Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары Кангрэсу і кандыдаты заяўляюць пра сваю гатовасьць


Валер Каліноўскі, Менск Напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сіл, які пройдзе 1–2 кастрычніка ў Менску ў Палацы культуры МАЗ, кіраўнікі партыяў "Дзясяткі" і чатыры прэтэндэнты на званьне адзінага кандыдата ад апазыцыі на выбарах прэзыдэнта 2006 года, правялі супольную прэсавую канфэрэнцыю, на якой пацьвердзілі сваю еднасьць і гатовасьць прапанаваць рэальную альтэрнатыву дзейнай уладзе на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.

Кіраўнік аргкамітэту Кангрэса дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандар Бухвостаў паведаміў, што падрыхтоўка форума пасьпяхова завяршаецца, пакуль нейкіх сур''ёзных арганізацыйных праблем няма. На кангрэс дэмакратычных сіл маюць прыехаць 940 дэлегатаў з усёй Беларусі і каля 300 гасьцей, у тым ліку запрошаныя каля ста палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў з-за мяжы.

Як паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька , шэраг дэлегатаў з рэгіёнаў маюць праблемы з адміністрацыямі сваіх прадпрыемстваў ці ўстановаў:

(Лябедзька: ) “Вельмі многім людзям, хто працуе ў дзяржаўных установах, пастаўленыя працоўныя дні. Нават тады, калі ў іх былі выходныя. Людзі пакуль выкручваюцца з гэтай сытуацыі, у пэўнай ступені нечым рызыкуюць”.

Ніхто зь беларускіх уладаў на кангрэс не запрошаны, але спадар Бухвостаў не выключыў, што калі будзе нейкая заяўка зь іх боку, то яна будзе разгледжаная.

Толькі сёньня вырашылася праблема з акрэдытацыяй на кангрэс беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў. Першапачаткова арганізатары меркавалі, што акрэдытуюць БТ, ОНТ, СТБ, толькі калі тыя пойдуць насустрач просьбам лідэраў "дзясяткі" і дазволяць ім выказаць у сваім эфіры меркаваньні пра мэты і задачы Кангрэсу. Прычына такога звароту – недавер дэмакратычнай апазыцыі да дзяржаўных тэлеканалаў. Гаворыць лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Сёньня дзяржаўныя беларускія мас-мэдыі не выконваюць свае функцыі, зьяўляючыся па-сутнасьці інструмэнтамі прапаганды, чорнай і лжывай.”

Як і чакалася, ніхто з кіраўніцтва дзяржаўных тэлеканалаў не пайшоў насустрач апазыцыі. Урэшце, прэсавая служба кангрэсу вырашыла акрэдытаваць дзяржаўныя тэлеканалы, калі будуць адпаведныя звароты ад іх кіраўніцтва. Усяго ж на кангрэсе акрэдытавана болей за 100 журналістаў з Беларусі, Польшчы, Расеі, Францыі, Нямеччыны, Швэцыі і іншых краін.

Пад час прэсавай канфэрэнцыі чатыры прэтэндэнты на званьне адзінага кандыдата: Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Станіслаў Шушкевіч фактычна выступалі адзінай камандай.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што на гэты момант яшчэ працягваецца падрыхтоўка да падпісаньня імі шэрагу палітычных пагадненьняў наконт таго, як будзе ажыцьцяўляцца іх супольная праца пасьля кангрэсу, калі хтосьці зь іх выйграе ў гэтым суперніцтве. Аляксандар Мілінкевіч прызнаў, што канкурэнцыя паміж імі сапраўды ёсьць:

(Мілінкевіч: ) “Канкурэнцыя безумоўна ёсьць. Яна натуральная, таму што гэта палітычная барацьба, але для мяне, напрыклад, намнога лягчэй сёньня кантактаваць сёньня з усімі канкурэнтамі, таму што я іх разумею, я думаю, што мы будзем адзінай камандай.”

Станіслаў Шушкевіч назваў канкурэнцыю паміж прэтэндэнтамі канструктыўнай:

(Шушкевіч: ) “Навучыліся канкураваць цывілізаваным спосабам, няхай бы ў дзяржаве навучыліся так канкураваць зь іншымі прадстаўнікамі, непрызначанымі”.

Анатоль Лябедзька зазначыў, што супольная праца па падрыхтоўцы кангрэсу паспрыяе далейшаму супрацоўніцтву пад час выбарчай кампаніі і перадасьць адпаведны настрой на месцы.

Сяргей Калякін заявіў, што усе ўдзельнікі "дзясяткі" ўжо сёньня гатовыя выконваць рашэньні, якія будуць ухваленыя кангрэсам.

Хто з замежных гасьцей прыедзе заўтра на кангрэс дэмсілаў у Менск, арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце, за выключэньнем таго, што было названае прозьвішча кіраўніка расейскага Саюза правых сіл Мікіты Белых. Але як прызнаў лідэр БНФ Вінцук Вячорка, відавочна, што замежных гасьцей будзе ня так шмат, бо запрашэньні былі разасланыя толькі 10 дзён таму, паколькі раней не было яснасьці зь месцам правядзеньня кангрэса. Як вядома, 54 дамы культуры Беларусі адмовілі арганізатарам, пакуль справу не ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG