Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: На кангрэсе дэмакратычных сілаў панавала “нетыповая для дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі сытуацыя”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня вядучыя польскія газэты пішуць пра Кангрэс дэмакратычных сілаў у Менску ды пра асобу Аляксандра Мілінкевіча, які быў абраны адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары ад дэмакратычных сілаў.

“Кангрэс дэмакратычных сілаў, што адбыўся ў мінулыя выходныя ў Менску быў вялікім посьпехам антылукашэнкаўскай апазыцыі, і, сярод іншага, дадаў энэргіі і аптымізму ўдзельнікам форуму”, - піша ў сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza”. Іншыя газэты таксама падкрэсьліваюць надзвычайнае значэньне Кангрэсу і сталасьць беларускай апазыцыі, якая, нягледзячы на падзелы і ідэалягічныя разыходжаньні змагла абраць адзінага кандыдата, але падкрэсьліваюць, што абраньне адзінага кандыдата гэта толькі пачатак цяжкага і небясьпечнага змаганьня.

“Гэтае змаганьне пачалося адразу”, -- адзначае “Gazeta Wyborcza”, падаючы прыклады асьвятленьня Кангрэсу дзяржаўным тэлебачаньнем, якое, паводле газэты, “часта карыстаецца рознымі “фокусамі” каб ачарніць беларускую апазыцыю”.

“Rzeczpospolita” адзначае, што на кангрэсе дэмакратычных сілаў панавала “нетыповая для дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі сытуацыя”, бо перад будынкам, дзе адбываўся форум, “не было кардонаў міліцыі і спэцслужбаў, а хаду кангрэсу маглі без перашкодаў асьвятляць замежныя журналісты”.

Польскія газэты падкрэсьліваюць, што Аляксандар Мілінкевіч – ганаровы сябра Саюзу палякаў Беларусі, але ня хоча, каб яго абвінавацілі ў прапольскай палітыцы.

“У часе кангрэсу Мілінкевіч нагадаў журналістам, што ў міжваенны час ягоны бацька сядзеў у польскай турме бо змагаўся за беларускамоўную адукацыю. Адразу пасьля абвяшчэньня перамогі, Мілінкевіч выйшаў на сцэну разам з жонкай, якой падзякаваў за свае посьпехі. Экспэрты кажуць, што ў такі спосаб ён падкрэсьлівае сямейныя вартасьці і “парушае правілы Лукашэнкі”, які ня любіць паказвацца з жонкай”, -- напісаў аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG