Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў сёньня скончыў сваю працу


Альгерд Невяроўскі, Менск Яго сябры гавораць, што тэхнічна да форуму ўсё падрыхтавана найлепшым чынам. У Менск пачалі прыяжджаць замежныя госьці кангрэсу.

Пра тое, што аргкамітэт цалкам гатовы да правядзеньня кангрэсу, паведаміў яго сябра Ўладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Аргкамітэт сёньня скончыў сваю працу, адбылося апошняе паседжаньне — мы гатовыя. Прызнаныя паўнамоцтвы амаль усіх дэлегатаў — гэта больш за 930 чалавек. Усё ў парадку. Арганізавалі залю, цяпер ідзе апошняя рэкагнасцыроўка на месцы. Ахова ў нас падрыхтаваная, усе групы. Тэхнічна мы гатовыя праводзіць кангрэс хоць празь пяць хвілінаў”.

Запрашэньне прыехаць на Кангрэс дэмакратычных сілаў было накіравана 88 асобам у замежжы. Як паведаміла сябра аргкамітэту кангрэсу Марына Багдановіч, сваю прысутнасьць на форуме ўжо пацьвердзілі прадстаўнікі дваццаці амбасадаў замежных краінаў, а таксама трыццаць замежных гасьцей. У Менск прыехалі прадстаўнікі Эўрапейскай народнай партыі, Вугорскай партыі ў Славаччыне, прадстаўнікі расейскай партыі “Яблоко”, госьці з Італіі. Чакаецца прыезд дэпутатаў Эўрапарлямэнту, а таксама Сэймаў Польшчы і Літвы.

Сябры аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў пакуль ня ведаюць, ці ўсе замежныя госьці здолеюць за кароткі тэрмін атрымаць беларускія візы. Яны зьвярталіся да ўладаў з просьбай арганізаваць выдачы візаў непасрэдна ў менскім аэрапорце, але адказу пакуль не атрымалі.

У аргкамітэце некалькі дзён таму зьявіліся зьвесткі, што ў некаторых рэгіёнах на асобных прадпрыемствах 1 кастрычніка зрабілі працоўнай суботай. Пытаньне, колькі дэлегатаў прыедзе заўтра ў Менск, я задаў намесьніку старшыні аргкамітэту кангрэсу Аляксандру Дабравольскаму:

(Дабравольскі: ) “Абсалютная большасьць, прыкладна 90%, пацьвердзілі, што будуць. Хто здолее прыехаць, у каго будуць праблемы — мы пабачым заўтра. І я думаю, хутчэй за ўсё, будзе ня менш 80% дэлегатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG