гэтае пытаньне застаецца нявырашаным.

Тэрмін службы ў беларускім войску можа быць у чарговы раз скарочаны – да году для прызыўнікоў без вышэйшай адукацыі, і да 9 месяцаў для тых, хто скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Нагадаю, зараз прызыўнікі служаць адпаведна па паўтара і па году. Пра магчымасьць зьменаў заявіў сёньня ў парлямэнце міністар абароны Леанід Мальцаў. Мальцаў запэўніў, што зараз войска без шкоды для нацыянальнай бясьпекі можа перайсьці да меншых тэрмінаў службы. Што да пераходу войска цалкам на прафэсійную аснову, тут міністар абароны быў больш стрыманы. Ён лічыць, што ўмовы для гэтага “не сасьпелі”. “Нам ад тэрміновай службы адмовіцца нельга, бо мы ня здолеем у патрэбны пэрыяд знайсьці рэзэрвы і давесьці войска да неабходнай колькасьці”, – заявіў дэпутатам Леанід Мальцаў. Пляны зьменаў тэрмінаў службы ён патлумачыў вайсковай рэформай.

Нагадаю, напачатку гэтай рэформы ў 2001-ым годзе ў беларускім войску служыла 83 тысячы вайскоўцаў, зараз, паводле крыніцаў, служыць крыху болей за 60 тысяч. У кіраўніцтве войска кажуць, што не адчуваюць праблемаў з наборам маладых салдат, паколькі зараз на службу прызываюць юнакоў, якія нарадзіліся ў сярэдзіне 80-ых гадоў, калі быў выбух нараджальнасьці. Кожнага трэцяга юнака з розных прычынаў у войска не бяруць, хаця сярод іх большасьць ня супраць служыць, кажуць у ваенкаматах. Паводле супрацоўнікаў ваенкаматаў, адбракоўваюць юнакоў прызыўнога ўзросту ў асноўным з-за дрэннага здароўя. Другой прычынай адтэрміноўкі ёсьць вучоба, а тых, хто адмовіўся ад службы паводле асабістых прычынаў, нібыта адзінкі.

Між тым гэтак ня думаюць беларускія праваабаронцы. Як лічыць намесьнік старшыні Беларускага Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, дзесяткі маладзёнаў адмаўляюцца служыць паводле рэлігійных ці іншых асабістых прычынаў, але гэтыя хлопцы ня могуць скарыстацца альтэрнатыўнай службай і таму хаваюцца, альбо мусяць зьяжджаць з краіны. Зьмяншэньне тэрміну службы на іх не падзейнічае, лічыць Гары Паганяйла.

(Паганяйла: ) “Падобныя варыянты не вырашаюць насьпелага пытаньня пра альтэрнатыўную службу для тых грамадзянаў, якія паводле свайго сумленьня, паводле рэлігійных поглядаў ня могуць служыць у войску са зброяй у рукох. Менавіта для такіх грамадзянаў Канстытуцыя і прадугледзела прыняцьце закону аб альтэрнатыўнай службе, але дагэтуль такога закону няма. Хаця Канстытуцыя была прынятая яшчэ ў 1994 годзе, і праз два гады такі закон мусіў зьявіцца. Атрымліваецца, што ані парлямэнту, ані ўраду, ані міністэрству абароны гэты закон не патрэбны , а людзі ня могуць рэалізаваць сваё права на альтэрнатыўную службу паводле сумленьня і веры”.

Цяперашнія тэрміны службы дзейнічаюць з пачатку 90-ых гадоў мінулага стагодзьдзя, калі зьмянілася ўзроставая структура насельніцтва. Аднак, паводле дэмографаў, спрыяльнае становішча з колькасьцю прызыўнікоў працягнецца ня доўга, і ужо праз 5-8 гадоў пачне адчувацца дэфіцыт моладзі прызыўнога ўзросту. Адмыслоўцы не выключаюць, што тэрміны вайсковай службы прыйдзецца зноў павялічваць, калі войска да таго часу ня стане цалкам прафэсійным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG