Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец прыехаў з “хіміі” на 5-дзённы адпачынак (абноўлены)


Браніслава Станкевіч, Віцебск Асуджаны на два гады “хіміі” Павал Севярынец прыехаў у Віцебск на 5-дзённы адпачынак. Да наступнага панядзелка ён будзе дома, бо ня мае права пакідаць межы гораду, а потым мусіць вярнуцца ў вёску Малое Сітна на Полаччыне, дзе цяпер адбывае пакараньне, прысуджанае за арганізацыю масавых акцыяў пратэсту ў Менску.

Кожны зьняволены на “хіміі”, які працуе і не парушае грамадзкі парадак, мае права на адпачынак раз на месяц. Павал Севярынец, які адбывае пакараньне пры Ветрынскай спэцкамэндатуры, правёў ва ўмовах абмежаваньня волі першыя паўтара месяцы. За гэты час ад яму ўдалося дамагчыся дазволу на наведваньне царквы ў Полацку і асвоіць спэцыяльнасьць штабялёўшчыка на лесаскладзе каля чыгуначнае станцыі Алёшча, каля самае мяжы з Расеяй.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Гэта, мажліва, той “пернік”, як ў камплекце з “пугаю”: вось, маўляў, заслалі на беларускую “калыму”, а цяпер адпусьцілі. Але ў наступны раз могуць і не адпусьціць, так што глядзі! Прычапіцца, у прынцыпе, могуць там хоць да чаго: да бел-чырвон-белага значка, да таго, што вядзеш палітычныя гутаркі з працаўнікамі лесаскладу або зь вяскоўцамі. Але пакуль, акрамя таго, што кажуць “Не агітуй!”, і папярэджаньняў некалькім людзям, каб ня мелі са мной стасункаў, іншых прэтэнзіяў да мяне няма”.

З апошніх падзеяў свайго жыцьця ў вёсцы Малое Сітна Павал распавёў пра тое, што атрымаў першы заробак: пасьля адліку падаткаў і грошай за харчаваньне ў сталоўцы на рукі атрымалася каля 40 тысяч рублёў. Праца штабялёўшчыка на лесаскладзе лічыцца фізічна цяжкай і нізкакваліфікаванай, але Павал жартуе, што на волі за “накачку” мышцаў у спартовай залі людзі плацяць вялікія грошы, а яму гэтая выгода дастаецца дарма, ды яшчэ зь невялікім прыбыткам. А калі казаць сур''ёзна, то працу яму выбіраць не давялося: гэта зрабілі за яго ў спэцкамэндатуры, вызначыўшы заадно і месца, – дзе няма ніводнага газэтнага шапіка, а найлепшая мабільная сувязь – на 16-мэтровым кране лесапункту.

Перад самым ад''ездам у Віцебск Павал пераехаў з хаты, дзе жыў часова, у адрамантаваны інтэрнат для “хімікаў”. Гэта вялікая драўляная аднапавярховая будыніна, праўда, з паравым ацяпленьнем. Усе іншыя "выгоды" – у двары. Жыць у адным пакоі давядзецца з двума суседзямі – маладымі хлопцамі. Пазнаёміцца пакуль давялося толькі з адным, які адбывае тэрмін за нанясеньне цялесных пашкоджаньняў. Ёсьць яшчэ дробныя злодзеі і тыя, хто не плаціў аліменты. Павал гаворыць, што злачынцамі яны сталіся з-за ўмоваў тутэйшага жыцьця. Для іх, а таксама для вяскоўцаў з Малога Сітна ён зноў зьбіраецца прывезьці зь Віцебску цэлую валізу кніжак ды газэт.

(Севярынец: ) “Гэтыя людзі гадамі ня бачылі ані газэціны, ані кніжкі – тэлевізар быў адзінай крыніцай інфармацыі. Гэта людзі найчасьцей апалітычныя, у першую чаргу таму, што іх увесь час падманвалі, замоўчвалі ўсе праявы грамадзка-палітычнага жыцьця. І часам яны кажуць: “Паша, выходзь, правядзі “палітінфармацыю”. Тыя факты, якія ўладам ўдаецца замоўчваць – гэта апазыцыйная дзейнасьць, падрыхтоўка да Кангрэсу дэмакратычных сілаў – выклікаюць усё большую цікаўнасьць, неабыякавасьць. Вось у гэтым накірунку і даводзіцца працаваць.”

Кангрэс Дэмакратычных сілаў, які адбудзецца ў гэтыя выходныя 1-2 кастрычніка, адкрыецца запісам выступу Паўла Севярынца перад дэлегатамі. Сам ён тым часам будзе знаходзіцца ў Віцебску пад падпіскай аб нявыездзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG