Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геі і лесьбіянкі абураныя дзеяньнямі ўладаў


Любоў Лунёва, Менск Прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі “Ліга сэксуальных меншасьцяў” называюць правакацыяй акцыю, якую правялі перад камэрамі дзяржаўных тэлеканалаў невядомыя асобы нібыта ад імя гееў і лесьбіянак на знак падтрымкі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі.

Лідэр аб’яднаньня гееў і лесьбіянак Эдвард Тарлецкі ўпэўнены, што акцыя перад будынкам, дзе адбываўся Кангрэс дэмакратычных сілаў, была заплянаваная ўладамі за некалькі дзён да правядзеньня паседжаньня. У пацьверджаньне гэтага ён спасылаецца на тое, што яму і некалькім актывістам руху за два дні да кангрэсу тэлефанавалі журналісты з інфармацыйных агенцыяў і прасілі выказацца наконт таго, ці падтрымаюць адзінага кандыдата, калі ён будзе выступаць за аднаполыя шлюбы. Журналістам у камэнтары адмовілі.

Раней дзяржаўныя СМІ, як правіла, не зьвярталіся па камэнтары да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў.

“Ліга сэксуальных меншасьцяў” існуе больш за пяць гадоў. Актывісты арганізацыі ладзілі пікеты, падчас якіх распаўсюджвалі інфармацыйныя бюлетэні пра сваю арганізацыю. “Ліга” выдавала свой часопіс “Форум” і правяла конкурс “Трансьмісія”. Пасьля гэтага часопіс пазбавілі рэгістрацыі, а ўсе намаганьні правесьці конкурсы, альбо гей-парады завяршаліся забаронай з боку дзяржаўных структураў.

Міжнародны сакратар арганізацыі Сяргей Тарпачоў зьвярнуў увагу на тое, што асобы, якія перад камэрамі БТ казалі, што падтрымаюць адзінага кандыдата, паводзілі сябе нетыпова для трансвэстытаў. Больш за тое, ніводнага з удзельнікаў акцыі вэтэраны руху сэксменшасьцяў ня ведаюць у твар. Гаворыць Сяргей Тарпачоў:

(Тарпачоў: ) “Ніхто з актывістаў нашай арганізацыі не плянаваў гэтай акцыі і ніякага дачыненьня да яе ня мае. Да таго ж, за некалькі дзён да гэтай акцыі журналістка з “Інтэрфаксу” вельмі цікавілася пытаньнем, ці падтрымаем мы адзінага кандыдата, калі ён будзе выступаць за аднаполыя шлюбы ў кантэксьце эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Мы адказалі, што чакаем ад адзінага кандыдата ад апазыцыі, стварэньня ўмоваў для захаваньня правоў чалавека, у тым ліку і ў дачыненьні да правоў усіх меншасьцяў, як сэксуальных, так і да нацыянальных, ды іншых. Увогуле, гэтая правакацыя была разьлічана на нясьпелае грамадзтва і на людзей, якія яшчэ не свабодныя ад гамафобіі ды іншых фобіяў”.

Паводле неафіцыйных крыніцаў, перад камэрамі беларускага тэлебачаньня абдымаліся і цалаваліся пазаштатныя акторы, якія здымаюцца ў масавых сцэнах на “Беларусьфільме” і часам прапануюць свае паслугі ў тэатрах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG