Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як камэнтуюць вынікі кангрэсу ва ўладных структурах?


Алесь Дашчынскі, Менск Дзяржаўныя тэлеканалы і афіцыйная агенцыя навінаў БЕЛТА не падалі вынікаў Кангрэсу дэмсілаў і факту абраньня адзіным кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча. Нікому з прэтэндэнтаў на гэтае званьне, як і самому Мілінкевічу, гэтыя мэдыі не далі слова. Як распавядалі пра кангрэс дзяржаўныя мэдыі і як успрымаюць яго вынікі афіцыйныя ўлады Беларусі?

Дзяржаўныя тэлеканалы пра хаду Кангрэсу дэмакратычных сілаў і ягоныя вынікі не паведамілі. Асьвятленьне імі гэтага форуму зьвялося да паказу прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў, якія нібыта зьвярнуліся да дэлегатаў з просьбай узаконіць аднаполыя шлюбы. Таксама паведамлялася, што рэпэтыцыя кангрэсу быццам бы адбылася ў Вільні, пад эгідай НАТО.

Пры такім асьвятленьні кангрэсу ў дзяржаўных мэдыях нават афіцыйныя асобы спасылаюцца на дэфіцыт інфармацыі. Старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў так выказаўся наконт адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча:

(Папоў: ) “Грамадзтву ён мала пакуль вядомы. І, канечне, пра ягоныя справы яшчэ цяжка большасьці жыхароў нашай краіны меркаваць, што ён будзе прапаноўваць. Ну, гэта яшчэ трэба пачуць, убачыць праграму, даведацца, чым ён дыхае, пачуць яго”.

На маё пытаньне, чаму ж афіцыйныя мэдыі не далі магчымасьці пачуць адзінага кандыдата, спадар Папоў адказаў:

(Папоў: ) “Гэтыя ж пытаньні не да мяне. Вы ім і адрасуйце, калі ласка, гэтае пытаньне. Ёсьць кіраўнікі інфармацыйных сродкаў”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік адзначыў, што апазыцыйныя палітычныя партыі нарэшце задумаліся пра неабходнасьць удзелу ў выбарах. Паводле Лазавіка, барацьба за ўладу канстытуцыйным шляхам — самае галоўнае прызначэньне любой партыі.

(Лазавік: ) “Таму тое, што такі кангрэс адбыўся — гэта зусім нармалёвая зьява. Гэта адзін з элемэнтаў стратэгіі апазыцыйных сілаў. Наколькі гэта правільны крок, пакажа выбарчая кампанія”.

Спадар Лазавік палічыў некарэктным пытаньне, пры якіх умовах будзе зарэгістраваны адзіны кандыдат.

(Лазавік: ) “Умовы выкладзеныя ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. І ніхто гэтых умоваў мяняць не намерваецца”.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў заявіў “Інтэрфаксу”, што ў адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча “няма ніводнага працэнта рэйтынгу, таму што гэтага чалавека ніхто ня ведае”. Паводле Канаплёва, ён не складзе дастойнай канкурэнцыі А.Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах.

Такой жа думкі трымаецца і старшыня сэнатарскай камісіі Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Не, хутчэй за ўсё, ніякага шанцу ў яго няма. Народ яго наагул ня ведае. Большасьць народу, канечне, ужо вызначылася са сваім кандыдатам. Гэта Аляксандар Лукашэнка. Мілінкевіч — гэта, як кажуць, кароткія завароткі, каб вырашаць агульнадзяржаўныя пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG